Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

Але ён не сказаў гэтага. Проста ўбачыў Ярашавы вочы і страшэнна здзівіўся. У вачах было нешта бязмернае і страшнае.– Маеш маё жыццё, – глуха сказаў Раўбіч. – Трэба будзе – аддам.– Нашто так?– Я яго не хацеў. То хіба не ўсё адно, каму аддаць?– Пане Раўбіч…– Я дорага даў бы, каб гэтай дапамогі не было.– Грэбуеце браць з рук? – абражаны, спытаў Загорскі.– Не бяру падачак.– Бацька… – зрабіў апошні крок Алесь.Можа, Раўбіч і зразумеў бы, каб глядзеў у вочы. Але ён глядзеў убок.– Я ні аб чым не прасіў. Ні наогул людзей, ні асабіста вас.Коннік круціўся ў моры агню. І, адчуваючы, што і сам ён такі, Алесь сказаў:– Прабачце... Каб я ведаў, што гэта так, – я прыслаў бы замест сябе слугу... Я меў нахабства падумаць, што я зраблю гэта лепей за яго... Відаць, дарэмна.Голас быў сумны і строгі.– Вы сёння маеце права казаць мне ўсё. Але таму я і не хацеў жыцця з вашых рук... І таму я ўзяў жыццё з рук хлопа, што разрэзаў мае вяроўкі... – Раўбіч хацеў хоць чым-небудзь уразіць гэтага чалавека, пасеяць у ім хоць цень сумнення ў тым, што ўратаваў ён. – Хлопы лепшыя за вас, – скончыў ён.– Вы ўжо лічыце гэтыя вяроўкі сваімі? – сумна спытаў Алесь. – Хутка прывыклі. А хлопы сапраўды лепшыя... Лепшыя за нас... Больш высакародныя і ўдзячныя... Бывайце, Раўбіч. – І пайшоў да свайго жарабца.Пару разоў ён спрабаваў сесці і зноў ставіў нагу на зямлю. І толькі потым, сабраўшыся з сіламі, ускінуў цела на спіну Дуба. Моўчкі крануў з двара.Табун павольна пацягнуўся за ім, пакідаючы дом, у вокнах якога скакалі зарыва, полымя і постаць пасярэдзіне паплаўца.Самотны коннік круціўся ў моры агню...Жыццё сабе ішло і ішло, нібы нічога не здарылася, і дзед па-ранейшаму, але ўжо за сябе і за нябожчыка сына змагаўся за як найбольшую справядлівасць у вызваленні людзей.Яшчэ раней імператар даручыў генерал-ад’ютанту Якаву Растоўцаву, што падаў калісьці сваю прапанову1 адмены, кіраваць падрыхтоўкай рэформы, тым самым ухваліўшы яго думку і даўшы зразумець, што праекты губернскіх камітэтаў састарэлі. Для рэдагавання іх у сакавіку былі арганізаваны дапаможныя ўстановы пры галоўным камітэце – рэдакцыйныя камісіі, што тады ж селі за працу пад кіраўніцтвам Мікалая Мілюціна2.Людзі Мілюціна і ён сам былі ўсё ж лепшыя за многіх. Не лібералізмам, а тым, што гэта былі звычайныя людзі. Цікава, што магло б здарыцца, каб вызваленне, няхай намінальна, даручылі былому шэфу жандараў, а ў той час старшыні Дзяржаўнага савета і камітэта міністраў, Аляксею Арлову? Ад мінулага ў яго асталіся пэўныя схільнасці. У сучасным было поўнае фізічнае і маральнае падзенне, аж да таго, што ён маўчаў, поўзаў па падлозе і еў з пастаўленай на ёй місы, як сабака3. Невядома, што магло апраўдаць знаходжанне такога чалавека на высокай дзяржаўнай пасадзе. Тут не магло быць нават пытання аб дэкоруме, але гэта факт. Поўны вар’ят, жывёла з замашкамі жандара, больш за год займаў гэты пост. Не першы і не апошні выпадак. І пасля гэтага нехта мог казаць, што “Гісторыя горада Глупава” – пасквіль.Так званыя “вяршкі грамадства”, разбэшчаныя наскрозь, звар’яцелыя ад выраджэння, тупыя, кіравалі людзьмі, якія ва ўсіх адносінах былі вышэйшыя і лепшыя за іх. Унутранымі справамі Расіі тры гады кіраваў Бібікаў, адзін з найбольшых містыкаў таго часу; ён рэгулярна па начах выклікаў дух нябожчыка сына, які памёр у Дрэздэне, і нібы гутарыў з ім. І такія людзі маглі казаць бязвольнаму цару словы падзякі за тое, што ён вызваліў “20 millions de pauvres petites shevilles4”. Нават дэмагогу Валуеву гэта не спадабалася.