Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

– Вы думаеце, вы канец? – спытаў Алесь. – Вы – пачатак. З часам мірыяды людзей сальюцца ў любові да вас, таму што вы нідзе не саступалі, таму што справа ваша – высакародная, таму што такой любові, як ваша, яшчэ пашукаць на зямлі. Такой любові, калі адзін чалавек ратуе цэлы народ.Дождж ішоў вуліцамі і плошчамі вялікага горада.– Вам шкада нас, – сказаў Алесь. – Вы паказваеце нам на тую браму. А самі вы думаеце пра тое, што і раней... Ды як вам магло здацца, што мы хочам другой дарогі?! Ды мы толькі і марым усё жыццё, каб пражыць, як вы, каб нават не толькі адмучыцца за сваю любоў, а пайсці яшчэ далей... загінуць за яе. Вы думаеце, яны нас палохаюць сваімі ланцугамі? Лухта! Мы глядзім на вас. Бо што зробіш, калі воля і радзіма жывуць толькі крывёю, талентам, мозгам, барацьбою, смерцю сыноў?Паэт глядзеў на іх, схіліўшы галаву, вялікімі, цёмнымі ад паўзмроку вачыма.