Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

– Цікава, – з нечаканай сур’ёзнасцю сказаў Баброўскі.– І нават каб нічога такога не было – адно адчуванне намі сваёй радзімы дае нам права на адпор афіцыйным патрыётам, – румянец плямамі ўспыхваў і згасаў на шчоках Віктара. – Што ж гэта за думка ў іх?! Хто яны?! Шляхта ў самым горшым сэнсе гэтага слова!.. Але вось яны, – Віктар абвёў вачыма сяброў, – і сотні іншых пацвердзяць, што мы супраць Польшчы магнатаў і за Польшчу простых людзей. Чые думкі выказваеш, Ямант? Думкі Веляпольскага?.. Выказвай, змыкайся з “правіцай” белых! Але ведай: мы для Веляпольскага і К° – не вотчына і не хлопы. Досыць з нас рабства... Братэрства, так, але не падначаленне! Роўнасць, і ні на волас ніжэй!– Гэта сепаратызм, – успыхнуў Ямант. – Гэта заўчасны гандаль, гэта нож у спіну.Віктар трымаў руку на грудзях:– Наш Савіч дзейнічаў поплеч з Канарскім, і ніхто не кінуў яму папроку ў нявернасці і здрадзе. Мы – верныя людзі.Сухі пакутлівы кашаль раздзёр ягоныя грудзі. Ён кашляў у хустку так, што Алесь з жахам чакаў: вось-вось з’явяцца чырвоныя плямы.– Ямант, кінь, – сказаў Стэфан Баброўскі. – Ты што, не бачыш?– Толькі не шкадаваць, – праз кашаль гнеўна пракрычаў Віктар. – Толькі не шкадаваць!– Хто за адмаўленне ад правоў на ўскраіны? – спытаў Зыгмунт.Акрамя крайняй “левіцы” беларускіх чырвоных узнялі рукі Урублеўскі, Дамброўскі, Стэфан Баброўскі і потым, зірнуўшы на Віктара, Зыгмунт Падлеўскі. Устрымаліся Авейдэ, Звяждоўскі і Серакоўскі. Рашуча супраць быў Ямант.– Супраць – адзін.– Два, – з клёкатам сказаў Віктар.– Хто яшчэ?– Падлеўскі! Пішыце і яго супраць. Мы тут не літасць вымольваем. Мы патрабуем тое, што нам належыць.Кастусь, увесь пацямнелы з твару, глядзеў на Серакоўскага і чакаў:– За што ж стаіш ты, Зыгмунт?Серакоўскі глядзеў яму ў вочы спакойна і шчыра.– Не за калонію.– А аб’ектыўна?Віктара ўсё яшчэ біў кашаль.– За канфедэратыўную дзяржаву. За непадзельную Польшчу, у якую на роўных правах з палякамі ўвайшлі б беларусы, літоўцы і ўкраінцы... Мы не маем права паслабляць паўстанне, Кастусь.– А ўсё ж робіце гэта.– Чым?– Словам “непадзельная”, – цяжка варухнуў сківіцамі Кастусь. – Чым ты тыды адрозніваешся ад белых?– Ну, ведаеш...– Што “ведаеш”? – Твар Кастусёў скамянеў, асіметрычныя вочы гарэлі халодным агнём. – Ваяводствы Мазавецкае, Кракаўскае, Літоўскае, Люблінскае, Беларускае, Украінскае. – І, нібы страшэнную поўху, кінуў: – Можа, яшчэ Крымскае? Цікава, што сказаў бы на гэта твой друг Шаўчэнка?Зыгмунт сцепануўся.– Чым ты адрозніваешся ад белых з гнюснай ідэяй “адзінай і непадзельнай”? Чым ты адрозніваешся ад...– Кастусь...– Я даўно Кастусь. І я ведаю, што пры словах “непарушны”, “непадзельны”, “адзіны”, калі іх гаворыць мацнейшы, сапраўдных людзей цягне разбіць непадзельнасць, разбурыць непарушнасць. Бо гэта замаскаваны ланцуг рабства.Вочы ў Кастуся былі ўтрапёныя. Аблічча палала.– Гэта не нож у спіну. Проста лепей загадзя дамовіцца аб усім, каб цвёрда ведаць, на што спадзявацца. Бо калі вам другараднае становішча – гэта большая ці меншая непрыемнасць, то ў нас пытанне стаіць іначай. Або воля, або не жыць.– Я не пратэставаў, – сказаў Серакоўскі, – я ўстрымаўся. На маю думку, павінна быць так , але я нікому не навязваю гэтага. Я нават нікому не буду гаварыць пра яе. – Госас Зыгмунта гучаў суха: – Згода. Значыць, мы павінны пашырыць гэты погляд, прыняты цяпер большасцю рады, сярод памяркоўных і весці за яго спрэчку з белымі.