Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

Алесь лазіў па сходах, мастках і кацельных памяшканнях цукроўні. У гэты час – пачатак красавіка – яна амаль не працавала. Толькі ў адным з цэхаў ішла апрацоўка яшчэ з восені нарыхтаванага паўфабрыкату. Зрабілі запас, каб не было вялікіх прастояў.Ішла крышталізацыя і прабелка цукру. Алесь ішоў уздоўж рада, аглядаючы бляшаныя і гліняныя прабелачныя формы.– Колькі людзей працуе падчас таркавання буракоў?– У дзвюх зменах мужчын-чорнарабочых – дваццаць пяць, жанчын – каля двухсот, – адказаў чырвоны, як памідор, сівавусы цукравар – механік з Гамбурга.– Ну вось, а цяпер пяцьдзесят, – сказаў Алесь. – Амаль на чвэрць знішчана сезоннасць, пан Ліхтман. А вы пратэставалі супроць паўфабрыкатаў.– Я і цяпер пратэстую. Цукар горшай якасці.– А колькі бурака гіне падчас завальнай працы? Нагамі па ім ходзяць, гніе ён, у малясе павышаны працэнт цукру. І потым... няхай горшая якасць. Вы маеце пенсію круглы год, і вам трэба хоць раз падумаць, што адчувае сезоннік. Пяцьдзесят чалавек атрымліваюць свае грошы на пачатку красавіка, як быццам гэта дзесятае кастрычніка, пачатак поўнай загрузкі цукроўні.Ён амаль бегаў пыльнымі пераходамі, шмыгаў у люкі, спускаўся ў кацельную, дзе чырвоныя, як гномы, качагары махалі шуфлямі. У кацельных свістала пара, дробна дрыжалі льсняныя ад масла цыліндры. Працавала паравая машына высокага ціску на дзесяць конскіх сіл, што прыводзіла ў рух цэнтрыфугі....Усё, здаецца, ладзілася. Скончаць адбелку – трэба пачынаць рамонт гэтай цукроўні. Вялікі рамонт: мураваны будынак на тры паверхні, два будынкі драўляныя. Пашырэнне другой цукроўні, устароўка на ёй машын і посуду, купленых у Англіі і Берліне. Пабудова асобнага будынка яшчэ на два паравыя катлы.Выбіцкі, немец і майстры ледзь паспявалі за ім. Майстроў на гэтай цукроўні было пяць, усе беларусы: майстра – механік, каваль, слесар, меднік і сталяр.– Тры гідраўлічныя прэсы, – казаў Алесь. – Тры, што патрабавалі рамонту. Механік!Механік быў падобны на корч: тупы з выгляду, страшны мужык. Так усе і лічылі. Але Загорскі аднойчы бачыў, як ён, правяраючы каласнікі, адзін у кацельнай, стаяў, абапершыся на шуфель, і, заліты чырвоным ззяннем, заплюшчыўшы вочы і пяшчотна пагойдваючыся, спяваў: “Не для мяне яна, вясна, не для мяне Дняпрова повень”. Спяваў прыгожым душэўным тэнарам.– Маленькі, з шасцідзюймовым пістонам, адрамантавалі, – сказаў механік. – Два вялікія, дванаццацідзюймовыя, – вось-вось...Алесь здзіўляўся, чаму гэта большасць людзей нібы саромеецца гаварыць пра грошы і свае да іх адносіны. Гаспадарка – калі ласка, палітыка, мастацтва, трасца, халера, хоць зараз. А як грошы – стоп!Вядома, грошы былі “агідным металам”, “нікчэмным металам”, але пакуль што ўсім даводзілася жыць у свеце, дзе без іх не абыдзешся. І не маглі ў гэтым свеце існаваць ні гаспадарка, ні палітыка, ні мастацтва – не пацершыся аб той метал, без яго. А між тым усе маўчалі аб ім, робячы выгляд, як бы яго і не было.Героі кніг жылі, нібы ў іх быў неабмежаваны крэдыт. Героі не ведалі, колькі каштуюць боты, цялячая нага або фунт вось гэтага цукру. А гэта ж было цікава, бадай як паэзія, хоць і далёка не высакародна.Грошы часам знішчалі існае. Але што ні кажы, гэта яны ж рухалі шматлікімі сіламі на зямлі, гэта яны прымушалі многіх выдзірацца з балота адсталасці, напружваць розум і мускулы, змагацца.Галоўнае, самае першае ў кожным народзе, было тое, як ён урабляе палі, будуе дарогі, наводзіць масты, якія машыны стаяць на яго фабрыках і, урэшце, як ён зарабляе і як выдаткоўвае гэты самы “агідны метал”.