Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

– Сорам! – выгукнуў Ямант. – Гэта падрыў агульнай моцы, грамадзянін Серакоўскі.– Узаемадапамога! – сказаў Мілевіч.– Сепаратызм! – сказаў Звяждоўскі.Алесь зразумеў: нервовасць Кастуся можа сапсаваць справу. Прыйшоў час умяшацца:– Большасць люзей не разумее, што прымусовасць, другараднае становішча, ланцуг – гэта вечная міна пад еднасцю, што ў такім стане нават між братамі расце пачуццё варожасці, а часам і нянавісці. Самастойнасць і магчымасць распараджацца сабою як хочаш – вось найлепшы грунт для братэрства.– Чую, чым тут пахне, – сказаў Ямант пасля паўзы. – Рабесп’ераўшчынай, Дэмбоўскім, галіцыйскімі хлопамі, што пілавалі паноў піламі, Чарнышэўскім... Вось адкуль яны і ідуць, вашы крайнія, пачварныя погляды. З дому на Ліцейным.– Якога? – спытаў Баброўскі.– Што насупраць міністра дзяржаўных маёмасцяў. З дому гэтага карцёжніка, што піша вершыкі аб народзе, а сам нажыў маёнткі, і нават міністр унутраных спраў кажа, што ён не рэвалюцыянер, бо мае грошы.Кастусь устаў. У яго пасмыкваліся вусны і шчака, дрыжала левае павека:– Юзаф, маўчы, Юзаф, не даводзь. Чалавек, які... усё жыццё... Чалавек, які... напалову паляк і спачувае вам. Як табе не сорамна?І сеў, дзіўна, як не сваімі рукамі, заграбаючы паветра. Запанавала цяжкае маўчанне.– Прашу слова, – сказаў у цішыні Алесь.Серакоўскі зрабіў запрашальны жэст.– Я прапаную выключыць студэнта Яманта з рады і “Агула”, – кінуў Алесь. – Я прапаную таксама папярэдзіць усе нізавыя арганізацыі, каб яны не ўздумалі выказваць Юзафу Яманту давер, калі не хочуць варожасці і, магчыма, правакацый...– Ты што? – усміхнуў Кастусь.– Раю не ўмашвацца.– Я вас удару, Загорскі, – сказаў Юзаф. – Не раю. Прапаную выключэнне.– Падстава? – спытаў Звяждоўскі.– Яднанне.– Ясней.– Наш трыумф у яднанні. Яднанні з левымі элементамі, якой бы нацыі яны ні былі: палякі, украінцы, рускія, літоўцы, курляндцы... – Ён гаварыў як адсякаючы кожнае слова. – І таму мы павінны з павагай ставіцца да кожнай нацыі, не абражаць яе старой варожасцю, недаверам, сумненнем у яе рэвалюцыйных сілах. Іначай – пагібель. Усе паўстанні грашылі гэтым і гінулі. Відаць, шляхецкіх нацыяналаў гэта нічаму не навучыла... Ты паставіш, урэшце, маю прапанову на галасаванне, грамадзянін Серакоўскі?– Стаўлю...Ямант абводзіў усіх вачыма і ўрэшце зразумеў: вочы большасці не абяцалі літасцівага рашэння.– Хлопцы... – сказаў ён, – хлопцы, як вы можаце? – Голас яго дрыжаў. – Хлопцы, я аддам за паўстанне жыццё!Усе маўчалі. І тады Юзаф усхліпнуў ад хвалявання.– Хлопцы, я ніколі не думаў...– Думай, – сказаў Валеры.– Я абавязкова буду думаць. Не адбірайце ў мяне права загінуць за радзіму... Я хачу гэтага... Я не магу без вас... Хлопцы, што я, Юда?.. Хлопцы, даруйце мне!!!Цяпер усе глядзелі на Алеся.– Выключэнне, – кінуў Алесь.– Алесь, ты нялітасцівы, – азваўся Віктар.– Як ты можаш? – спытаў Вярыга.Маўчанне.– Ты што, не бачыш? – сказаў Кастусь. – Ён малады, ён дурань.У хваравітых вачах Яманта стаялі слёзы.– Я не буду страляцца, хлопцы, – сказаў Ямант. – Мне нельга без гэтай справы, але я не застрэлюся. Гэта нізка для сына радзімы. Але я клянуся вам, я пайду і высачу кагосьці з сатрапаў і стрэлю, а потым дам сябе схапіць... Вазьмі сваю прапанову назад, Алесь... Даруй мне, чуеш?Загорскі глядзеў у вочы Віктару. Ён ведаў: хлопцы дзеля пачуцця еднасці падтрымаюць яго, але Віктар будзе потым пакутаваць. І хаця ён не лічыў правільным папускаць Яманту, Алесь уздыхнуў.