Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

А душа ў яго была, і не абы-якая. Яна толькі пачынала развівацца, але ў глыбінях сваіх даўно ўсё разумела і абяцала далёка пакінуць за сабою многія і многія душы.Сабіна аднойчы злавіла на сабе яго позірк. Хлапец глядзеў сваімі вузкімі вочкамі, і былі ў гэтым позірку цяжкаватая дапытлівасць, розум і адвечная – амаль не ад чалавека – прага праўды. Успамінаючы дабрадушныя вочы юнака, Сабіна кожны раз уздрыгвала. Ёй здавалася, што гэты чалавечак раптам спасціг усю яе. Гэтым пакуль што не мог пахваліцца ніхто. І толькі яна сама ведала, хто яна. Ведала, што яе іранічнасць і яе розум – толькі сродак для таго, каб прыкрыць просты факт уласнай абыякавасці да жыцця.Яна не жыла. Яшчэ з інстытуцкіх часоў. Пенсіённая сістэма забівала дваяка і не магла, дзякуючы сваёйпачварнай і ветліва-халоднай бесчалавечнасці, не забіваць. Можна было зберагчы нешта адно: цела або душу. Пазбягалі гэтага адзінкі.Адных яна забівала фізічна. “Божа, якія жахлівыя ледзяныя калоны, які холад у дартуарах!.. Я не магу, я хачу на Дняпро... у Ліпецк, у Кіеў, на манастырскае падвор’е, дзе заўсёды спыняецца маці і дзе грэцкія арэхі падаюць з дрэў!.. Я хачу на мелавыя данскія горы, дзе вясною жар цюльпанаў... Як холадна!.. Чаму я не магу гаварыць, як гаварыла?.. Чаму я не магу дазволіць сабе маленькі водгук “з”, амаль нячутны, у слове “день”? Я не магу іначай, мой рот не так створаны, і я ж не буду актрысай, каб вымаўляць чыста...”Такія плакалі па начах, пачыналі кашляць або прагна лавіць пах каменнавугальнага дыму і нафты. Наступала бязлітасная зялёная немач, хлароз.Другія, мацнейшыя, сціскалі душу ў далонь, каб выжыць. “Гэтыя клоны – мармур? Дзякуй, мадам, спаць у холадзе здаравей... Імператар – душка, мы бачылі яго на акце... Я выпраўлю сваё вымаўленне, дзякуй вам... Мужчыны – гэта брутальна... Толькі тут я зразумела сапраўдную вартасць добрых манер... Гэта не нахабства ў маіх вачах, мадам, гэта пачцівасць, не злуйцеся...”Такія выходзілі з інстытута здаровыя і ўсмешлівыя і дабіваліся поспеху, таму што ненавідзелі свет, і людзей, і адна адну.Выходзілі са знявечанай, зламанай душой, з разважліва-халодным сэрцам, з той абрыдлівай бабскай подласцю, якая ў сто разоў горшая за подласць мужчынскую.Выходзілі, гатовыя ісці цераз трупы. Бедныя душы!Свет быў варожы і халодны, але ўсё ж яна, як кожная жывая істота, не хацела ледзянець і шукала паратунку. І паратунак з’явіўся.А гэта быў ягоны брат.Яна вырашыла ехаць. Хлопцы раптоўна сталі ёй чужыя. Апошнія дні яна таксама сустракалася з імі, але ў душы адчувала – хутчэй адсюль.А яны жартавалі пры ёй, спаборнічалі ў дасціпнасці і рыцарстве, смяяліся, кідаліся думкамі.Цёмнымі вачыма глядзеў на яе Цітус Далеўскі, трымалі паядынак Юллян і Алесь. Вацлаў перадражніваў Гедыміна, ідыёта Салаўёва і ханжу Баршчэўскага, як яны гавораць вясною аб выніках іспытаў і неабходнасці трымаць гімназістаў у ёжавых рукавіцах і як кожную хвіліну адхіляюцца, пачынаючы абгаворваць паненак, што праходзяць пад вокнамі.І дабрадушна глядзела на іх толькі што прарэзанымі вачыма барсучаня, што прагнула праўды: Франц Багушэвіч.Падрастала другая змена паўстання...Яна сама не ведала, што з ёю. Ледзь прыехаўшы, пачала пытаць у дзядзькоў аб Алесю. Іван хваліў маладога князя за гаспадарлівасць. Але Тодар раптам накінуўся на Загорскага за залішняе патуранне мужыкам і ўвогуле за мужыкалюбства.