Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

– А хто гэта там тэльбухамі трасе? Вядома хто, Раткевіч. Сваячок малодшанькага роду, каб ужо гізунты з цябе, каб…Падскакаў да санак, у якіх сямёра з малодшых сядзелі спінамі адзін да аднаго.– Што вы, на суд едзеце?І паляцеў да брамы, вытаргнуў на скаку з рога марозную серабрыстую трэль.…Паўз яго праязджалі коннікі, і конь гарачыўся пад ім. І халоднае паветра было такое салодкае, што ледзь не да разрыву шырыла магутныя грудзі бацькі.Убачыўшы Алеся на ганку, пан Юры ўсміхнуўся:– Заставайся шчасліва! Наступны – твой!Пошчак капытоў. Ясныя гукі рога. Снежны пыл.Галявіна ляжала на спадзістым схіле, уся ўкрытая веснім ужо, але ўсё яшчэ глыбокія, па грудзі, снегам. Вакол стаялі заснежаныя дрэвы пушчы, марылі, узносячы галовы ў няяркае неба. У начы яшчэ падваліў снег, засыпаў усе сляды і мурашнікі, але сокі1 казалі, што мядзведзь не пакідаў пратаптанага іхнімі лыжамі кола. Кола было нешта сажняў трыста ў радыусе.Звер, зваліўшы чарговага каня, спаў ужо другія суткі.Проста перад сабою ў далёкім канцы галявіны пан Юры бачыў выварацень вялізнай яліны.Яліну зваліла даўно: пад ёю паспеў вырасці кусцік крушыны. І якраз пад гэтым кусцікам быў лаз у мярло і, збоку, невялікая адтуліна для дыхання: на вяршыньцы кусціка махрова цвіла намаразь.Паляна не была роўная і чыстая. Раслі на ёй тры ці чатыры сяменнікі, а пад імі былі ці то гурбы, ці заснежаныя мурашнікі. Здзіўляцца, што мярло на такім амаль чыстым месцы, не даводзілася: глушыня і нетры тут былі страшэнныя – вока выкалеш, дый балаты летам не давалі змогі прайсці.Загонныя з бубнамі і ляскоткамі, абмінаючы лесам паляну, даўно прайшлі ў пушчу, па той бок ад берлагу. Сок на верхавіне магутнага дуба павінен быў свістам даць ім сігнал, калі звер пабяжыць на іх. Аб гэтым можна было меркаваць напэўна: логвішча было ў парасці ля самага таго краю паляны. Але стаць там было нельга: не было належнай адлегласці ад нетраў да мярла. Паляўнічыя не паспелі б стрэліць, маглі ў гушчары параніць адзін аднаго. Трэба было пакінуць між мядзведзем і стралкамі прыблізна тую адлегласць, на якой знаходзіўся цяпер ад берлагу пан Юры: сажняў трыццаць.План быў такі: звер пабяжыць на загоншчыкаў, і тады, па сігналу сока на дубе, ланцуг загонных падыме згэлк і грукат, будзе біць у бубны, крычаць, ляскаць ляскоткамі і страляць у паветра. І тады зверу нічога не астанецца, як бегчы проста на пасты.Паляўнічыя кінулі жэрабя і разышліся па нумарах.Пан Юры, як гаспадар палявання, мог выбраць тое месца, якое хацеў. І ён узяў гэтае. Трохі схітраваў.Ён быў амаль упэўнены, што звер пабяжыць на яго, таму што якраз за ягоным нумарам да галявіны падыходзіў вялікі яр, так густа зарослы дрэвамі і хмызамі, што і зараз цяжка было нешта ўгледзець у ім. Звер ратавацца пабяжыць, вядома, толькі сюды.Справа, сажнях у дваццаці, стаяў на пятым нумары Януш Біскуповіч, злева, на такой жа адлегласці, сёмы нумар займаў Юллян Раткевіч. Праз рэдкія хмызы відаць было яго даўжэзную, як калядная свяча, постаць.Юллян нібы “рос у зямлю”: прытоптваў снег вакол сябе і заглыбляўся ў яго. Урэшце на паверхні асталіся толькі тулава ды галава. Юллян зірнуў на Загорскага, і той падумаў, што Раткевіч нервуецца.Пану Юрыю чамусьці стала шкада Юлляна. Усё да сэрца бярэ, дзівак.Сок “пугакнуў” з дуба: відаць, падалі сігнал, што першы і дзесяты, крайнія нумары, убачылі краі загоннага ланцуга, і той вось-вось самкнецца, і тады ў коле астанецца амаль уся лыжня.