Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

– Федэрацыя? – спытаў Дамброўскі.– Магчыма.– Незалежнасць? – спытаў Падлеўскі.– Народы вырашаць гэта самі.– Якія народы? – быццам непаразумела спытаў Авейдэ.– Грамадзянін глухі? – спытаў Хвэлька. – Беларусы і літоўцы. Дзе нацыі, якія жывуць на землях...– Якая беларуская нацыя? – спытаў Ямант, удаючы недасведчанасць.– Ніколі не чуў? – спытаў Алесь.– Чаму. Я чуў і аб беларусах і аб літоўцах, але заўсёды лічыў іх галінамі польскага племені. Мова – дыялект польскай.– Ты б паспрачаўся аб гэтым з шаноўным панам нябожчыкам Уваравым, - іранічна сказаў Віктар. – А мы тым часам займаліся б сваёй справай. Нам вашу лухту слухаць няма часу.Зграбныя, доўгія Віктаравы пальцы трымалі невялічкую няяркую кніжку ў папяровай вокладцы.– Я заўсёды лічыў, што гэта дыялект непісьменных, – сказаў Ямант.У той жа момант кніжка пляснулася яму на калені.– Дыялект непісменных, – сказаў Віктар. – На, панюхай, гэта “Дудар беларускі” Дуніна-Марцінкевіча.– Не бачу ў гэтым асаблівай небяспекі.– А Кукальнік1 бачыць. Вясной забараніў яго паэму “Халімон на каранацыі”.– Гэта яшчэ не доказ, – Ямант адкінуў кнігу на сафу. – Адзін паэт – гэта не нацыя.– Ва ўсякім разе, рана яшчэ гаварыць аб нейкай асобнасці, – сказаў Звяждоўскі. – Нічога не зроблена вамі, хлопцы. І, я мяркую, паколькі пачатак вашага племені вядзецца здаўна – ёсць у вашым характары нейкая хіба. Нічога не зрабіць за семсот год – гэта трэба ўмець. А калі няздатныя – падпарадкоўвайцеся.Алесь спалохаўся, убачыўшы твар Віктара. На запалых шчоках, плямамі, нездаровая чырвань, дрыжаць вусны, гараць з-пад чорных брывоў сінія, з залатымі іскрамі вочы....У наступную хвіліну старэйшы Каліноўскі накінуўся на апанентаў. Ён сек, хвастаў, не пакідаў каменя на камені, не даваў дыхнуць.Трэсліся вусны, падступаў аднекуль да горла кашаль, мяккія вочы ўтрапёна палалі. Нельга было не загледзецца на яго ў гэтую хвіліну.– А Кірыла Тураўскі, а паданні? А тое, што наша друкаваная “Біблія” з’явілася раней, чым у многіх у Еўропе? А тое, што законы Статута літоўскага склалі мы? А тое, што Польшча сто год судзілася законамі, напісанымі на нашай мове, а калі пераклала іх, то пакінула ўсе нашы тэрміны і адсылала тых, хто не разумее іх, да арыгінала? А тое, што рукапіс меж паміж Польшчай і Літвой, які даследчыкі лічаць польскім, напісаны беларускай гаворкай? А тое, што трыста год мовай княства была беларуская мова?..– У Статуце сказана не так...– Ведаю. Чацвёрты раздзел, першы артыкул Статута. А якія, вы лічыце, гэта словы: “пісар маець”, “літарамі”, “позвы”, “не іншым языком і словы”?– Рускія словы, – рэкнуў Ямант.– Віншую, – з’іранізаваў Валеры.– З чым?– З добранабытай дурасцю, – сказаў Дамброўскі.– А гэта што? – усміхнуўся Віктар. – “Заказала яму пад горлам, абы таго не казаць”, “беглі есмо да двара на конех”, “на ўрадзе кгродскім пінскім жалаваў, адпавядаў і пратэставаў се земляны павету Пінскага...”. Тры сказы – тры стагоддзі. Тры сказы – тры мясцовасці. А мова адна. Чаго яшчэ трэба? А Будны? А старажытны іканапіс?! Алесь, Юзаф тваёй дысертацыі не слухаў. Торкні яго носам... Продкі думалі не так.– Адкуль вы ведаеце, як яны думалі? – спытаў Людвік.– Вам ніколі не даводзілася перамалёўваць факсіміле? – спытаў Віктар. – Але што я, вы афіцэр, ваша рамяство – вайна. А шкада... Часам у старым рукапісе трапляецца неразборлівае месца. Для выдання яго трэба дакладна скапіраваць. І вось водзіш рукою, паўтараючы лініі, і раптам ловіш сябе на думцы, што ўсё, ўсё разумееш. Таму што твая рука паўтарае рухі рукі чалавека, які жыў за трыста год да цябе. Так і з падспуднай думкай продка, за якой сочыш, чытаючы стары рукапіс.