Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

І спытаў раптам:–Ты чытаў добрых паэтаў-жанчын?– Сафо.– То я і заўважаю, што ёй усё жыццё была ў цяжар яе жаноцкасць.– Але ж паэтэса.– Гэта яе такой Фет у перакладах зрабіў, – без вагання сказаў дзед.– Дык, можа, яшчэ з’явіцца.– За тры тысячы год не з’явіліся, а тут з’явяцца. Натура не робіць скачкоў.Немагчыма было з ім спрачацца, заўсёды ён меў рацыю.Ты, дзеду, зусім як магілёўскі Чурыла-Барановіч, – не вельмі выхавана сказаў раззлаваны Алесь. – Магілёўскі Дыяген. З усяго здзекуецца, кпіць ды смяецца.Дзед зрабіў выгляд, што не чуў:– Хто такі?– Я ж кажу: губернскі Дыяген. З дзівацтвамі. У доме вар’ятаў быў.– Добрыя дзівацтвы, – сказаў дзед. – За іх і ўзялі?– Не, сапраўды. Ідзе вуліцай і рагоча.– Ну-у, каб гэта ўсіх браць, хто ў нас у краіне на вуліцах рагоча...Алесь толькі рукамі развёў. А дзед ужо казаў далей:– Ты не прымай усяго блізка да сэрца... Быў такі ў дванаццатым стагоддзі разумны-разумны папа Інакенці трэці. Напісаў ён трактат: “Аб пагардзе да свету”. Трэба табе пачытаць ды над сім-тым задумацца... Урэшце, нашто чытаць? Вось паслухай, што ён аб жыцці кажа... Ра-азумны быў! “Чалавек створан на няшчасце, не з агню, падобна як свяцілы нябесныя, не з вады, як расліны, а з аднаго рэчыва з жывёламі, таму і церпіць роўную з імі долю. Крыніца зла – ягонае цела, што заняволіла сабою дух і стала для яго турмою. Добрыя пакутуюць не менш за злых, – “калі не больш”, – дадаў дзед. – Жыццё ёсць барацьба. Чалавек вядзе яе з падобнымі сабе, з натураю, са сваім целам і з д’яблам. Не мінае дня, каб да асалоды не прымешваліся гнеў, зайздрасць, страх або нянавісць. Жыццё не што іншае, як жывая смерць, таму што мы паміраем, пакуль жывём, і лепей памерці зажыва, чым жыць мёртвым”. – Падумаў-падумаў: – Зрэшты... дурань ён быў, гэты папа. За што і абралі....Шмат займаліся справамі.Прыбылі, урэшце, выпісаныя з Англіі малатарні і насенне. Многія прыязджалі глядзець на іх. Прыехаў і Іван Таркайла. Бегаў вачыма, разглядаючы:– Што, толькі сваё малаціць будзеце?І сялянскае. За невялікую плату. Выпішу яшчэ – можа, больш заможныя купяць, а менш заможныя хай бяруць, скажам, удзесяцёх.– А бабы што ўзімку будуць рабіць?– Глупства. Хай ткуць палатніну на продаж. Хай вучацца рабіць сарпінкі, міткаль. Промысел будзе. Скора будуць свае два аграномы.Таркайла не вытрымаў:– А не баіцеся?– Чаго?– З’явіліся нейкія людзі. Нядаўна за гэтыя рэформы Арсена Стрыбаговіча спалілі... Сына ягонага падстрэлілі. Усё чыста дымам пайшло: і будынкі, і сцірты, і завод... Сын ледзь ачуняў.– Гэта вы пра тую “Ку-гу”? – сказаў Алесь. – Куга – яна і ёсць куга балотная. Куды вецер, туды і яна гнецца. А паспрабуюць на мяне вякнуць – вылаўлю ўсіх.– Ды я хіба што кажу, – адступіў Таркайла. – Я і сам гэтых вырадкаў ненавіджу. Сам бы ўсё гэта завёў, ды пабойваюся. – Я – не вы. Спаляць. Нядаўна сустрэлі на дарозе лёкая майго Пятра ды запіску перадалі.І Таркайла падаў Алесю шматок паперы. У левым верхнім кутку было груба намаляванае вока пугача з пяром-брывом. Ніжэй ішлі літары, ірваныя ад дрэннай паперы і вадкага атраманту.“Бачым! Пойдзеш за Стрыбаговічам, возьмеш на пільню па вольным найме людзей – труна... Сёння зроблена – заўтра атрымаеш вяроўку, паслязаўтра не павесішся – праз дзень палім тваё пудзіла на Чырвонай гары ці на іншай высокай. Убачыш, не знікнеш – чакай савы. І іншым перадай, будзе ім тое ж...”