Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

Мядзведзь вылез з-пад высокай, сажня на паўтара, занесенай снегам гурбы, якую ўсе яны, і пан Юры ў тым ліку, палічылі за мурашнік. І гэта быў, безумоўна, той: тут памыліцца не мог ніхто. Вялізны, ледзь не з дробнага кіргізскага коніка, буры і лямцаваты, з трохкутнай, цяжкай, як валун, галавою, ён бясшумна з’явіўся з мярла і глядзеў на пана Юрыя.У вузкіх дрымучых вачах звера было нешта пячорнае. Стары, але яшчэ ў поўнай сіле волат. Дзесяць сажняў... Не паспееш перазарадзіць.Нож... Рацішча... Няма на свеце мядзведзя, які перад нападам не стаў бы на заднія лапы. Добра... Але як блізка і які вялікі! Які пачварна вялікі!.. Пан Юры на імгненне адчуў, як ледзянымі іголкамі асыпалася ўсё ў целе... А потым гэта знікла, і ён узняў стрэльбу. І твар стаў драпежны і строгі, ён сам адчуваў гэта. І ў сэрцы спакойна ўзнікла вялікае, спакойнае захапленне барацьбы.Усё гэта адбылося за якую долю секунды. Яшчэ раней, чым пан Юры ўзняў стрэльбу, звер кінуўся на яго. Узараная бурым целам снежная баразна плыла за ім.Мядзведзь бег з нечаканай хуткасцю, нібы каціўся. Калыхаўся ў паветры горб, куцапыя лапы выкідаліся наперад – спачатку абедзве левыя, потым абедзве правыя – і мякка пляскалі ў снег. Лабастая галава, як трохкутны шчыт, была пагрозліва апушчана. Вочы глядзелі ў вочы.Галодны, у роспачы, не разумеючы, што гэта такое робіцца, пакутуючы ад болю ў застуджаных, падмарожаных босых пятках, злосны ад усяго гэтага, ён імчаўся, як страшны крапасны таран, без усякай надзеі на паратунак – бо ён хацеў жыць.І сіні агонь у вачах звера звязаў яго з вачыма чалавека разуменнем еднасці ўсяго жывога. Каб мядзведзь збочыў у гэты момант – пан Юры не стрэліў бы... Жывое, жывое сапло і задыхалася ў снезе, жывое, адным болем звязанае з усім жывым.Але звер імчаўся, плылі долі імгнення, і прагучаў стрэл.Звер скалануўся, але не збавіў хуткасці.Другі стрэл. Снежная разора ўзмятнулася зусім блізка.Пан Юры адкінуў стрэльбу і ўпёр у снег рацішча. Звер вось-вось павінен быў устаць, і тады... у жоўтую поўсць пад левай лапай....Мядзведзь не ўстаў.– Гэй-гэй-гэй! Гэй-гэй-гэй! – крычалі адусюль страшнымі галасамі людзі.Яны беглі сюды разам з сабакамі і крычалі, каб адцягнуць увагу мядзведзя. Але снег быў глыбокі, сабакі, яшчэ раней спушчаныя на першага звера, танулі ў глыбокіх гурбах і не маглі так хутка дабегчы.І са страшным гарлавым крыкам, кленучы сябе, што пабег да Раткевіча і кінуў князя, кленучы мядзведзя, пушчы, душу і бога, ляцеў ад сёмага нумара на шырокіх лыжах даязджачы Карп...Мядзведзь не звяртаў увагі на крыкі. Яму трэба было дабрацца толькі да аднаго, што так балюча кусаўся на адлегласці. Боль, непаразуменне і ярасць былі ў дрымучых вочках. Ён адчуваў, што сэрца ў яго разрываецца, што ідзе нешта непапраўнае, чаго ўжо ніяк, ніколі на свеце не выправіш.Пан Юры сунуў рацішча ў звера, проста так, як дзіду, і паставіў, ускінуў-такі яго старчма, але ад страшнага цяжару дрэўка зламалася. Як камяк жывога болю, рыку, крыві, ярасці насунулася цёмнае.Чалавек схаваў галаву і з кордам кінуўся проста пад звера. Уцэліў сталь туды, куды і хацеў, у жаўтаватую, мякчэйшую навобмацак поўсць пад левай лапай. Націснуў.І тут нага яго паслізнулася. Падаюсы пад строшным цяжарам на спіну, ён убачыў, зусім блізка, Карпа з сякераю ў руках, пачварную, як уцёс, махіну, што знізу насунулася на яго, адчуў ля самага аблічча гарачае смуроднае дыханне.