Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

– Выдумаў сабе цацку дый важдаецца з ёю. Торкае сваёй беларускасцю ўсім у вочы. Гаворыць, бы гнойнымі граблямі нешта растрасае.– Не звятрай увагі, – сказаў Іван.Сабіна шукала сустрэчы. Паехала да Мсціслава, мяркуючы, што, можа, сустрэне яго там. Мсціслаў ні аб чым не здагадаўся, сказаў ёй, што Алеся ў яго другі тыдзень не было, і калі яна сустрэне яго, хай кіне яму ў вочы вось гэтую пальчатку, што ён тут забыў, маўляў, калі не заедзе днямі, то дуэль.– Чаму ягоную пальчатку, а не вашу?– А чаго я сваімі пальчаткамі раскідацца буду?Пальчатку гэтую Алесь Загорскі не атрымаў.Паехала яна і да Хаданскіх, не ведаючы, што яны ў сварцы з Загоршчынай. Але і з гэтай паездкі не атрымала нічога. Хіба толькі зрабіла ўражанне на Іллю, які ўжо быў у роспачы, чакаючы канца сваёй раўбічаўскай эпапеі.Жыла яна ў сваім доме пры бровары, а да дзядзькоў заязджала рэдка, ды прытым была паглыблена толькі ў свае думкі і не заўважыла і другога: частых наездаў гасцей да Івана і Тодара. Ці то яна бачыла іх, але не звятрала ўвагі. А госці былі даволі падазроныя. Прыязджалі хаваючыся. Ад’язджалі ўначы. Вялі доўгія патаемныя размовы з гаспадарамі.Былі гэта найбольш тыя людзі са шляхты, якія вялі гандаль і шалёна супраціўляліся дзейнасці пана Юрыя, а потым старога Вежы. Ім надыходзіла зараз апошняе разарэнне: выкупу не хопіць і на пашырэнне маленькіх гут і пільняў, душ у кожнага пяцьдзесят – шэсцьдзесят. Зямлю так ці іначай не зберажэш, а грошай не будзе і на тое, каб наняць былых прыгонных.А тут яшчэ багатыры канкурыруюць. А тут яшчэ чырвоныя Загорскія рвуць зямлю з-пад ног, падлы, журботнікі над малодшым братам. Ім лёгка тужыць, а паспрабуй патужы ты.Сярод гэтых узлаваных, даведзеных да крайнасці людзей з’явіўся раптам багаты Кроер. Гэтаму не было прычыны хвалявацца: жыў бы і без прыгону. Але ён ненавідзеў самую думку аб волі і аб тым, што ён не будзе мець фізічнай улады над людзьмі.Акрамя таго, ён баяўся. Баяўся Войны і Корчака, якія гойсалі па пушчах і з якімі нічога не мог зрабіць Мусатаў, баяўся нападу, баяўся таго, што хлопы сталі “нахабныя”, што яны ўсё больш і больш адчуваюць свой гонар.Гэтага баяліся і іншыя. З двух бакоў насоўвалася страшная небяспека: з боку багатых Клейнаў, Загорскіх, Раўбічаў і іхніх заможных шасцісотгадовых збраяносцаў, усіх гэтых Раткевічаў, Кальчуг, Юдэнічаў, з боку Турскіх, Івіцкіх-Лаўраў, з боку адроддзя магутнага старога дрэва – Ракутовічаў, з боку ўсяго гэтага пераплеценага сваяцтвам, традыцыямі і паданнямі клана, які зараз “чырванеў” на вачах, і яшчэ з боку мужычча, якое адчула сваю сілу і значнасць.З двух бакоў чакала смерць, пагібель, галеча. І таму трэба было бараніцца аж да зубоў. І тут ужо нікому не было клопату, што Кроер і Таркайлы – беларусы, Панафідзін і Іваноў – рускія, Аўгуст Дзержак – паляк, а Сабаньскія-Юнашы і Стахоўскія-Агеньчыкі лічаць сябе палякамі. Наадварот, людзі, падобныя да апошніх пяці, галасней за беларусаў лямантавалі аб “gente albarutenus” , аб тым, што яны зжыліся і цяпер больш беларусы, чым “гнілыя заходнікі і сацыялісты” Загорскія; лямантавалі аб традыцыях і патрэбе “скуць мячы на абарону правоў спрадвеку чыстага шляхецтва, якое надае высакароднасці і ім”. І таму ўсе яны былі кранальна аднадушныя ў патрэбе “ўзняць меч”.На вачах складалася арганізацыя, якая сваёй падступнасцю за нейкія тры гады запаскудзіла ўсю гісторыю Прыдняпроўя і нават потым мела два кароткія рэцыдывы: пасля забойства Аляксандра і ў 1904 годзе. Складалася самая абрыдлівая за ўсю гісторыю Беларусі грамада, якая каштавала жыцця ледзь не дзвюм сотням чалавек.