Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

Людзі паставілі подпісы.– За гэтай чарговай мерай мы адменім прыгон. Магчыма, праз год. І не так, як у праектах, а з зямлёй. Паступова надзелім усіх, не толькі сялян, а і беззямельную шляхту, раздаўшы большасць маёнткавай зямлі. Большага мы пакуль зрабіць не можам, але і на гэта прыйдзе час.У Выбіцкага былі ў вачах слёзы.– Княжа, – сказаў ён, – гэтага мы вам ніколі на забудзем. Не трэба было евангелля, княжа.– Ну, а маладой жонцы? – усміхнуўся Алесь.Усе зарагаталі, зразумеўшы, што малады князь мае рацыю.– Праўда, – сказаў Адам. – Калі нешта прасочыцца – мы ўсе адмаўляемся. І я кажу вам усім: таго, хто звякне, я заб’ю самачынна. Хто пойдзе са мной?Людзі схілілі галовы на знак згоды.Алесь працаваў, як ніхто і ніколі не працаваў з усіх людзей яго круга.Алесь вырашыў перабудаваць пры першай магчымасці цукроўні, каб былі каменныя. Ён, урэшце, зрабіў тое, на што ніяк не мог адважыцца пан Юры: застрахаваць усе будынкі. І няхай навакольныя святошы лямантуюць, што гэта нібы змаганне з воляю пана бога.Ля Азярышча заклалі на стапелях восем барлін: на кіеўскім кантрактовым кірмашы заўсёды вялікім попытам карысталася паўночная бульба для бровараў.“Паклалі рад” з аршанскімі вапеннымі капальнямі і залажылі вышэй Оршы яшчэ шэсць лайбаў: паўднёвым заводам трэба была вапна.Асіплы, асівералы, малады загоршчынскі пан гойсаў між Сухадолам, Магілёвам і Оршай; па мокрым снезе, пад дажджом, начаваў у корчмах. Прапах псінай ад мокрай ваўчынай запоны; па цэлым тыдні не бываў у лазні, спаў дарогаю, у вазку.Усё адразу. Усё на гэтым тыдні, сёння, зараз. Здохнем, калі не зробім. Рызыка? Без рызыкі жыццё не жыццё. Гэты сонны спакой, гэтая абуральная, як лямант у пустыні, беднасць ад безгаспадарлівасці, яны забіваюць, гнуць у дугу жыцці людскія.У вёсцы Бель, самай закінутай з яго вёсак, за Копысем, адсутнасць промыслаў і неўраджаі давялі людзей ледзь не да роспачы. Карчма давяршыла справу гарэлкай, пазыкамі, распустай. Даведаўшыся аб гэтым, Загорскі наляцеў туды, сунуў у зубы прайдзісвету-карчмару мужыцкі доўг і выгнаў яго з сяла. Жонкам былі дадзены грошы, і пад гэтыя грошы да самага ворыва мужчыны пацягнуліся на аршанскія стапелі: валіць лес і ламаць вапну.Губернатар Аляксандр Беклемішаў выклікаў быў яго да сябе і паспрабаваў крычаць, што яго дзеянні пахнуць разбоем: пагнаў людзей, збіў карчмара і сядзельцаў.Не на таго напаў.– Пане Аляксандр... Вось вам вартасць карчмы, а вось падманныя распіскі карчмара на ўпяцёра большую суму. Я не патрабую яе ад казны. І дазвольце мне самому ведаць, што я магу і чаго не магу рабіць у сваіх уладаннях. Спойваць народ я не дам. Раю таксама ўспомніць, што губернская казна дагэтуль вінна нашаму роду за пабудову школ і шлюзаванне Друці. Я не думаю, што мне было б прыемна спагнаць гэтыя грошы сёлета, усяго праз год пасля сканчэння тэрміну...– Супакойцеся, – сумеўся губернатар. – Чорт з ім, з карчмаром.– Гэта прайдзісвет. Капейку ў скарб і рубель сабе. Ціхенька прапоўз па наваколлю, а там – як Мамай прайшоў! Вы далі яму месца ў Доўску?– Скарбу патрэбны грошы, – сказаў губернатар. – Скарб – справа святая.– І вы казалі мне пра разбой, – з дакорам сказаў Алесь. – Я не раіў бы вам трымаць такіх людзей...– Я падумаю, – губернатар сапраўды вырашыў не сварыцца, бо помніў, чым усё гэта скончылася для Жэгуліна, фон Берга і яшчэ некаторых, што заеліся з Вежам і таму не праседзелі на пасадзе і года. І губернатар сказаў: – У беднасці вінавата пасіўнасць тутэйшых людзей, а не мы. Аддалі гандаль у рукі стараверам ды жыдам.