Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

– І праўда до, – сказаў Корчак і ўскінуўся ў сядло. – Заседзеліся… Брона, канчай ды даганяй.Людзі кранулі коней. Абвал ужо грымеў на ўсю сілу.Брона зрабіў крок і сустрэў вочы Раўбіча.– “Бо не баяўся я смерці дзяцей – ніжэ сваёй канчыны без канца і прычасці, без слёз і памяці…”Брона зайшоў за спіну Ярашу, падняў з зямлі штуцэр і рэзкім ударам корда перарэзаў вяроўкі. А потым з усёй сілы штурхнуў далонню. Раўбіч не ўтрымаўся на замлелых нагах і паваліўся на зямлю.Корчак, азірнуўшыся, убачыў ляжачага і тое, што Брона ўзлятае ў сядло. Коннікі зніклі за домам.…Алесь вырваўся паперадзе табуна на паплавец і ўбачыў разбітыя вокны, пашчапаныя дзверы дома – у іх білі сякерамі, – зыркі агонь, а ля яго нерухомага чалавека.Палалі флігель для гасцей, дом аконама і карэтная падпаленыя, каб было святлей. Рудое, як ільвіная грыва, полымя з гарачым гулам ляцела ў ноч. Курчыліся дахі, тясячамі рубінаў ззялі праз вэлюм агню бярвенні. Раўло, сыпала іскры, несла.І грозна круціўся ва ўсе бакі, пагражаючы мячом, флюгер – коннік на даху флігеля: гарачая труба паветра круціла яго. Варты жалю, маленькі і грозны коннік над морам агню.Алесь скочыў з каня і схіліўся над нерухомым целам.– Пан Яраш! Пан Яраш!…Яраш здзіўлена глядзеў на яго. Потым сеў, паціраючы запясці.– Нічога, – рэзка сказаў ён. – Дзе салдаты?– Якія салдаты? Я адзін.У гэты момант людзі Корчака скакалі ўжо на тым баку возера. Спяшаліся хутчэй пакінуць між сабою і карным атрадам як найбольш вёрстаў.– Няўдача, – сказаў Корчак. – Ані зброі, анічога. Атрад нехта навёў.Гналі коней як апантаныя. І толькі пасля доўгага маўчання Корчак сказаў:– Нічога. Аднаго такі каюкнулі.Брона паціснуў плячыма.– Баюся, што не. Баюся, што ён застанецца жывы.– Ты што?– Часу не было. Калі я ўдарыў яго – мне здалося… корд напаткаў жалеза.– Бран-за-лет, – пахаладзеў Корчак.Брона моўчкі скакаў побач з Корчакам. Ён не шкадаваў ні аб чым.“Воіны бога прыйшлі па мяне”.Ён усміхнуўся змрочна і пагладзіў у цемры варанёны ствол штуцэра.Яраш непаразумела глядзеў на Алеся, запэцканага, з чорнымі пісягамі пад носам, відаць, пакінутымі бруднай рукой. Пад зблытанай чупрынай дзёрзка гарэлі доўгія шэрыя вочы.– А салдаты?– Ды адзін я, адзін. Уставайце. Яны паўцякалі.Раўбіч убачыў успенены табун, што ціснуўся далей ад агню. Перад табуном стаяў, прыціснуўшы вушы, вялізны жарабец і глядзеў на полымя.“Конь нябожчыка Юрыя. На ім ён быў, калі папярэдзіў… Тады, ля кургана. Не, ніколі не пайшоў бы пан Юры ў закалат”.І гэты… Сапраўдны, адзін. Прыскакаў і садзьмуў іх, як віхурай. І ўбачыў яго на зямлі, ачмурэлага. Яшчэ, можа, падумаў, што самлеў, як баба.Яраш адчуў страшнае прыніжэнне. Ён, мужчына, а васьмю слугамі, са зброяй у доме, трапіў у рукі гэтым свінням і цэлую гадзіну цярпеў здзек, нібы чакаючы, што гэты шчанюк з’явіцца на дапамогу. Адзін, з бескарысным, як лёсачка, драбавіком у руках. Прыскакаў на дапамогу таму, каму “помсціў пагардай”. Вядома, такім трэба скакаць на дапамогу, хіба яны самі абароняцца?– Уставайце. Яны не паранілі вас?Яраш нечакана лёгка ўзняўся, пачаў быў абабіваць бруд з жывата і каленяў і ледзь не застагнаў. Прыніжэнне шматавала яго. “Адзін… Адзін… Божа мой, ратуй мяне ад ганьбы… Ратуй мяне ад гэтага ўратавання”.Каб Алесь сказаў тое, што хацеў сказаць: “Хутчэй, пан Яраш, могуць вярнуцца, а нас двое”, – усё, магчыма, абышлося б. Раўбіч убачыў бы ў ягоным учынку простую смеласць, жаданне памагчы бацьку дзяўчыны, якую кахаў.