Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

– Ваявалі, – казаў дзядзька. – І вайна ж тады падлючая была. Выходзім палком, адрэжам кавалак лесу, расставім пасты, каб не стралялі па воінах, дый выпляжым увесь лес. Усё чыста, акрамя ажыны. А потым, у суш, прыйдзем ды спалім. Дзікі ўцякаюць. Фазаны, бедныя, лятуць, ды, глядзіш, нейкі гарыць на ляту... Так, спалім на гэты раз і з ажынай. Прасекі вядзём, заложнікаў бяром.Цягнулася салома ў агонь. Сухое цела колішніх каласоў.– Агульго яшчэ раней узялі, – каторы раз успамінаў дзядзька каўказскія прыгоды. – Шаміль тады ў Даргу ўцёк. І пачалася вось такая вайна. Цяпер ёй толькі канец надыходзіць. Кажуць, акружылі нібыта імама ў Гунібе... А тады і канца гэтаму не прадбачылася. Пайшлі мы з галафееўскай экспедыцыяй на Чачню... Жыхары ўцякаюць, быдла крычыць. Словам, калі прыходзіць набег у аул – пуста там. Адны старыя ды куры. А то і старых няма, адны куры. Тут ужо казакаў за рукі трымай. А калі аул блізка і там у кагосьці з казакаў кунак ёсць – казакі салдат трымаюць. Вайна, вядома! Назавем для прыкладу тры аулы: Вялікі, Малы, Сярэдні Хунзах. Гэта я назвы зараз прыдумаў, для прыкладу. То вайна прыблізна такая будзе, па данясеннях: “Узялі аул Малы Хунзах. Жыхароў перабілі, курэй злавілі і з’елі, саклі спалілі, мячэць загадзілі”; “Узялі Сярэдні Хунзах. Мячэць запаскудзілі, саклі спалілі, пералавілі і з’елі курэй”; ”Узялі аул Вялікі Хунзах. Курэй пералавілі і з’елі, мячэць загадзілі, саклі спалілі”. Паўсюль, як бачыш, аднолькава. Усёй розніцы, што спачатку, а што потым. Ды яшчэ Малому Хунзаху разам з жыхарамі дасталася, бо ніжэй па гары ляжаў... Старыя салдаты і афіцэры гэтым грэбавалі. Ну, а шчанюкам, вядома, прывабна. “Начальства загадвае. Ягоны адказ. Круш-шы, хлопцы!” Дый гонар. То яго на стайні дзерлі або, скажам, да скарбніка на абед не запрашалі, а тут перам ім зямля гарыць... З той прычыны, што вайна не вайна была – звярэлі людзі, і ўжо як дойдзе да кінжалаў і куль, то трымай іх толькі. Але рэдка сапраўдная справа была. Аднойчы пайшлі лес сячы, і раптам – напад. Дзень біліся. Рэчка там такая ёсць... Назвы не нашы, то забыў... Ва... Валерка?.. Валетка?– Валерык.– Глядзі, правільна. Адкуль ведаеш?– Вершы такія ёсць. Лермантаў напісаў.Дзядзька на хвіліну адарваўся ад сваёй “пражы”, каб паскрэбці падбародззе. Агеньчык, нібы толькі таго чакаючы, папоўз з печы да стажка.– Куд-ды? – дзядзька, спаймаўшы яго, запхнуў назад. – Ану, хадзі да сваіх!.. Ведаў аднаго. І якраз у гэты час. На Валерцы і пры экспедыцыі.– То гэта ж вялікі чалавек, дзядзька... Паэт?– Ці паэт – не ведаю. А што паручнік – добра помню. Афіцэр быў неблагі. Толькі свавольны і непаслухмяны. Не хацеў у экспедыцыі ваяваць. Сэрца, значыцца, яму не дазваляла, каб загадвалі.– Можа, гэта не той... Міхал?– Міхал Юр’евіч, правільна.– Ах, чорт, – дзядзька нібы адразу вырас у вачах Загорскага: трэба ж думаць, каго бачыў! – І гаварылі вы з ім?– Чаму ж не гаварыць, калі трапіцца. Што ён, турак? Мы з ім і паляваць хадзілі. І чаёк з ім ганялі. Я там ад кавы нашай адвык. Усё чаёк ды чаёк. Выключна мы з ім чай умелі рабіць... Сакрыты былі розныя... Ён свой у аднаго сябра выпытаў – забілі яго потым пад грознай крэпасцю. Па-дурному зусім. А мне мой сакрэт дарам дастаўся: хочаш, каб кава або чай добрыя былі – кладзі як мага больш і таго і другога.– Раскажыце, дзядзька, які ён быў?– Які... Звычайны... Вочы ды нос, ды дзве рукі. Несамавіты такі... Ногі крываватыя, нібы дзіцём на рахіт хварэў. Звычайны армейскі афіцэр... Толькі што багаты.