Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

– М-ма-а!.. – кінуўся ён да дзвярэй.– Стой, – ціха сказала яна. – Дзеля мяне пачакай, ну! – Вочы былі такія пагрозлівыя, што ён спыніўся. – Я павінна сказаць... Праз пяць хвілін пойдзеш... Ну... Хадзі сюды... Дзеля памяці бацькі.Ён сеў ля яе. Яна ўзяла яго за руку.– Слухай, няхай нават позна... Ведаеш, як я пакінула есці – мне стала лёгка... Упершыню ў жыцці... Я нікому не вінная.– Але гэта смерць! Мама!– Так. Гэта зачараванае кола. Дарогі, каб вырвацца, чалавеку не дадзена. Або знікай, або забівай. Вар’яцкая прыдумка. І таму мы асуджаныя. Няма выйсця.– Мама...Яна трымала яго руку, але нагою ён непрыкметна націскаў на пласцінку начной санеткі ля яе ложка. Націскаў... Націскаў... Націскаў...– Сэрца амаль не білася. Я ляжала без рухаў, каб даўжэй думаць. Доўга думала. І вось...Ён ціснуў пласцінку санеткі... Ціснуў... Ціснуў... Ніхто не ішоў. І ў адчаі ад гэтага ён спытаў:– Нашто, нашто ты гэта зрабіла?– Ты даруеш мне. Ты астанешся моцны, бо ў цябе вялікая, высакародная мэта. А я заўсёды была непрыдатная. Цень – і ўсё.Алесь фізічна адчуваў, як павінен калаціцца званок у пакоі Анежкі... Божа, толькі б хутчэй прыйшлі!– Нашто? Нашто?– Я была прыдатная толькі на гэта. Узбунтавацца. Пакараць сябе за ўсіх, – вочы яе лавілі ягоныя вочы. – Можа, хоць па кроплі маёй крыві бог пакладзе на астатніх і даруе ім, не ведаюць бо, што робяць.Голас раптам стаў амаль пагрозлівы:– І ён... таксама. Прыкуць такі дух да быдлячай абалонкі! Як ён мог! Жэрці, як жывёлы, адкідаць, як жывёлы, раджаць дзяцей, як жывёлы... І любіць іх за тое, што забіваюць... У, дрэнь!.. Хіба вінаваты людзі? Калі ў помыслах сваіх ім бы жывіцца святлом!.. І ўсё ж я выпрасіла... дараванне.Ён націскаў і націскаў пласцінку... Ды што яны, аглухлі там усе, ці што!– Нашто ты так? На-што!– На маем права... І мне страшэнна шкада вас: бацькі, Вацака і асабліва цябе. Ты ўразлівы, тонкі. Ведаю, не маем права – шкада. Можа, гэтымі днямі я выкуплю права на вас, і вы атрымаеце за агульную неяк жыць на зямлі. Не несці адказнасць за агульную віну.Варухнулася:– Трэба было давесці. І за тое, што я – сваячка Кроера. І за ўсіх чыста людзей. І за яго, беднага, і за сябе. Трэба было давесці, што мы не забойцы, што мы ад адчаю жывём жыццём другіх... Хоць некаму ўзбунтавацца... Каб ведалі, што гэта нам крайняя пакута, што людзі думаюць... думаюць... над гэтым.Здаецца, пачыналася трызненне. Вочы гляделі вышэй яго.– Я яго страшэнна кахала. Дай бог, каб цябе... так...Дрыжучы, ён схіліўся да яе. Яна дакранулася вуснамі да яго вачэй:– Ты панясеш мае вочы далей.З вялікім, з апошнім высілкам дакранулася да яго рукі:– Абяцай мне. Абяцай, што ніколі без крайняй, без смяротнай патрэбы не адбярэш жыцця ў жывога.Ён кіўнуў галавой.І тады яна, нібы вычарпаўшы ўсе сілы, апусціла плечы. Толькі тады. Апусціліся і веі, цяпер спакойныя. На павеках ляжаў блакітны цень....Не памятаючы сябе, ён кінуўся ўніз:– Людзі! Лекара! Людзі! Людзі!Але яшчэ раней, чым прыбеглі людзі і лекар, у пані Антаніды пачалася агонія. Дзіўная, спакойная агонія, падобная на згасанне лампады, у якой усё выгарала датла...Яны сядзелі ўдвух у пакоі дзеда. Ён заўсёды спыняўся ў ім, калі прыязджаў у Загоршчыну. Алесь трохі адышоў, так і не выплакаўшыся; дзед, ва ўсякім разе, больш не баяўся за яго.Так яны і сядзелі пад адным агульным горам, вельмі стары ды малады. А паміж імі стаяла пляшка кмяноўкі ды запыленая, бы ў фуфайцы, бутэлька віна.