Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

Вацак сапраўды быў прыгожы. Валасы хвалямі, як у Алеся, вочы шэрыя, але ў блакіт, рот з прыемнай, трохі хітраватай складкай, толькі і грызці яму арэхі і жарты. Бровы ганарыстыя і добрыя.Увесь ён быў ад Загорскіх і адначасова ўвесь свой.Калі Сабіна ішла з хлапчукамі па вуліцы з ганарыста закінутай галавой – не было, напэўна, ніводнага чалавека, які не звярнуў бы ўвагі на гэтую кампанію.Грэбень залацістых валасоў, вільготныя, як зялёныя каменьчыкі ў расе, вочы, уся – няўлоўная яшчарка, струменчык вадкага малахіту, якога не бывае на зямлі....Вакол Вацлава сабралася акрамя іншых ядро чалавек у сем. Тры сямікласнікі, тры хлопцы з шостага класа, адзін пяцікласнік.Сямікласнікаў звалі Алесь Міладоўскі, Юллян Чарноўскі і Цітус Далеўскі. Апошні быў з небяспечнай сям’і, але ледзь не самы сціплы і добры з усіх. Глядзеў на Сабіну з адданасцю, танюткі, гарачы, як агеньчык, юнак, вельмі падобны на Вацлава.Гэтыя шмат ведалі пра Алеся, чулі трохі пра Віктара з Кастусём. Але ці не найбольш звяртаў на сябе ўвагу аднакласнік Вацлава, невялічкі расточкам, трохі цельпукаваты шляхцюк. Аб ім па сакрэту Вацлаў сказаў Сабіне:– Ведаеце, ён у пятым быў другі год. Ён вельмі разумны, але хваравіты і бедны і часта думае там, дзе думаць забаронена: у касцёле, у класе. Яму ёсць аб чым думаць. А яго падловяць і злуюцца. І смяюцца часам. Я над ім апякуюся. І заўсёды яго выстаўляю з лепшага боку. І хлопцы пачалі паважаць. А я з ім яшчэ гімнастыкай займаюся – і ён стаў зграбнейшы.Трохі смешны, лабасты, але худы ў шчоках і востры ў падбароддзі, гэты хлопец наіўна цікаваў на свет вузкімі, як шчылінкі, глядзелкамі, якія нібыта толькі што прарэзаліся. Смешнае, сімпатычнае барсучаня. Звалі яго Франц Багушэвіч. Быў ён значна старэйшы за Вацлава, але Сабіна не сумнявалася, што словы аб “апякунстве” не хлусня.Адзін не ведаў добра моваў, акрамя сваёй, ды яшчэ, як гэта часта бывала ў беларускіх фальварках, падпсутых рускай і польскай. Другі, як помніў сябе, аднолькава валодаў шасцю.Адзін чуў размовы аб выгодным у гэтым годзе ячмені (бровары павялічылі закупкі) і аб горшых, чым у папярэдняга, казанях новага ксяндза. Другі з дзяцінства ведаў, у чым непрыдатная для ўмоў Беларусі аграномія Лібіха і як менавіта развівалася красамоўства з часоў Цыцэрона і да нашых дзён.І яны былі аднакласнікі. Не было ніякага дзіва ў тым, што адзін, які цягнуўся да ведаў, прывязаўся да таго, хто ведаў больш, хай сабе ён і быў малодшы. Не было ніякага дзіва, што малодшы цягнуўся да старэйшага, які валодаў адным несумненным веданнем, якога не набудзеш з кнігі: як менавіта даводзіцца на кожным кроку змагацца за сям’ю, за фальварак, за зямлю, за сваю годнасць і як выкручвацца з лап мацнейшага. Веданне Франца было таксама безумоўнае і вартае: веданне жыцця і бяды знізу.Акрамя таго, Сабіна бачыла яшчэ адно. Франц дазваляў апекавацца над сабою, пакуль у яго самога яшчэ няма гэтага беспамылковага інстынкту адрозніваць ману і праўду, чужое і патрэбнае, смецце і золата, тыранства, прыкрытае прыгожымі словамі, і яснае разуменне таго, што такое свет і якое месца займаеш у ім ты.Гімназія рабіла з рамантычна-ўзнёслых, летуценных і справядлівых падлеткаў будучых тайных саветнікаў, пшутаў, снобаў і барычаў, і Франц разумеў, што ён павінен трымацца таго фарпосту чалавечнасці, які хаця і па-юначаму, але змагаўся з гэтым, і перш за ўсё Вацлава.