Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

– Ну?– Вось табе і ну. Праспалі.–Ды што ж зробіш? Другому б бакі намялі. А тут... Брат усё ж...І Андрэй разгублена ўсміхнуўся:– Дурні мы с табою, дурні. Адразу б спыталі. Вось і дачакаліся.– Свіння брат, – сказаў “на пяць хвілін малодшы”. – Пад’ехаў-такі.Кінь, – сказаў Андрэй, – ён добры хлопец.– Добры хлопец. – Кандрат паліваў вадою гуз. – Як даў, то я аж сем касцёлаў убачыў... Ганьба цяпер! Бож-жа ж мой!– Праляпалі мы с табой, браце, – сумна ўсміхнуўся Андрэй. – Адно нам з табою суцяшэнне. Быць нам старымі кавалерамі ды чужых дзяцей глядзець... Добра, што хоць не міне нашай хаты тая нявестка. І дзеці будуць – Кагуты.Ён усміхнуўся, але Кандрат разумеў, як брату дрэнна. І хоць Кандрату таксама было так, што аж сэрца сціскала, ён пажартаваў:– Ну не. У адной хаце я з ёй не змагу. Тут, братка, нам з табою або дзяліцца з бацькам, або па бязменуў рукі ды да Корчака.Твар у Андрэя быў спакойны. Толькі хадзіў пад скурай адамаў яблык.– Нездарма, брат, Адам яблыкам падавіўся, – казаў Кандрат, з усёй сілы хочучы развесяліць брата. – Урэште, чорт яго ведае. Можа, мы яшчэ з табою радавацца будзем, скакаць кожны вечар, што яе не ўзялі. Вось пачакай, трапіць ён у гэтыя жорны ды да нас і скардзіцца прыйдзе. А мы яму, вольныя казакі, чарку, ды другую, ды ў вуха.– Што ж, – сказаў Андрэй. – Да Корчака дык да Корчака.Сабіна Марыч шукала сустрэчы з Алесем. Пецярбург, а потым Вільня не памаглі ёй. У Вільні яна кідалася-кідалася, а потым адшкукала Вацлава Загорскага і наведвала яго ледзь не кожны тыдзень. Прыносіла яму цукеркі і садавіну, пытала, як жыве, як вучыцца, што піша брат.Адзінаццацігадовы Вацлаў успрымаў усё як належны знак павагі і любові асабіста да яго. Яго, шчасліўца, сапраўды любілі ўсе. Так было ў Загоршчыне, так было і ў Вільні. І таму ён і яго кампанія сустракалі маладую вясёлую цётку радасна, загадвалі дзядзьку ставіць самавар, даставаць прыпасы. А потым ішлі разам з ёю гуляць на гару ці ў парк.І Сабіна дадала сваёй дабрыні ў чалавечаю пяшчоту, якая ледзь не з нараджэння абмывала маладога Загорскага.І Вацлаў пакрысе прымірыўся з смерцю маці. Яго, як і Алеся, заўсёды абкружалі сябры, якія рыхтавалі ў яго ўрокі, разам з ім сваволілі і падхарчоўваліся.Сабіна разумела: гэтыя хлопцы – частка Вацлава. Вацлаў – частка Алеся. І таму яна пастаралася пасябраваць з імі і дабіцца іхняй прыхільнасці.Малодшы Загорскі паехаў у Вільню па пратэкцыі, у шэсць год. Паколькі яму належала толькі палова капіталу – Вежа вырашыў хутчэй вывучыць яго, а потым паслаць вучыцца ў Германію на інжынера-дарожніка. Там чалавек канчаў вучобу не са ступенню магістра або бакалаўра, а са ступенню доктара. З гэтай ступенню ахвотна прымала для падрыхоўкі Англія. Вацлаў павінен быў скончыць падрыхтоўчы курс у кагосьці з кембрыджскіх прафесароў, прайсці практыку на англійскіх чыгунках і вярнуцца ў імперыю адным з майстроў сваёй справы, пасля чаго ўсё жыццё ён будзе чалавекам. Дзед спяшаўся. Яму трэба было ўзняць і гэтага.Цяпер Вацлаў быў у шостым класе, але здаваўся замаладым для яго. Быў, праўда, танейшы за равеснікаў, але такі спрытны і моцны, што ў крыўду не даваўся. А чытаў так шмат і меў, галоўнае, столькі кніг, што ў ім сябравалі і сямікласнікі.Вясёлы, рухавы, як жывое срэбра, дзіўна дасціпны для такога ўзросту, заўсёды гатовы нацягнуць нос начальству і пры гэтым сяброў выгарадзіць і самому не папасціся – ён быў агульны ўлюбёнец. Жанчыны здзіўлена глядзелі на яго на вуліцы, думаючы, які ж ён будзе, як вырасце.