Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

– Бывайце, – сказаў ён, як другу, па-англійску працягнуўшы руку, і асекся. Ён быў бадай спалоханы сваёй вольнасцю... Нібы той, іншай, падаў руку.Але яна спакойна працягнула яму сваю, і ён адчуў дотык яе пальцаў.– Бог мой, – сказала яна, – якія халодныя рукі! Яна глядзела на яго ўважліва. Вельмі ўважліва.– Свет як здзек? – спытала яна.– Падобна на тое.– А хто казаў мне, што дзівы павінны заўсёды збывацца?– Ну, – нявесела засмяяўся ён. – Не я. Нехта іншы. Нейкі адзінаццацігадовы хлапчук.– Вы памятаеце, калі гэта было?– Памятаю, – раптам успомніў ён.– Ну вось...Маўчанне.– Ведаеце што, – голас яе сеў. – Не ідзіце нікуды. Калі вам не будзе сумна са мною – зайдзіце. Я запалю агонь... Нельга аднаму блукаць у такі холад.Кінуўшы гэтыя словы, яна сама спалохалася іх. Але ён сказаў “добра” так натуральна, ні аб чым не думаючы, акрамя згоды, што яна змоўкла. У яго было такое аблічча! Цёмнае, змарнелае, падобнае на жывую трагічную маску. І з пачуццём, падобным на падзенне ў ледзяную ваду, зразумела, што прыйшоў яе час. Той, адзіны. Яна працягнула яму руку, бо за дзвярыма, на сходах, было цёмна. – Хадзем....Загарэлася свечка.Ён не быў у гэтым пакоі доўга. Мінула сем год. Але за гэты час, здавалася, тут не змянілася нічога.Просценькі туалетны столік. Большы стол, ля якога глыбокае крэсла і казетка. Камін, у якім загадзя падрыхтаваны дровы і бяроста. Паліца кніг. За паўкруглым акном – ноч.Змянілася толькі адно: дзверы ў суседні пакой былі адчынены, бо ён цяпер таксама належаў ёй. Ды яшчэ на сцяне вісела карціна. Ягоны, Алесеў, падарунак пасля пастаноўкі “Медэі” – “Хата” Адама Шэмеша. Звычайная беларуская хата пад каравай у цвеце грушай і старыя, вельмі старыя дзядок і баба ў белым, якія сядзяць на прызбе і з чаканнем глядзяць на дарогу. А на ўсім гэтым – апошні водствет захаду. Тысячу год ім чакаць і не дачакацца. – Сядайце ў крэсла, – ціха сказала яна.Ён сеў.– І скіньце чаравікі. Раса... Вось вам пантофлі. Адтапчыце заднік – іначай не ўзлезуць. Яна стала на калені і свечкай падпаліла бяросту ў каміне. Папоўз угору дымок, потым жаўтаваты агеньчык. Зыркі, сіне-чырвоны агонь вырваўся з палону і ахапіў дровы. Полымя заскакала па яе абліччы. Ад гэтага, а можа, ад чагосьці іншага, вочы ў яе былі сумныя.Па сценах бегалі чырвоныя блікі. Яна села насупраць яго.– Ну вось, давайце будзем глядзець у агонь.Ён раптам убачыў, што яе туфлікі таксама цёмныя ад расы. Працягнуў руку – гэта здавалася яму натуральным – і дакрануўся пальцамі да ступні.– І вы яшчэ смееце даваць мне парады? Ану вазьміце назад свае пантофлі.– Я да агню.Алесь пашукаў вычыма і ўбачыў на кіліме чорна-чырвоны плед.– Прыпадыміце ногі... Вось так... І так...Ён узняў вочы, і яны сустрэліся з яе вачыма. Большыя, чым ва ўсіх людзей на зямлі, яны ўважліва, нібы ўпершыню бачылі, глядзелі на яго.Чырвань плесканулася па ягоных шчоках. Ён зразумеў, што зрабіў нешта такое, пасля чаго ні яму, ні ёй нельга будзе нават здалёк зірнуць адно на аднаго, а не тое што гаварыць, як усе астатнія людзі. Яна ўзяла яго руку.– Што з вамі здарылася? Што?Ёй дорага каштавалі гэтыя словы і гэты рух. Сэрца падала. Але яна бачыла гэтую пакутную чырвань і тое, як ён потым збялеў.– Не ведаю, – сказаў ён.Яго сапраўды калаціла.Прыклала нерухомыя вусны да яго лоба.– Нічога. Гэта проста ад цеплыні выходзіць холад.Рука хлопца ляжала ў руцэ жанчыны. Ён асмеліўся і, працягнуўшы другую руку, узяў далоньку і схаваў яе ў сваіх далонях.