Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

– Медык, – сказаў Кастусь.– А што? І медык. Чытаць толькі вясёлае. Есці біфштэксы. Спыць класціся з курамі... Сур’ёзна, сур’ёзна, Кастусь... І яшчэ: закахацца табе трэба... Ну, гэта, урэшце, як хочаш. Але які месяц я цябе не адпушчу.Да іх падышоў Віктар, і Алесь змоўк, Алесева сэрца аблівалася крывёй за братоў.– Слухай, Алесь, - сказаў Віктар. – Кастусь казаў, што ты заместа поўнага вызвалення прапанаваў свайму бацьку нейкія ліберальныя ваніты. Нейкую канкурэнцыю з мужыком, цукроўні, гуты, трасцу... Ты што, ад нас адмяжоўваешся? – вочы ў Віктара былі бліскучыя, відаць, ад лёгкай гарачкі.– Кінь, – сказаў Алесь. – Трэба мне даць бацьку нешта, за што можна было б змагацца афіцыйным шляхам? Ці ён павінен быў нашу праграму высунуць: зямлю – сялянам, цара з чыноўнікамі ды злоснымі прыгоннікамі – на асіну, мову – у школы, папоў – са школ. Ты гэтага хацеў?– Ну... як... Н-не тое, вядома...– А потым, нічога не зрабіўшы, юкнуць, як у палонку? За меншае людзей у Сібір заганялі... Я, Віктар, не думаў так, як прапаноўваў. Але пакуль народ на паўстанне не пайшоў – трэба рабіць хоць што.– Адкасніся ад яго, – раптам рэзка сказаў брату Кастусь. – Чаго вы ўсе да яго з пытаннем гэтым ідыёцкім. “Како веруеш?” Ён не горшы за цябе патрыёт.Віктар разгубіўся ад нападу.– Гэта хто? ? рэзка паказаў Кастусь у бок аднаго з гасцей.– Сляпцоў. Венгерскі герой.– Ну і дурань, ? рэзка сказаў Кастусь. ? А той?– Эверс, дарадца міністэрства замежных спраў.– Гэты нашто?– Ён і яшчэ унь той, Чарткоў, шталмайстар, ды яшчэ тая порхаўка, сенатар Княжэвіч, міністр фінансаў – шырма. Каб не было блакітных “сяброў” з адпаведнага дома.– Нядрэнна прыдумана. А той?– Іваноў трыццаты.– Ты што, жартуеш? – абурыўся Алесь.– На самай справе. Ад’ютант для асобых даручэнняў пры пецярбургскім ваенным генерал-губернатары.– Што, таксама маска?– Ды не. Чамусьці прасякся павагаю да Людвіка. Цягаецца ўсюды разумныя размовы слухаць... А там унь Шчарбіна, паэт. Бачыце, якое аблічча... А той, у акулярах, з бакенбардамі, стары, – былы сябра Пушкіна. А цяпер таварыш, здаецца, міністра народнай асветы. Вяземскі Пётр Андрэевіч. Паэт. Шкада, хлопцы, старасці.– А той хто, на вераб’я падобны? На вялізнага вераб’я.– Талстой. Феафіл. Музычны крытык... А той – раганосец Феактыстаў, пёс ланцужны, намеснік Фадзея Булгарына. З маладых, ды ранні. І, скажы ты, не паспее стары падлец здохнуць, як ужо на ягонае месца новага рыхтуюць.Адзін з гасцей асабліва прыцягнуў увагу Алеся. Не вонкавым выглядам – урэшце, бадай звычайным, – а нейкай падкрэсленай незалежнасцю рухаў. Колькі яму магло быць год? Пэўна, далёка за пяцьдзесят. Ва ўсякім разе, аб гэтым неабвержна сведчылі вельмі сівыя вусы, склератычны румянец на шчоках і скронях, нос, што калісьці, відаць, быў вастраваты і трошкі задзёрты, а цяпер, з гадамі, абвіс і зрабіўся ўжо нават трохі чырвоны. Дый бровы былі як у старога: кусцістыя, суровыя бровы.Незнаёмы сустрэўся з Алесем вачыма і, відаць, зразумеў, што той разглядае яго як цікавы і загадкавы экземпляр роду чалавечага. Вусы варухнуліся, але нават калі б гэтага не было, аб усмешцы можна было б здагадацца па вачах.Вось што маладзіла чалавека: вочы! Залаціста-карыя і, дальбог, пякуча-сінія, як паўдзёнае неба.У вачах нейкая пакутлівая вечная думка, якая катавала і нават у хвіліну весялосці не давала палёгкі. Цяжкі, знясілены нейкай неадчэпнай думай, змардаваны і грозны твар.