Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

І тут Паўлюк раззлаваўся:– А што?! Самі вінаваты. Адзін аднаму дарогу саступаюць. Яна мне сказала: “Абрыдлі мне яны, Павёлка…” І потым, любая яна мне…І тут гумар сітуацыі дайшоў да Алеся. Загорскі зарагатаў.– “І ўстаў брат на братоў, а племя на племя…” Нічога, горшага б не было.Сурова кунуў:– Далей. Стаіш ты, значыць, з Кахновай Галінкай…– Кінь… Дык вось, стаю я, значыцца… Тфу!.. І чую, ідуць людзі. А насустрач ім чалавек стаў на грэблі...Паўлюк змоўчаў, што стаў насустрач людзям Пятрок, улюблёны Галінчын брат.– “Прасачылі, – кажа. – Раўбіч большасць людзей на фэст адпусціў. З ім у маёнтку чалавек восем”. – “Добра, – кажа адзін з тых. – Рушым”. – “Хлопцы, – кажа гэты, што ўстаў, – вы хаця душ жывых не губіце. Самі душы маеце”. – “Змоўч, не зацінайся”. Дый рушылі.– Даўно пайшлі? – бледны, спытаў Алесь.– Подаўна. Больш за гадзіну.Майка магла яшчэ быць там. Майка магла не паспець ад’ехаць… І яшчэ ён успомніў вочы Яраша, цёмныя вочы без райка, якія выпрабоўвалі… Гэта бацька Майкі. Гэта проста – Чалавек, жывы, і слабы, і моцны. Адно неўтаймаванае жаданне расло зараз у душы. Хутчэй, хутчэй ратаваць.– Што ж рабіць? – мармытаў ён. – Што ж рабіць?І раптам зразумеў, што рабіць. Зняў са сцяны вартаўнікову дубальтоўку, патранташ.– Зараз ты дапаможаш мне, а потым … клікнеш людзей тут і паскачаш на Чакан. Раткевіч цяпер на хутары. Падымай усіх. Скажы – Раўбічы гінуць.Стаў выводзіць, брытаючы на хаду, вогненнага Дуба.– Адвальвай дзверы. Усе адвальвай.– Ты што задумаў?– Потым будзеш пытаць. Адвальвай.Дзверы рыпелі, адлятаючы ад вушакоў, ляскалі ў сцены. Са стайні ляцела гігатанне.Алесь кінуўся да рыжага інаходца.– Як толькі крыкну – гані коней.– На глум? Паб’юцца ж!– Мой клопат.Праз некалькі хвілін у загарожу пачала, як павольны паток лавы, выцякаць цёмная конская маса.Здзіўленыя раптоўнай, у цемры, воляй, узбуджаныя коні пачалі ціха, а потым мацней і мацней іржаць, пакуль іржанне не ператварылася ў хаос гукаў. Гарачыя двухгодкі лёталі вакол табуна, узбрыквалі і хапалі храпамі адзін аднаго.І Дуб, нібы зразумеўшы, што чыніцца непарадак, загігатаў таксама, гнеўна.Алесь бачыў, як коні ўзнялі галовы на тонкіх шыях і замерлі. Слабае святло нованароджанага месяца мігцела ў насцярожаных дзікаватых вачах.Час! Загорскі павольна зрушыў Дуба, а за ім, таксама павольна, стаў плысці з двара табун – сто восемдзесят галоў.Нельга было гнаць, як ні хацелася. Коні маглі кінуцца і разбіцца аб бярвенні агарожы вакол праварыны.Азірнуўся: апошнія з табуна міналі браму. І толькі тут падумаў, што паспяшаўся і зрабіў дрэнна, не асядлаўшы Дуба. Давядзецца ехаць ахлюпкай, як у начлег.– Гані па людзей! – крыкнуў ён Паўлюку. І, паддаўшы пятамі ў бакі Дубу, з месца пусціў яго галопам.За спіною нібы абурылася зямля. Рознагалосы грукат разарваў ноч.Крычаць. Увесь час крычаць, каб хто не трапіў пад капыты.– Гэй! Гэ-эй!..Чорта з два пачуюць. Страляць зрэдку трэба, вось што.Слуп агню. Грукат. Дуб збіўся з нагі, але зноў кінуўся наперад яшчэ з большым імпэтам.– Гэй! Гэй! – язык агню. – Гэй! Табун!Табун імчаўся за ім шалёна. Нарастаючы грукат капытоў быў неўтаймавана грозны.Прыціснуўшыся да спіны каня, Алесь гнаў і гнаў яго. Праз ноч. Прысады. Пад шкляны звон у замерзлых лужынах.Кінуўся нехта ўбок, за дрэва, пачуўшы тупат. Чалавек? Звер? А, усё адно! Стрэл. Крык. Пошчак капытоў.