Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

– Добра, – глуха буркнуў ён. – Я не буду ставіць гэтага пытання. – Не таму, што змяніў сваю думку, а таму, што...– Мы лічым, што ты маеш рацыю, грамадзянін, – сказаў Валеры.– Вы лічыце. Але яны унь не лічаць, – Алесь паказаў на крайніх “левых”. – Няхай будзе так.– Добра, – сказаў Серакоўскі. – Значыць, так і запішам: “Аўтаномія, федэрацыя ці поўная самастойнасць – вырашаць пасля перамогі самі народы, у прыватнасці беларускі народ”. – І раптам дадаў: – А гулянне ў Пецергофе было сёлета дрэнь.Алесь азірнуўся і ўбачыў: у дзвярах стаяў гаспадар.– Час канчаць. Праз палову гадзіны будзе повен дом людзей.– Згода, – сказаў Зыгмунт.Дзверы зачыніліся....Загорскі і Кастусь выйшлі з курыльні ў вялікую гасцёўню. Там было поўна, але яны не ведалі ў твар амаль нікога. Алесь глядзеў на сябра няўхвальна: усё аблічча Кастуся пайшло дробнымі чырвонымі плямамі, бы ад крапіўніцы.– Нервы ў цябе, Кастусь.– Ведаеш, месяц назад са мной здарылася страшнае: абвастрэнне хваробы.– Якой? Ты мне нічога...– Ды я думаў, усё прайшло. У мяне некалькі год назад былі прыступы.– Эпілепсія?– Не. Проста раптам нібы скуру дзерлі. Кожны нерв у целе аголены. Баліць.Кастусь гаварыў глуха і хаваў вочы.– Баліць. Разумееш, ад самай нязначнай прычыны баліць. Ад хлусні – баліць, ад двудушнасці – баліць.– Што, непрыемна?– Не. Фізічна баліць. Разумееш, ад самай нязначнай крыўды каму-небудзь. Ад дробязей. Некалькі дзён назад стаю ля Нявы. Бачу, бяздомны сабака выдзер у дзяўчынкі з рук піражок. Дзяўчо бедненькае, галоднае, відаць. Стаіць і плача. І так мне сатла – ты толькі не кажы нікому – і дзяўчынку шкада, і сабаку шкада. Проста – ну, аж сэрца кроіцца! Галоўнае, сабака не адбегся далёка, так і глынуў у падваротні. А дзяўчо плакаць не можа голасна, як здаровыя дзеці. Разумееш, стаіць і, як у нас кажуць, квіліць... Ну, лухта ж гэта, тым больш – я купіў ёй піражок... Дык нa табе – другі купіў і кінуў сабаку, а ён завішчаў і бегчы, нібы я ў яго... каменем.Кастусёў твар раптам нагадаў Алесю твар дзіцяці.– І вось амаль што спаць не магу. Як успомню: божа ты мой! Ну хоць бы дзяцей у двары сірочага дому ці старых на лавачцы, на бульвары, а то малпу ў балгарына-катрыншчыка... Далонька, ведаеш, дзіцячая, зморшчаная. І клятчастая сукенка на ёй... Як успомню – нібы гэта я за вольтаў слуп ухапіўся... У мяне... з якога?.. ага, з пятага кастрычніка галюцынацыі. Нібы стаіць нехта фіялетавы і тоўсты. І нічога ў яго няма, акрамя аднаго залатога вока. Стаіць ды краямі сваёй грубой мантыі варушыць. І нібыта хоча есці людзей, не ведаю ўжо якім чынам. А паўз мяне ідуць, ідуць. Маці-нябожчыца без аблічча, ты ў рызманах, Віктар, дзяўчынка з пірагом, сабака... Усе, каго ў жыцці бачыў... І глядзяць... Кожную ноч так.Алесь спалохаўся. Узяў сябра за грудзі, моцна страсянуў. Каліноўскі здрыгануўся.– Даруй, мілы, – сказаў ён. І дадаў пасля паўзы: – Памятаеш, сказаў Вежы, што на мой век нерваў хопіць. Баюся, не хопіць. Толькі б гэта здарылася пасля... калі ўжо ў кожнага будзе па пірагу.– Шкада, што ты не ў мяне, – назнарок груба сказаў Алесь. – Я б табе за твае фантазіі... Пойдзеш сёння да мяне.– Нашто?– Буду даглядаць. Па-першае, кожны вечар перад сном дзве гадзіны хадзіць. Па-другое, піць адвар. Аглая дасць. Па-трэцяе, “тройчы дзевяць”, настой траваў на гарэлцы. Па-чацвёртае – халодныя ванны два разы на дзень.Грубаваты і ўпэўнены тон зрабіў, здаецца, патрэбнае ўражанне.