Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

– Вы маг, дзядзька.– Я шмат такога ведаю... Дарэмна ты не прыязджаў. Простасць табе патрэбна чалавечая, хлопец... Звычайнае, шэрае, сваё... Хай неразумнае, парэпанае, але сваё... Як продкі жылі. Былі багатыя, а на мулкім спалі... Дый не чужы ты мне. Дзяцей у мяне няма... Усё вайнішча гэта. А нажніцы твае, пастыжныя, срэбныя, і дагэтуль на сценцы вісяць. Побач з лістом, з асабістай мне падзякай Ярмолава Аляксея Пятровіча. Мы тады, каптэнармус выпадковы, чатыры салдаты ды я, пяць дзён перавал супраць лезгінцаў трымалі. І назву ўжо таго перавалу забыў, а дагэтуль, як успомню – вішчаць ды галёкаюць, ну – сэрца падае, няма куды дзецца.– Вам колькі ж год, дзядзька!– Не так ужо і многа. Нарадзіўся я цераз тры гады пасля смерці імператара Паўла. Значыцца-а... Вось, пяцьдзесят пяць мне... А туды я трапіў маладзён шаснаццаці год. Афіцэры, бывала, піць ды ў карты. А мне матуля многа прыслаць не магла, ды прагуляўся б я, а з салдацкай казны пазычаць – гэта бога забыць трэба. Дый нецікава гэта мне. То я ў перса куплю... па-нашаму не ведаю, як табе і растлумачыць, але вязкая такая, дрыжыць, як наша студзіна, але не з мяса, а з дыннага, здаецца, соку ды цукрам абсыпаныя... словам, “рахат-лукум”... ды сяджу, ды зубы ў мяне, бы ў смале, вязнуць, а сам гляджу на горы... І здаецца мне, нібы зусім яны не з каменя, а з блакітнага вэлюму і лёгкія, аж пустыя знутры, як шатры... Вось-вось палятуць.Пасуровеў злёгку.– Толькі спачатку яны такія і былі.– Ну і як вы там?– Сем год быў у асобным каўказскім корпусе пры Аляксею Пятровічу, доўгія яму гады. Жывы яшчэ. Пакрыўдзілі яго, а мужык які быў! Леў! Баяліся яго вярхі. Чуткі сярод салдат хадзілі – “абы закалат, а мы ўжо яго на штыках данясем да трона”.– Як на штыках?– А так. Штыкі ў парусіну ды на плечы. А на парусіне генерал, каб вышэй. А вакол салдаты ды сцяганосец... Мяне ён помніў, хоць і не дужа адзначаў. Не цярпеў ён гэтых дрындушак ні на сабе, ні на іншых. І правільна. Ганарыцца тут няма чым. Прысяга, вядома, іначай кожнаму салдату праз дваццаць пяць год не чыстую, а галаву сячы б трэба... То Аляксей Пятровіч гэта разумеў. Не тое што Паскевіч. Той за Эрывань ды Арзурум мне таксама ліст ды зброю, кінжал ды асабістую шаблю, ды крыж. А я гэта ўсё ў скрыні трымаю. Выбіў люльку, крэкнуў, нібы глынуўшы чарку.– Пасля праваяваў я год лішнім з Паскевічам Іванам Фёдаравічам. Восем год было ўжо маёй службы. Адзначыў ён мяне, пасля таго як мы крэпасць бралі... Як бо яна?.. І гэта забыў! Але пакрыўдзіў ён мяне там моцна. “Шпуры, – кажа, – трэба весці ды ўзрываць”. А я яму: “Дазвольце сказаць, не трэба гэтага. Прыдатная крэпасць. Нам спатрэбіцца. Войска многа, пакіньце яе ў абцугах ды – зморам яе. Шкада крыві”. А ён: “Вы баіцёся, здаецца?” Графства дурное! За такія словы дурніла салдат, дзе і не трэба, на смерць ідзе.Яроцкі казаў глуха і спакойна, нібы аб тым, як яны ўчора паабедалі.– Я пайшоў ды, пакуль яны там валтузіліся з падкопам, самавольна тую крэпасць узяў. Давялося яму на свечку папляваць, а порах здаць у цэйхгауз, на рабунок... Зразумеў, што пакрыўдзіў мяне. Як наведвае наш полк, то не абміне, каб не спытаць: “Як жывеш, зямляк?” Ды і па імю, па бацьку.Усміхнуўся:– І вось хоць што кажы, хоць і наш, беларус, а не любіў я яго, нябожчыка. І тады, і цяпер. І не за палякаў, што ён з імі ўчыніў. Гэта – прысяга, і хто богу не вінаваты? А так проста. Слізкі быў чалавек. Царадворац. Душа, здаецца, наросхрыст, а сам хітры, як лін.