Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

– Ма-уа, ма-уа, люа-ля, люа-ля!Часам ён з незразумелых слоў збіваўся на зусім чалавечыя:– Ліу-блю-ліу-блю! Але ўсё заглушаў, поўніў, пранікаў салаўіны гром. Салаўі былі і тут, ля ставоў. І нават з-за Дняпра, не менш як за дзве вярсты адсюль.Ён выбраўся да става мокры, аглушаны. Яго ледзь не хістала ад магутнага, спеўнага, пераможнага трыумфавання жыцця, якое царавала над усім, што дыхала і жыло вакол.Стаў цьмяна зіхацеў, як луска. Над ім звісала адным бокам вялізная блізкая хмара – запаветны, не менш як шасцісотгадовы, дуб.Хлопец прыхіліўся да шурпатага ствала і задумаўся. Вакол было добра. Вакол было так добра, што ніякі чараўнік не прыдумаў бы лепей. І яшчэ нават самы злосны вядзьмак не прыдумаў бы нічога горшага за гэта. Такі ва ўсім гэтым быў нялюдскі здзек.Не было яе. Каб яна была – здзеку не было б. Была б тады зямля, і ставы, і салаўіны гром.Якая ж гэта дробная лухта разбурыла ўсё гэта? Як можна было хлусіць, калі на свеце ёсць салаўі?! Як можна было хлусіць і, галоўнае, верыць хлусні, калі яны тут, побач?!Ён пачаў успамінаць яе аблічча. Яна ўзрадавалася спачатку там, ля царквы, у гэтым не магло быць сумнення. Але чаго яна потым спалохалася? Так спалохалася, што нават аблічча стала шэрае? І нашто яна так зрабіла, што вось ён зараз адчувае ўсю гэтую дзівосную прыгажосць як здзек.Аднекуль з глыбіні істоты наплыла, затапіла ўсё ярасць. Ён ненавідзеў цяпер самі ўспаміны. Дарэмна ён дараваў абразу. Месца сустрэчы можна было б прызначыць на азярышчанскіх паплавах, трохі далей таго месца, дзе яны на начлезе стрэліся з Войнам. Пісталетны стрэл быў бы чуцен... Раніца... Раса. Не больш за пятнаццаць крокаў...Раўбіч стаіць на бар’еры... Секунданты... У руцэ з бранзалетам апушчаны пісталет... Трэба ўзняць свой... Ага, ён прыкрыўся рукой... Цудоўна! Меціць трэба трохі ніжэй бранзалета. Калі аддача будзе меншая, чым звычайна, – рана ў сонечнае спляценне...А потым Франс. Гэты з-за фатаўства закрывацца не будзе. Тут прасцей. Проста ў гэты высокі бледны лоб. Проста туды. І тады ўжо, калі ўпадзе і будзеш ведаць, што яго павязуць, а праз вадамоіны панясуць на руках – тады пісталет сабе да сэрца і адным разам, з поціскам, з асалодаю...Алесь апрытомнеў і спалохаўся. Што гэта было? Вар’яцтва пачыналася? У васемнаццаць? Няма чаго казаць, добра... Ён паспешліва скінуў куртку, чаравікі, нагавіцы, сарочку, падскочыў і, ухапіўшыся за сук, ускінуў на яго цела.Таўшчэразны сук цягнуўся над самай вадою. Дуб нібы выцягнуў адну руку, каб вечна лавіць ёю месячнае і сонечнае святло.Алесь ішоў, моцна ставячы ногі. Сук неўзабаве патанчэў і пачаў спружыніць пад нагамі, даводзілася балансаваць. Ён пайшоў, пакуль было магчыма, і стаў ледзь не на самым канцы галіны, астываючы пад ветрыкам.Яму здаўся шолах і нейкі прыглушаны гук на беразе. Азірнуўся – цемра. Нікога. І тады ён застыў, прыціснуўшы рукі да цела і ўскінуўшы аблічча ўгору. Пад нагамі пагойдваўся сук. Проста ў вочы свяцілі зоры.Ён апусціў вочы – пад нагамі таксама не было нічога, акрамя зор. Глыбокая сіняя чаша, поўная зор.Нібы вісіш у цэнтры бясконцага сіняга шара. Зоры пад нагамі. Зоры над галавой. Закінуўшы за галаву рукі, ён доўга стаяў так, пагойдваючыся ў зорнай бяздоні. Галіна пагойдвалася. А ён быў між небам і зямлёй. І зоры былі вакол. Потым ён разбіў сінюю чашу пад нагамі. І спалоханыя зоры пабеглі да берагоў.І ён плыў у сцюдзёнай вадзе, пакуль хапала паветра. Бачыў у глыбокім паўзмроку карчы, пасмы маладых водарасляў і яшчэ штосьці, што стаяла нерухома ў прадонні, нібы бярвенца, якое затанула, але так і не дайшло да дна.