Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

Та-та-та, та-та-та, – рытмічна расколваў зямлю тупат.Коні ляцелі ў ноч……Яраш Раўбіч стаяў, звязаны, перад чорным ганкам дома, трохі ў баку ад вялікаі галерэі. Адбіткі чырвонага агню скакалі па ягоным твары. Чуга была раздзёртая на грудзях, валасы зліпліся ад поту, на шчацэ наліваўся сіняк.Перад ім стаяла некалькі Корчакавых людзей. Яны мала чаго знайшлі са зброі, хоць абшукалі ўжо ўвесь дом. Дзве ці тры стрэльбы, шабля. Адзін з мужыкоў ледзь варочаў абедзвюма рукамі радавую святыню – двухручны меч.– Што напісана? – спытаў, разглядаючы вязь.Раўбіч усміхнуўся.– “Помні: цяжка вымаецца. Выняў – напой”.– Дзякуй, – сказаў Корчак. – Мы вынялі… Напоім, дзякуй.Чорныя дрымуючыя вочы Корчака глядзелі з-пад белай кучмы проста ў вочы Раўбічу. Але ён не ведаў, што такое позірк Раўбіча, які вытрымлівалі адзінкі, і, прынізліва адчуваючы, што вось-вось, зараз, апусціць вочы, сказаў:– Павярніце яго, хай пакажа, дзе…– Баішся мяне, бандыт, – са спакойным здзекам сказаў Раўбіч.Нехта штурхнуў яго.– Труну сваю штурхаеш, сабачая косць.Людзі адкаснуліся. Раўбіч стаяў і глядзеў на свой дом, на шыбах якога скакала вінна-чырвонае зарыва. Здавалася,што дом гарыць усярэдзіне. Дом, у якім ён пражыў жыццё і для якога зараз загіне.Страху ён не адчуваў. Канец дык канец. З таго дня, як пачаў самастойна думаць, знясільвала і прыгнечвала думка аб лёсе родная зямлі, аб тым, што шчаслівыя на ёй толькі мёртвыя. То няхай ужо. Добра, што нікога няма дома.На хвіліну ён успомніў Алеся. Дрэнна абышліся з хлопцам. Зганьбілі, аплявалі. А хлопец быў нішто. Любіў яго калісь. І вельмі, вельмі любіў Міхаліну. Дрэнна зрабілі, дрэнна.Лютасць душыла яго. Так трапіць! Так па-дурному трапіць! Людзі знянацку, знялі, як соннага пеўня з куросадні. Людзі ўцяклі ад неспадзеўкі. Як па-дурному канчаецца жыццё. Усе гады пакутаваць ад рабства радзімы, рыхтаваць закалат, амаль падрыхтаваць, пусціць сваіх на аброк, чакаць паўстання. І раптам нічога не ўбачыць, загінуць. Ад рук нейкай наброднай банды, якая рушыла сюды, бо ён не сцярогся. Сюды, а не на сапраўдных цмокаў.Запясце Корчака абвіваў рамень кісцяня. Кісцень пагойдваўся. Калючы сталёвы шар, падобны на шышку дурнап’яну.– Зброя? – спытаў Корчак.– Не для вас назапасіў. Знайшлі тры стрэльбы – хопіць ад зайцоў адстрэльвацца.– У цябе колькі галоў? – спытаў адзін з лесавікоў, нізкалобы хлопец.– На адну больш, чым у цябе, – усміхнуўся Раўбіч.– Зраўняем, – сказаў Корчак. – Дзе зброя?Раўбіч маўчаў.– Ану, трасяні яго. Падцягні да вогнішча, – сказаў Корчак. І нібы, апраўдваючыся, дадаў: – Будзе ведаць, як у крыжы страляць. Здзярыце з яго чугу.Чуга лягла на скручаныя рукі, як крылы.– Дзе?Яраш маўчаў. Безвалосая гладкая скура паступава чырванела ад блізкага агню.Нізкалобы раптам засычэў. Ён трымаў Раўбіча за плячо, і валасы на суглобах ягоных пальцаў пачалі скручвацца і спякацца:– Ч-чорт!Мужык, які толькі што адкінуў убок непатрэбны стары меч, раптам крыкнуў:– Корчак! Пабойся бога. Што ж ты робіш, кацюга? Чаго Юстына падбіваеш? Ты ж ведаеш, ён галавою скрушны…Нізкалобы Юстын непаразумела глядзеў на іх, трасучы рукою ў паветры.– Змоўч! – сказаў Корчак. – Змоўч, Брона.– Я пайду ад цябе, – спакойна сказаў Брона. – Я не кат. І ўсе мы, з Кроераўшчыны, не каты. Адна ў нас душа. А ты – як вурдалак прагны. Дачакаешся срэбнай кулі ды асінавага кала.Белыя вейкі мужыка дрыжалі, але казаў ён з запалам, смела.