Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

– Будзеш?– Буду.– Вочы твае дзе былі? Два гады яна нам дарагая.– Я спачатку і чакаў. Да не чакала яна. Неахвотна ёй дваццаць год чакаць.– Не зыгуй. Не нясі. Адступіся.– Не. – Паўлюк навесіў Кандрату.І ў гэты час на малодшага наваліўся Андрэй.Біткі біліся моўчкі, сцяўшы зубы. Браты-блізнюкі адчувалі: насмяяліся з самага дарогога, што ў іх было. Паўлюк быў у ярасці: два на аднаго. Дык чорта ім дзеўка. Спыталі б, халеры, у яе. Паўлюка прыціснулі да сцяны. Разважлівы і спакойны, ён мог часам выбухаць шалёнай ярасцю. І цяпер, ведаючы, што яго адольваюць і могуць так налупцаваць, што тыдзень да плота не пойдзеш, ён адчуў у вачах чырвоны туман. Рвануўся між братоў і зняў са сцяны цэп: дубовы біч на адпаліраваным рукамі арэхавым цапільне.– Гэн! – рыкнуў так, што браты адляцелі. – Сунецеся да яе – заб’ю... Саромеўся вас, а вы з кулакамі... Заб’ю!І рынуўся на іх. Кандрат быў зарагатаў, але адразу адскочыў. Цэп урэзаўся ў ток ля самых ягоных ног. – Дур-рыла! Ты што?!Але Андрэй з белымі вачыма схапіў ужо другі цэп і бег на Паўлюка. – Гэх-х! – цапы стрэліся ў паветры, закруціліся адзін за адзін.Паўлюк вырваў свой. Кандрат непаразумела глядзеў, як браты лезлі адзін на аднаго. Гэта быў ужо не жарт. І тады ён таксама схапіў цэп. Паўлюк ляцеў на Андрэя, і Кандрат падставіў цапільна, ірвануў цэп з рук у брата і адкінуў у кут... Андрэй, нібы не разумеючы, наляцеў на іх, падняў цапільна: біч звыкла круціўся ў паветры. Кандрат ведаў: адзін удар – і смерць. Скокнуў, схапіў Андрэя за рукі. Тым часам Паўлюк зноў схапіў свой, а заадно і Кандратаў цэп. Кандрат пацягнуў Андрэя за сабою, разам з цэпам, і спіною прыціснуў Паўлюка ў кут. Не маючы змогі размахнуцца, яны гупалі аднымі бічамі то па сваіх руках, то па чужых спінах. Бічы боўталіся, як язык у звоне, і ляскалі мякка, але адчувальна. Кандрат атрымаў ад кагосьці па галаве, вышэй падковы. Захістаўся. І ў гэты момант уварваўся ў гумно азярышчанскі пастух Данька. Гнаў каровы, хацеў папрасіць крэсіва і ўбачыў.– Скачаце? – з лютым гумарком спытаў Данька. – Танцы? – Аг-га, – нічога не разумеючы, – сказаў Кандрат.– Ну, то я вам апошні зараз сыграю, – усміхнуўся Данька.І шліхтануў, са стрэлам, цыганскай пугаю. Ды па ўсіх трох. Ды яшчэ. Яшчэ. – Аюц, кноразы! Ашкір вам, бараны!Урэшце да ўсіх трох дайшло, дый жыгала пуга, як гарачым жалезам. Браты адпусцілі адзін аднаго. Кінулі цапы. Няладна было ў гумне.Не глядзелі адзін аднаму ў вочы.– Вы што ж гэта? – спытаў белы як смерць Данька. – Ах, ёлупы, ах вы, дрэнь навалачная.Кагуты маўчалі.– І, пэўна, праз бабу. Я і то бачу: на вёсцы адзін смаляны плот ды тры балваны ля яго...Ды ёсць такая баба , каб вартая была?!Кандрат урэшце апамятаўся.– До ўжо. Не чапай бабы.– Я яе зачаплю, – пагрозліва сказаў Данька. – Не ўсё мне па жаўнерках ды ўдовах. Падумаю вось, падумаю, ды ў вас, казлы, і ў цябе, пісклюк, так яе смыкну з-пад носа...Гожы Данькаў твар быў рэзкі. Нешта ястрабінае было ў вачах. Задрыжалі бровы:– Браты. Ды вы, як пырнік, з адной сувалкі ўсе.. Ану мірыцеся!Маўчанне было доўгае. Потым Паўлюк цяжка ўздыхнуў.– Я вінаваты, Кандрат... Вінаваты, Андрэйка.– Чорта нам з таго! – сказаў Андрэй.– Я сказаць хацеў – духу не хапіла.– З табою яна хоча? – глуха спытаў Андрэй.– Але... Не хацеў, браце.Андрэй махнуў рукою:– А, ды што там... Спаў ты, як сумленне раздавалі... Хадзем, Кандрат!...Гадзінай пазней, седзячы на беразе, браты, усё яшчэ моўчкі, мачалі рукі ў ваду і прыкладалі да сінякоў і гузоў. Парушыў маўчанне Андрэй: