Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

Аўдыторыя выбухнула крыкамі.– Ганьба! Мазгі лыкавыя! Вон! Вон!Свіст, здаецца, ірваў муры і прымушаў дрыжаць шыбы.Яны стаялі на пероне і, як заўсёды ў апошнія хвіліны, не ведалі, аб чым гаварыць.– І ўсё ж гэта блазнаванне, – сказаў Кастусь. – Мужыкі з голаду ядуць траву, а ты дзеля няпэўнай асалоды звесці рахункі з гэтай старой малпай вылецеў.– Хай яны мне з двума дыпломамі солі на хвост насыплюць, – сказаў Алесь. – Што ж, па-твойму, дазволіць яму атручваць мазгі і даносіць далей? А так яго прыбралі. Ды і з хлопцаў цяпер ніхто такому трызненню не паверыць.– Добра, што Грыму не выдалі. Вось гэта была легкаважнасць, памятаючы нашу размову.– Папусціцца Руніну было нельга. Стрывалі б гэта – сцярпелі б і большае.Кастусь па чарзе пакусваў губы. Спачатку верхнюю – ніжнімі зубамі, потым ніжнюю – верхнімі. І раптам зарагатаў.– Дурні вы... Дурні вы, але малайцы... Кашу – маноклем.Другі ўдар звона разрэзаў халоднае паветра.– І сапраўды, нічога не адбылося, – гаварыў далей Кастусь. – Выперлі гэтую сволач, пасмяяліся. Дыпломы – у цябе... Я гэта, уласна, таму, што сумна мне будзе. Але нічога... Можа, гэта і на лепшае. Патрэбна работа на месцах. Многія хлопцы нават кінулі універсітэт, у валасныя пісары ідуць... Працуй і ты, браце. Спадзяёмся.– Буду, – проста адказаў Алесь.З вагона вылез змрочны Кірдун.– Час развітвацца, паніч?– Як, Халімон, едзеш, значыцца?– Еду, – буркнуў Кірдун. – Хто вас цяпер карміць будзе? Мне-то нічога, а ён вось трэцяга ніверсітэту не скончыў. Казаў яму, не звязвайся. З арэх таго дабра – на тры дні паху. А ўсё вы. Вы паніча збіваеце.– Кінь, – сказаў Кастусь. – Абдымемся, ці што?Кірдун выцер вочы.– Ды што мне, самому вас не шкада? Маладыя такія, а без жыцця жывяце... Трэці звон.– Убачымся, – сказаў Алесь.– Убачымся. На справе.Цягнік дыхаў парай на нізкае сонца, і яно, трапляючы ў сівыя клубы, мяняла колер. Рабілася атрутна-зялёнае.Стары Вежа сустрэў унука, як заўсёды, знешне халаднавата:– Адвучыўся? Ясна. Як кажуць, з прэндкім поврутэм.– Выгналі, – сказаў унук. – Ну і сволачы!Дзед прыкінуўся здзіўленым. Нават галавою пакруціў, шкадуючы наіўнасць і неабазнанасць унука. Пачаў цярпліва тлумачыць:– Мы – нацыя вялікая, і дробныя сволачы нам у дзяржаве зусім без патрэбы.Кірдун, які разам з Алесем атрымліваў маральную лазню – “нашто дапусціў”, – раптам пачаў бурчаць. Пасмялеў у Пецярбургу, слухаючы размовы Алесевай кампаніі.– До ўжо яму вучыцца. І так разумнейшы за ўсіх.– І за мяне?– Анягож, – сказаў Кірдун і асекся. – Не так мовіў, прабачце.– Не, ты кажы. Кажы, калі пачаў.Кірдун, як большасць простых людзей, не мог трываць натацый і катавання словамі.– Вучыў многа... Многа пісаў... Шмат чытаў...– Цік-кава, – сказаў дзед. – І што, хацелася б ведаць, вычытаў? Га, Халімон?Раней Кірдун, напэўна, пачаў бы прасіцца, каб адпусцілі душу на пакаянне. А тут не вытрымаў:– Вычытаў пра народы і пра роўнасць людзей.– Ну-у? Не мож-жа гэтага быць!– “Кішкай апошняга папа – апошняга цара... задушым”, – раптам успомніў Кірдун. – Я яму, княжа, казаў: “Не варта, паніч, так уголас. Думайце сабе паціху, пакуль да кішак не дайшло”.– Яшчэ?– “Айчыну, веру вярні нам, просім”, – спадзеючыся толькі на заступніцтва Алеся, бубніў Халява.– Бачыце вы. Яшчэ?Цяпер Кірдун лупіў урывак з Ганкавага Краледворскага рукапісу. Лупіў на скажонай да апошняга чэшскай мове. У дзеда палезлі на лоб вочы.