Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

– Аб чым гаварылі хаця?– Помню я, думаеш, пра што з кожным афіцэрам гаварыў?“Гэх, дзядзька-дзядзька, – падумаў сам сабе Алесь. – Пашанцавала табе, а ты...”Ледзь не плюнуў з прыкрасці, але потым падумаў, што віны Басак-Яроцкага тут няма. Звёў лёс са звычайным армейскім афіцэрам, якіх Пятро, сапраўды, бачыў сотні. Хто адрозніць пад шэрым сукном адно сэрца ад другога. Гэх, людзі! І сапраўды, “сорамна-с”.– Помню толькі, што незвычайнай храбрасці быў чалавек. На што ўжо тыя басурманы, а ён і іх перабасурманіў. Набраў сабе добраахвотнікаў – такія ж адарві-галовы, як ён, – дый пайшоў гуляць. Сам у чырвонай сарочцы, у бешмеце, конь пад ім белы... Што ты думаеш, на такое паглядзеўшы, ды жыццём не рызыкаваць – гэта нельга. Вельмі проста і з розуму з’ехаць або запіць да апошняга салдацкага крыжа ды забыцца, хто ты ёсць, чалавек.Засмяяўся:– Мы з ім і ў крэпасцях на лініі стаялі. Гэта толькі кажуць, што “вайна, у, вайна!”, а на самай справе вайна – гэта нудота. Асабліва ў крэпасці. Рэдка вясёлае здарыцца. Быў я некаторы час камендантам крэпасці Шатой. Адна назва, што крэпасць. Вал ды заплот, ды сям-там глінабітны мур. Ну, аднак, у мяне салдаты ды некалькі гармат. Вось аднойчы стаю на муры, аж бачу – пыл на дарозе. Ляціць коннік. Абадраны такі джыгіт. Буркаю нешта прыкрыў. Падлятае пад браму: “Іван! Адчыняй!” – “Чаго табе трэба?” – “Адчыняй! Прапаў зусім, калі не адчыніш!”Зноў засмяяўся.– “Ды што табе тут конча трэба?” – пытаю. Той як узаўецца. Вочы бандыцкія, жаласныя, у горле аж клякоча: “Адчыні, шайтан. Марушка карапчыў”. А гэта ў яго, значыць, грошай не было, то ён сабе дзеўку, жонку, узяў ды ўкраў. Добра. Пусціў я яго. Ён дзякаваў. І дзеўка кланяецца. А зброю я ў яго ўсё ж забраў. Ведаю, чым гэта канчаецца. Даў яму з дзеўкай пустую халупу. Думаю: “Паспрабуйце знайсці. А калі і знойдзеце – позна будзе”. Сам пайшоў чай піць. І двух кубкаў не выпіў – кліча салдат: “Ідзіце на муры, ваша высакароддзе”. Іду. Бачу, перад брамай чалавек пяцьдзесят на конях. Усе са стрэльбамі. Ну, думаю, купіў сабе клопату з-за чужога вяселля... Наперадзе коннікаў чачэн. Нос бы ў ястраба, барада рыжая, як, ты скажы, ён яе назнарок пафарбаваў. Вочы бандыцкія. І папаха белым абкружана... Хаджа! “Іван, адчыняй, злодзей у цябе. Карапчыў маю дачку. Мы яго зараз рэзаць будзем”. А я яму: “Ты ў сваім доме дасі кагосьці рэзаць? Вось. А тут – мой дом”. – “Я ў сваім доме зладзеяў не прымаю”. – “То што, – кажу, – ніводны з тваіх гасцей па баранту за Церак не хадзіў?” Некалькі чалавек засмяяліся. Потым рыжы кажа: “Пусці мяне аднаго”. “Ну, адзін, – падумаў я, – нічога не зробіць. Дый позна”. “Ідзі, – кажу. – Толькі астатнія хай ад’едуць, а ты зброю пакладзі”. Рыжы кажа: “Кінжал адзін пакінь, Іван”.Ну вось, не стаў я Рыжага абражаць. Пусціў. Ідзе той, вачыма толькі па баках зыркае. І як яго хто вядзе, проста да той мазанкі. Ну, думаю, пачнецца зараз.Вочы Яроцкага смяяліся:– Узяў кінжал ды як кінуў у дзверы, зубы ашчэрыўшы, – аж той дзюймы на чатыры ўпяўся. Толькі і сказаў: “Гых-х...” Зразумеў, што позна, але злосць сарваў. Ды яшчэ нібы сказаў гэтым ударам: “Узяў ты маю дачку, то на і кінжал, падавіся...” А праз некалькі дзён памірыліся. Такая гулянка перад крэпасцю была – любата! І мяне частавалі, як пасаджонага бацьку.Памаўчаў:– Гэта прыемна ўспомніць. А астатняе – хлусня. Народ, галоўнае, харошы. Нельга мне было таго джыгіта не пусціць. Ну што, ну зарэзалі б. Мала зарэзалі людзей? Мала іх і так рэзалі, каб яшчэ за каханне... Ведаеш, як па-іхняму “каханая” будзе? Х’ёме... чуеш? Як падыхаў... О!..