Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

Алесь, дачуўшыся аб гэтым, паскакаў да Раўбічаў і дзень гойсаў па гаях вакол маёнтка, пакуль Тэклін пляменнік не адшукаў яго там і не папярэдзіў, што з’яўляцца тут небяспечна, бо пан Яраш перахапіў запіску паненкі Міхаліны, падазрае, што перадавала іх Тэкля.І Тэкля просіць, каб паніч не з’яўляўся, бо яго могуць падпільнаваць, бо Міхаліна амаль у турме, і Алесь можа толькі папсаваць усё і паненцы і ёй, Тэклі. І яна, Тэкля, абяцае: калі гнеў пана пройдзе – паведаміць Алесю.Загорскі задыхаўся.– Хлопчык, мілы, скажы ёй: калі ёй дадуць вольную – я яе да сябе вазьму. Хай перадасць адно слова – дзе можна сустрэцца.Хлапчук чухаў адной босай нагой другую:– Яна, дзядзька князь, казала, што есці ёй і так хопіць. Грошы, дзякуй богу, ёсць. Яна казала, што паненку кінуць не можа, бо той адной зусім дрэнна будзе. Едзьце вы, казала, калі ласка.Загорскі зразумеў: пакуль што нічога не зробіш. Пакуль за Міхалінай і ўсімі, хто верны ёй, сочаць – трэба не насцярожваць Яраша і Франса. І ён паехаў да дзеда.... Дзед, здаецца, ведаў усё і не ўсё з таго, што рабілася, ухваляў. Падумаеш, маўляў, рыцар бедны. Трыстан – трубадур і менестрэль, капуста а ля правансаль. І, нібы жадаючы паказаць Алесю, што ёсць і іншы погляд на рэчы і таму няхай асабліва не ідэалізуе, літаральна дапякаў яго з’едлівымі, несправядлівымі, але з гэтай прычыны яшчэ больш дасціпнымі разважаннямі аб жанчынах, іхніх адносінах да жыцця, мастацтва, мужчын і поспеху ў жыцці. Бачыў, што ўнук нібыта перастае быць мужчынам, і таму свядома прышчапляў атруту.Рыцар бедны” і злаваўся і адчуваў, што яго лечаць, і не мог не рагатаць, з такой смешнай злосцю і так падобна на праўду гэта гаварылася...Ён не ведаў, што дзед ніколі не дазволіў бы сабе гаварыць так, каб яму не верылі. Асабліва ў такой вялікай справе, як надаванне гарту душы ўнука.І Алесь сапраўды адчуваў, што яму лягчэй.Яны гулялі над возерам. Дзед ішоў надзіва вальяжны і прыгожы, хіба што толькі трохі больш павольна, чым дзевяць год назад. Гумарыстычныя зморшчынкі ляжалі ля цвёрдых вуснаў старога вальтэр’янца.– Ты думаў над тым, чаму яны так любяць займацца мастацтвам? Таму, што ў глыбіні душы пякуча адчуваюць сваю абдзеленасць у гэтым сэнсе. Разумеюць, што тут нічога не зробіш, але хочуць пераканаць мужчын, што гэта не так.– Супярэчыце сабе, дзеду. Адкуль жа ў іх тады думкі?– Вельмі проста. Ад першага мужчыны, які вучыў іх мастацтву. Ну і трохі, наколькі дазваляў мозг, развінутыя і дэфармаваныя. Так усё жыццё і таўчэ. У жыцці ёй станоўчая маральнасць чужая. Ведае яна толькі адмоўную – сорам. Ну, а ў мастацтве ў яе і адмоўнай няма.Алесь успомніў Гелену.– Гэта няпраўда, дзеду... Я кажу пра жыццё.– Яны, браце, неэстэтычны пол. Грэкі былі несамыя вялікія дурні, калі не пускалі іх у тэатр.–Усміхнуўся: – Прынамсі, можна было хаця нешта чуць.– Нават калі так – яны бласлаўляюць нас на подзвігі. Уся паэзія – ад кахання.– Скажы: уся пагібель паэзіі ад кахання. Мільтан правільна сказаў сваёй жонцы: “Любая мая, табе і іншым – вам хочацца ездзіць у карэтах, а я жадаю аставацца сумленным чалавекам”. На жаль, пераважная большасць людзей аддае перавагу карэтам перад перакананнямі. А жанчына – яна заўсёды скажа: “Праменні – гэта галоўнае ў сонцы”; рэдка скажа: “Сонца кідае свае праменні” (гэта толькі адна Яраслаўна дадумалася, дый то са слоў паэта), і ніколі не скажа, як Дантэ: “Змоўк сонечны прамень...” Э, браце, нават лепшыя ў іх – дзяцінныя і каротказорыя.