Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

Пан Юры не любіў камянёў, цемры, сцен, і таму яго пахавалі проста над Дняпром, у дубовым гаі.Маці так і не выходзіла са сваіх пакояў, у якіх замкнулася за некалькі дзён перад паляваннем. Вацлаў зноў паехаў у Вільню, а астатніх яна не хацела бачыць.Ні з кім не размаўляла. Алеся ўвесь час ганяла па гаспадарскіх справах: відаць, не хацела, каб думаў і ўспамінаў. Калі яго не было дома, часам прыходзіла на глеістую магілу, моўчкі сядзела там некалькі хвілін і зноў зачынялася ў пакоях. Два-тры словы часам казала толькі Алесю ды пакаёўцы, і на твары яе, у тыя рэдкія імгненні, калі сын бачыў, была ўсё тая самая нязвыклая жарсткаватая непаразумеласць. Вечарам слухала даклад сына аб справах, але на другім жа сказе губляла цікавасць.– Ідзі. Усё добра.Гэта, аднак, цягнулася нядоўга, тыдні два. Пералом да лепшага Алесь заўважыў у тым, што матуля раптам загадала змяніць фіранкі ў сваіх пакоях, купіць у Магілёве хваёвай вады, перанесці з гардэробнай некаторыя, найбольш улюбёныя, туалеты. Сказала Алесю, каб пачаў хутчэй ставіць на цукроўні англійскае новае абсталяванне, прывезенае яшчэ панам Юрыем.– Мне трэба быць з табою. З гэтай цукроўняй і дома начаваць не будзеш.– Дурнік, ты ж заўсёды са мною. Мне цяпер лягчэй. Я ўжо амаль спакойная. Буду скора зусім спакойная.Алесь узяўся за справы на цукроўні і за падрыхтоўку да вясенніх работ. Ён працаваў да знясілення. За гэтыя тыдні, пакуль маці не стала лягчэй, ён афіцыйна засведчыў у Магілёве і пачаў праводзіць у жыццё адмену паншчыны па ўсіх сваіх маёнтках. Маці загадзя згадзілася на ўсё, што ён знойдзе патрэбным зрабіць.З гэтага часу сем тысяч сем’яў, якія належалі асабіста яму і маці (Вацлаву, як малодшаму, належала толькі некаторая нерухомасць, частка лясоў, дом у Сцюдзёным Яры, дом у Магілёве і адпаведны капітал, роўны прыблізна палове кошту зямлі без вышэйпамянёных дамоў і іншага), замест паншчыны павінны былі плаціць аброк.На Хаданскіх і іншых гэта зрабіла ўражанне выбуху. Частка магнатаў і дробная шляхта ўхваляла адмену. Але – гэта адбылося пазней – адмяніў за Алесем паншчыну толькі Яраш Раўбіч, дый то, відаць, каб давесці нешта новаму загоршчынскаму гаспадару. Астатнія так касіліся, што пан Адам Выбіцкі і найбольш давераныя з упраўляючых малілі Алеся імем Хрыста не спяшацца.– Спрачацца з вамі будуць, сварку завядуць. Баючыся бунтаў у сваіх вёсках. А тыя паўставаць будуць, бо вашым пазайздросцяць.– І правільна. Яны не горшыя.Наіўны і ўсё яшчэ маладжавы твар пана Адама чырванеў:– Дык гаспадары ж аб’яднаюцца супраць вас. Ці мала ў іх спосабаў?! Прычэпяцца да нейкай лухты, дуэль – і ўсё... Глотку перарвуць.– Хай паспрабуюць, – суха сказаў Алесь. – І вось што я вам скажу. Прашу вас не лічыць гэтую маю меру канчатковай. Не забывайце аб гэтым ніколі. Я пайшоў на гэтую паступавасць са зразумелай чалавечай боязі: каб перадчасна не адсеклі магчымасці весці справу далей.– Як? – спытаў нехта.– А вось як. Цалуйце евангелле і стаўце подпіс пад дакументам. У ім умова між мной і вамі, што вы ручаецеся сваёй маёмасцю і гонарам за маўчанне аб тым, што вы тут пачуеце.– Княжа... – сказаў з дакорам нехта.– Я ведаю. І ведаю, што нашы мужчыны ўмеюць маўчаць. Але, магчыма, нехта... маладой жонцы... І тады будзе перадчасны бунт мужыкоў у іншых вёсках, прыйдуць салдаты, будуць страляць і нічога не дадуць давесці да канца. Так што прашу разглядаць евангелле не як крыўду, а як знак вышэйшага майго даверу да вас. Бо ў вашы рукі я аддаю сваё жыццё і гонар...