Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

– Не будзе табе такое поспеху. Таксама і ў яго – гонар.Корчак трохі засмуціўся:– То што, можа, ужо васпан прапануе што?– Забі, а не здзекуйся… Ды ён сам скажа… Скажы, пане, не губі душы.Раўбіч глядзеў ў яго светлыя вочы:– Ідзі, хлопча Брона, у мой пакой, трэці ад залы. Яны не знайшлі…– Ну во, – узрадаваўся Брона. – А вы, сыраядцы…– …а там, за шторай, вісіць мой штуцэр. Для цябе ўжо адну стрэльбу знайду. Трымай на памяць…– А ім не скажаш? – спытаў Брона.– Ім не скажу, – проста кінуў Раўбіч. – Яны расамахі. Падлай харчуюцца. Кроў не па іх. – І, памаўчаўшы, сказаў: – Дабівайце, ці што.Брона глядзеў на Яраша са спакойнай варожасцю і павагай.– Т-так, – сказаў Корчак. – І сапраўды… Паміраць стоячы будзеш?– Але.– Нажыліся мы тут, хлопцы. Дзякуй трэба сказаць аднаму дабрадзею за параду.– Не трэба яму тваёй падзякі, – спакойна сказаў Брона. – Ён сказаў праўду. Ёсць у гэтага чалавека зброя. Ды толькі ўсё вы ўлічылі, акрамя яго.Корчак глядзеў на Яраша. Потым выняў з похваў корд і старчма кінуў яго ў зямлю.– Ты не бойся, раўбіцкі пан. Удараць дакладна.– Я не баюся.Брона пабег па штуцэр і прынёс яго.– Ух-х, які, – усміхаўся ён. – Аж рукі прыкіпелі. Вось гэта дык зброя. Ну, трымайцеся цяпер…Раўбіч усміхнуўся. Выгляд у хлопца быў як у дзіцяці, што атрымала цацку.– Ну, дзякуй… Ты – нічога!.. Ты нават падумаць не пасмееш, я пастараюся ўжо, – спяшаўся Брона і нібы растлумачыў: – Жонку маю з дзецьмі Кроер некуды ў Расейшчыну прадаў за непаслухмянасць… А што яна там?– Я разумею, – проста сказаў Раўбіч.– Вядзіце коней, хлопцы, – сказаў Корчак. – Дом паліць не будзем. Хай удаве будзе дзе жыць. – І усміхнуўся: – Мо і для мяне нешта знойдзеш?Раўбіч з жарсткаватай усмешкай пакруціў галавой.– Ды я жартую, – сказаў Корчак.Людзі з коньмі сталі трохі ўбаку і не глядзелі на іх. Нікому не хацелася глядзець на забойства.Брона выцягнуў з зямлі корд і стаў з левага боку і трошкі спераду ад Раўбіча. Глядзеў яму ў вочы спакойнымі і чужымі вачыма.– Маліся, – сказаў Корчак.Пан Яраш узняў галаву і, гледзячы на языкі высокага полымя, пачаў чытаць апакрыфічную малітву паноў-латнікаў, супраць якой чатырыста год дарэмна змагалася царква. Беспаспяхова, бо чыталі яе адзін раз і потым не было каго караць.Брона слухаў, як падалі словы. Маўчаў і глядзеў чужымі вачыма. І ляцелі, ляцелі ў неба языкі агню.– “ Воіны бога прыйшлі па мяне”, – спакойна чытаў Раўбіч.Корчак адышоў да коней.– “Воіны бога прыйшлі па мяне… Яны прыйшлі – і не самусцілася сэрца маё. Яны прыйшлі – і не здрыгануліся калені мае… Цямноцце было вакол. І ў цемрыве гарэлі твары архангелаў……Як повень блізіліся яны… Як лава раслі яны… Як ураган раслі яны… Як сонца ў час смерці раслі яны”.Дзіўны гук нарадзіўся недзе. Нібы пачынаўся абвал. Далёка-далёка. Брона не здзівіўся. Так яно і павінна было быць. Што ж, калі на чалавека ішлі воіны бога…– “Як чорны агонь былі вочы іх… Як сухая трава ў агні былі валасы іх… Як вежы ў пажар былі крылы іх… Як расплаўненая сталь былі мячы іх. …І разверзлася неба – і пажар быў за спінамі іх.Але не трапятала душа мая”.Пошчак нарастаў і нарастаў, блізіўся. Неадольны, магутны. Зямля стагнала. Потым даляцелі два стрэлы, а праз хвіліну яшчэ два.– Што такое? – спытаў Корчак.– Вялікі атрад, – сказаў нехта.– Войска, – мармытнуў Юстын. – Наўцёкі, хлопцы!– Ці-ха! – сказаў Корчак.Зямля грымела ўжо, нібы з жалеза была.