Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

Карп, сівавусы і пахмуры, ішоў да пана Юрыя на шырокіх лыжах: правяраў усіх. Слізгаў лёгка, калматы, як лясны дух.– Троль, – ціха сказаў пан Юры і засмяяўся дню, Карпу, заснежаным дрэвам і лёгкасці ў сабе.– Пане, – сіплым і адначасова звонкім голасам сказаў Карп, – я стану між вамі і Юллянам. І туды і сюды здолею падскочыць.Ён ведаў, што пан Юры не любіць памагатых, і маскаваў магчымую дапамогу. А што яна спатрэбіцца, ведаў па месцы, на якім стаялі шосты і сёмы нумары.– Як хочаш. Толькі трымайся бліжэй да Юлляна.Карп адышоў трохі бліжэй да Раткевіча і прысеў на кукішкі.Пан Юры паспеў падумаць: “Квактуха”, – і зноў ціха засмяяўся. Снягі, родная пушча, цені людзей, махровы квецень намаразі на крушыне, свежы халадок.Кроў ад усяго гэтага была, як шампанскае. Здавалася, што ў ёй віруюць, кіпяць і з ціхім звонам знікаюць серабрыстыя, маленькія бурбалкі радасці....Пачалося. Два аўчары на лыжах сталі паводдаль ад вываратня. Прашчы ў руках, каменні ў сумках. Круцяць... Раз... Два... Дакладна, чэрці... Ну вядома, з дваццацёх сажняў могуць трапіць у скронь. Б’юць па вываратню, каб каменні падалі ў мярло. Махрова цвіце намаразь на галінках крушыны.Так і ёсць. Выскачыў. Не дужа вялікі. Хоць адсюль дрэнна відаць. Пакідаючы ў снезе разору, імчыць на людзей. Чорта з два дагоніш на лыжах. Так сыпанулі ад яго – відаць, толькі вецер свішча.Мядзведзь пабег у пушчу, на загоншчыкаў. І амаль адразу пасля свісту сока між дрэў узняўся вэрхал і згэлк. Цакаталі ляскоткі, дробна і гулка выбухалі бубны. Пачулася некалькі стрэлаў. Ішлі хвіліны, і людзям на нумарах здавалася ўжо, што звер прарваўся. Але гамарня набліжалася – значыць, гналі.Мядзведзь выскачыў з пушчы лявей, чым знік, таптануў разы тры на месцы снег...Гэх, каб сюды. Стрэліць. Звер, убачыўшы, абавязкова стане на заднія лапы і пойдзе так. І тады лязо рацішча пад левую верхнюю, дзе жаўцейшая поўсць....Мядзведзь, урэшце, кінуўся, але значна лявей, на сёмы нумар, на Юлляна Раткевіча.Чорт… Чорт… От шанцуе!Трухаючы задам і перавальваючыся, звер бег усё хутчэй проста на Юлляна. Вось ён пакінуў убаку даязджачага, і Карп, выпрастаўшыся, кінуўся на лыжах у бок сёмага нумара, на дапамогу… Ах, чорт-чорт!Пан Юры адставіў стрэльбу. І тут не пашанцавала. Такі звер! Бадзяга. Праўда, меншы, чым можна было меркаваць па расказах, але ў страха вялікія вочы. Калі так лёгка валіў коней – значыць, спрытнюга.Буры, ён здаваўся на снезе амаль чорным. І таму, што ён бег на суседа, расчараванне ахапіла пана Юрыя. Сапраўды, той, відаць, меў рацыю, калі казаў:– Вось бы двухногага Мішку гэтак. Злева прагучаў стрэл. Другі. Звер устаў на заднія лапы, зрабіў некалькі крокаў і зноў, відаць, без змогі ўжо, зваліўся на ўсе чатыры. Чорт, як жа яны яго? Ага, яшчэ стрэл. Відаць, Карп.Гэты стрэл нібы зноў ускінуў мядзведзя старчма. Дзве фігуркі кінуліся ледзь не пад яго. Тонкая рысачка рацішча стала наўскос і нібы злучыла чорную тушу з зямлёй. Цяпер стрэлы з восьмага і з дзевятага нумароў. Страляюць з радасці, угору. Сыплецца снег з галін.На ўсіх нумарах людзі ўзнялі крык: з радасці. Крычаў нават сок на вяршыні дуба. Ну, вось і канец. Крычаць, чэрці, як рэзаныя. Чаго і х разабрала?Нешта мільганула ў баку ад яго. Пан Юры зурнуў у той бок. За нейкіх дзесяць сажняў ад яго…І толькі тады ён зразумеў, што людзі крычалі яму. Забіты быў не той. Два берлагі былі на адной галявіне. Адзін пад вываратнем, і ў ім, відаць, спала мядзведзіца, і нездарма так доўга не маглі абудзіць яе аўчары. А другі быў тут, побач, яны заўважылі б яго, каб не начны снег. І ў ім, менавіта ў ім, ляжаў, пакутуючы ад бяссонніцы і голаду, той, каго шукалі яны.