Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

Алесь засмяяўся, але так, што губернатару стала ніякава.– Пры чым тут яны? – сказаў Загорскі. – У гэтым вінаваты мы з вамі, пан губернатар, наша нецярпімасць, наша гнілая прадажнасць... І тых і другіх гоняць за веру... У нас яны калісьць знайшлі прытулак. І мы жылі з імі добра. Нам было дзікавата, што моляцца не так, што адны трымаюць для нас асобныя кубкі, а другія чамусьці раз на год будуюць буданы і ядуць там... Ну і чорт з імі, кожны вар’яцее па-свойму... Але іх знайшлі. За тое, што ксцяцца двума пальцамі, тройчы рабілі з Веткі пустыню, забівалі, палілі жыўцом. За адзін палец здымалі галаву, а яна ў чалавека – адна. А раскольнікі – харошы, цвярозы, працавіты народ. Памяць аб мачысе сваёй – мову, звычаі – збераглі, не растрэслі... То іх у падзяку, забываючы словы Пятра, што абы падаткі плаціў, а маліся, як хочаш, мёртвых кастрамі складалі ды дзяўчат гвалціла салдатня... І іншыя дасталі... Полацкіх усіх жыўцом у Дзвіне патапілі, з дзецьмі маленькімі... Апрычнік у расе, пёс шалёны – Грозны, кацюга. Зрабілі ім зямлю гэтую – чужой. То чаго здзіўляцца?! З чужога – грабі!– Князь... князь... Супакойцеся.– Вось так, – саромеючыся прыпадку гневу, сказаў Алесь. – Гэта маё вам, пан губернатар, слова. І не вінавацьце нашых людзей у пасіўнасці. Яны проста грэбуюць гандлем, таму што гандаль таксама зрабілі разбоем. І яшчэ імя гэтай пасіўнасці – няўпэўненасць у заўтрашнім дні.Губернатар вырашыў ніколі больш не звязвацца з гэтымі людзьмі. З дваццаці сямі тысяч дваран губерні сем тысяч былі з малодшых іхніх радоў, на розных ступенях сваяўства, ды яшчэ столькі ж залежала ад іх і глядзелі таму з іхніх рук. Ну іх да д’ябла.Калі малады Загорскі пайшоў – губернатара доўга яшчэ нібы вадзіла. Чорт! Манеры ледзь не версальскія, мова мужыцкая, вопратка разбойніцкая, думкі – якабінскія...Але не якабінскімі былі думкі Алеся. Балела душа, бо ўсюду было адно банкруцтва. Палі, зарослыя пырнікам, бо не было капеек на жалезную барану, варварская падсочка дрэў, знішчаная адкідамі ватнай фабрыкі рыба ў Пуцейне, бярозавыя прысады і абсады якраз на вапенніках і пясчаных землях, дзе так патрэбна вада, бязглузда асушаныя балоты – ад рэзкага зніжэння вадзянога слою пасохлі навакольныя лясы.Страты, страты, страты... Грошы, пушчаныя на вецер.– Лепей бы вы імі печы палілі, галовы яловыя! Вёска галадуе, жыве ў цемры, зямля знясілена. Прамысловасць – саматужная, гандлю няма. І спяць, спяць усе, як учадзелыя, не ведаючы, што сон учадзеламу – смерць. І злуюцца, калі будзяць.То цягні, цягні іх гвалтам з чаднай хаты. Няхай кусаюцца – цягні!Вясна пазнілася. На пачатку красавіка яшчэ ляжаў снег, і было золка і дрыготка, а ноччу марозіла. У адзін з вечароў Алесь абыходзіў конскі завод. Коней трэба бало перавесці ў запасныя стайні, каб зрабіць генеральную прыборку, пабелку, чыстку. Гэта збіраліся рабіць сёння ж.Пераводзіць было даволі лёгка. Звыклыя да вольнага выпасу ўлетку, коні і за зіму не адвыклі слухацца табуннага важака і верхавода, вогненнага жарабца Дуба. Куды ён – туды і табун. Дуб раптам здурэе і пагоніць напрасткі – і астатнія за ім.Алесь адпусціў людзей вячэраць, а сам апошні раз аглядаў новыя стайні, а потым пайшоў па старых, каб пасля Зміцёр, Логвін і іншыя ўпраўляліся ўжо без яго. Ён хацеў памыцца, пагаварыць з маці і потым ехаць у сухадольскую зборню. Майка паведаміла, што браты і Наталя сёння гасцююць у Клейнаў, бацька астаўся дома, і яна будзе ў зборні толькі з маці, а магчыма – і адна.