Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

“Чорта табе, а не кодэкс гонару! Я вось зараз палезу пад кацёл і пагляджу, што там з папельніком... Хлусня! Рабства ў ілжы!.. Хочаце забіць мяне, а я не дамся! Ды я здох бы даўно, каб не працаваў! Стаў бы трупам, амёбай, смаўжом.Я шукаю жывога, а не торкаеце мне і ўсім крыж на Сафіі і сусветнае панаванне. Але вы забылі адно, панове, што вы пакінулі мне працу і менавіта таму ў вас нічога не атрымаецца са мною і з тысячамі іншых.Менавіта таму вы і пралічыліся. Менавіта таму, што вы не можаце забараніць працу – мозг чалавека ніколі не ўспрыме велічы ў курэнні ладану.Бо калі вы спыніце кола – вы спыніце жыццё. Наогул жыццё. І перш за ўсё сваё.І пасля кожнага свайго падзення я, Чалавек, устаю, бо мяне ўздымае праца. Адзіная з усімі на зямлі...”Нехта бег, грукочучы, па жалезных сходах.– Паніч! Паніч! Княжа Алесю!Кірдун. Распатланы, бледны, без шапкі і чугі. Выціраючы рукі прамасленай анучай, Алесь нездаволена адарваўся і ад разабранага гідраўлічнага прэса і ад сваіх думак:– Што здарылася?– Пані Антаніда!– Што?!– У непрытомнасці.У пакоі маці цьмяна мігцела адзіная свечка. Цёмныя шторы былі апушчаныя. Ледзь вымалёўваліся срэбныя і хрустальныя грані флаконаў на начным століку, маціцай блішчала італьянская маёліка пад шклом.Вельмі не гарманіраваў гаркаваты пах парфумы з візантыйскай яшчэ, на кіпарысавай тоўстай дошцы, “Траеручыцай”. Трэцяя рука вырасла, каб утрымаць сына, што падаў у студню, бо дзве другія былі занятыя. Ікона была па сутнасці ерэтычная, але добрая чалавечай дабрынёй, не ў прыклад другім візантыйскім іконам.Такую дабрыню ў вачах Алесь бачыў яшчэ толькі на адной – таксама візантыйскай – іконе, на іконе “Уладзімірскай маці божай”.Пані Антаніда ляжала на канапе чамусьці пераапранутая ў самы свой улюбёны святочны строй: белую з золатам, аблямаваную валансьенскімі карункамі сукню і белыя з золатам, да смешнага маленькія туфлікі.Твар у святле свечкі быў слаба-ружовы, гаротныя вейкі апушчаны.Алесь нахіліўся над ёю:– Што з табой, мамцю?– Не ведаю. Пераапранулася... Раптам закруцілася ў галаве.– Відаць, рэзка ўстала. Ты клікала мяне? То я пасяджу.– Так, цяпер пасядзі.Цёмна-шэрыя і шырокія вочы глядзелі на Алеся пільна.– Які ты! Працаўнік. Гаспадар.Алесь убачыў сябе ў туалетным люстры. Пыльны, з сяк-так выцертымі рукамі, непрычасаны.– Пайду памыюся і пераапрануся.– Не. Не трэба. Ты харошы вось такі. Табе ніколі не казалі дзяўчаты, што ты прыгожы?Алесь сумеўся.– Прыгажэйшы, чым прадзед Акім. Усё лепшае, што было ва ўсіх нашых, ты ўзяў сабе.– Ма-аці, – з ціхім дакорам сказаў Алесь.– Не буду, – сказала яна. – Гэта я адзін раз у жыцці.Усмешка яе была сумная і слабая. І чамусьці ў Алеся ад гэтага нешта як павярнулася ў сэрцы.На хвіліну ён заплюшчыў вочы, а калі ўзняў векі – убачыў, што маці глядзіць на яго, нібы шукае суцяшэння.– Загінуў бацька, Алесь. Што ж рабіць?Што ён мог адказаць на гэта...– Вясна? – спытала.– Вясна.– Лебедзі лятуць?– Але. Хоць яшчэ сям-там снягі.Апусціліся веі. Алесь бачыў, што шчокі ў матулі трохі ружавеюць, нібы яна збіраецца з сіламі.Прадчуванне нейкай няяснай трывогі закралася ў Алесева сэрца.А шчокі маці ўсё ружавелі. І ўсё больш напружваліся плечы пад карункамі.– Я казала яму: не ідзі, не забівай мядзведзя. У яго босыя ногі. Ён быў галодны і ратаваў сваё жыццё. Як мы... Усё ратуе сваё жыццё... Усё было балюча. Жыць – балюча, жывіцца – балюча, дыхаць – балюча.