Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

На пачатку студзеня ў пакоях Пуцяты чутны былі дзівосныя гукі. На пытанне: “Ці не Якаў Іванавіч?” – пачуўся трохкратны стук у дзверы, і па пакоях павеяла магільным холадам.Потым магічны аловак даў на зададзеныя пытанні наступныя адказы:– Што табе патрэбна тут?– Агонь, – адказаў аптымістычна настроены мярцвяк.– Для чаго?Схільны да рашучых дзеянняў, ваяўнічы нябожчык адказаў:– Ваяваць!!!– Каму ваяваць?– Міністрам.Пэўна, здань даведалася ў нематэрыяльным свеце аб нечым ганебным для яе гонару, чаго яна не ведала на зямлі.– З кім?– З падступным князем Канстанцінам.– Які канец?– Уседзяржыцель! Магіла!Устрывожаны і ўражаны да глыбіні душы, Пуцята зрабіў даклад аб гэтым Мураўёву-вешальніку, у той час міністру дзяржаўных маёмасцяў, а той – графу Адлербергу, міністру імператарскага двара і ўдзелаў, пасля чаго яны ўтрох падзяліліся гэтай астральнай размовай, вядома ж, з шэфам жандараў і начальнікам трэцяга аддзялення Далгарукавым, тым больш што ён быў не абы-якім знаўцам тагасветнага яшчэ з часоў справы Сялецкага1. Спачатку думалі даць ход справе, але Растоўцаў быў мёртвы, а флюіды – рэч ідэальная, і пасадзіць іх нікуды нельга. Таму раздумалі.А паколькі сігналы былі трывожныя – усе чацвёра ўпалі ў паніку і доўгі час знаходзіліся ў разгубленасці, што ж цяпер рабіць?...Але да скону Растоўцава яшчэ аставаўся час, а рэдакцыйныя камісіі не згаджаліся з ім да канца. Без зямлі вызваляць было нельга, бо “мужык” – гэта не толькі яго ўласнае, нікому не патрэбнае жыццё, не толькі яго “побыт”, але яшчэ і плацёж дзяржаўных павіннасцяў. Акрамя таго, улічвалі, што вольнаму бездамоўніку не трэба шукаць сякеры ў сенцах, а касы – на другім канцы сваёй сенажаці, дзе ўчора забыўся на яе. І тое і другое было заўсёды пры ім.Вырашана было зямлі даць больш, а павіннасці зменшыць, хоць і не настолькі, як аб тым лямантавалі Магілёўская, Цвярская і яшчэ адна-дзве губерні. Нельга было дапусціць, каб беззямельны замнога аддаў былому пану, – скарбніца дзяржавы была спустошана. Замест вотчыннай улады было дэмакратычна прапанавана сялянскае ўпраўленне... пад наглядам паліцэйскіх органаў.Камісіі працавалі пяць месяцаў і скончылі чарнавы праект, але адразу пасля гэтага пачалася валтузня і віск “пакрыўджаных”. У Пецярбург ляцелі заўвагі ад тамбоўскіх, тульскіх, маскоўскіх паноў. Цара заклікалі не даваць веры “лібералішкам”. Дэпутаты ад губернскіх камітэтаў паехалі ў сталіцу рабіць змены ў праекце.– Я туды не паеду, – сказаў дзед. – Загадзя скажу, што будзе. Мяккацелыя пачнуць дабівацца неадкладнага выкупу, няцяжкага для іх, суда і публічнасці, а гасудар, у невымоўнай сваёй літасці і ўвазе да тых, хто любіць прастол, пакажа ім хвігу.Як у ваду глядзеў. Сапраўды, на ліберальным цвярскім “адрасе пяцёх”, “ни с чем не сообразном и дерзком до крайности”, было накрэслена гасударам “замечание авторам” за ”неправильные и неуместные свои домогательства”.Лібералы Масквы прасілі аб маленечкім прадстаўніцтве і атрымалі ў адказ толькі тры словы:– Ишь, чего захотели.Заўвагі камісіі – нават гэтыя заўвагі! – палічылі занадта левымі і выправілі.Але на практыцы не было дадзена і гэтага. Адразу пасля таго, як Растоўцаў накіраваўся ў сваё, такое неспакойнае для ўсіх, замагільнае падарожжа, на яго месцы сеў міністр юстыцыі граф Панін, таксама спірыт, і падтрымаў крайніх “правых”. Нормы зямельных надзелаў былі зменшаны, павіннасці – узраслі.