Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

Ніжэй быў намаляваны крыж. Алесь усміхнуўся:– Дайце мне.– Што вы, – ціха сказаў Іван. – Ніколі!Дрыжачымі пальцамі схаваў паперку:– Заб’юць. Было ўжо так. Ніхто не скардзіцца. У іх, кажуць, у судзе рука. І вам не раю, калі часам атрымаеце...– Ну глядзіце. А атрымаць-то я павінен быў першы. У мяне паўсюль па вольным найме людзі. Нават з маіх прыгонных.– Я і кажу: сцеражыцеся... І маўчыце... Маўчыце... Хрыстом прашу.Падышоў Вежа. Іван нібы надумаў новае:– Усё гэта добра, навіны гэтыя. А капітал абаротны скуль?– Я дам, – сказаў Вежа– Яму дасцё. А ўсім іншым хто дасць? На якія такія шэлегі яны вучыцца будуць? – І дадаў: – Алесю Юр’евічу з вамі пашанцавала. Са срэбнай лыжкай у роце нарадзіўся. Паехаў. Алесь здзіўлена раздумваў. Нашто гэта яму было? Дапамогі на ўсякі выпадак шукаў? То паможам, як спатрэбіцца.І Алесь махнуў рукою на здарэнне з Таркайлам. “Ку-га”, “шму-га” – лухта якая!...У жніўні невядомыя людзі конна вылецелі з пушчы на вітахмоўскую бурачную плантацыю. Трыццаць чалавек са стрэльбамі. Ніжняя частка аблічча ў кожнага завешана белым муслінам, каб дыхаць.На гэтай дзесяціне першы год рос гонар і крывавы пот Алеся: з вялікімі цяжкасцямі, ледзь не зладзействам і хабарам здабыты з поўдня гатунак бурака ”Залаты”, з колькасцю цукру да дваццаці васьмі працэнтаў супраць звычайных шаснаццаці – дваццаці. Гаспадарка, дзе рос “Залаты”, належала барону Мухвіцу, генеральнаму дырэктару суполкі “Мінерва”, і была пад Вінніцай. Насенне Герман Мухвіц дастаў недзе ў Аўстрыі (ён быў яшчэ і член адміністрацыйнай рады Варшаўска-Венскай чыгункі), таксама ледзь не ўкраў і сцярог, трымаючы зубамі. Чалавека, які здабыў Алесю насенне, выгналі са службы, і давялося ўзяць яго на свё ўтрыманне.Іншыя служачыя наадрэз адмовіліся гаварыць з Выбіцкім.Вакол “Залатога” хадзілі ледзь не на пальчыках. Плацілі мужыкам і бабам удвая за апрацоўку кожнага рада. Алесь спадзяваўся, што праз год трэць плантацый будзе засеяна сваім “залатым”насеннем.І тут здарылася.

Пад шалёнае “ку-га” невядомыя стрэламі адагналі працуючых і пачалі гайсаць па дзесяціне, выбіваючы яе капытамі, як ток. З лесу вылецелі каля дваццаці фурманак, распаўзліся па плантацыі і пачалі паліваць з бочак сакавітыя зялёныя рады густа-салёнай ропай.Людзі пабеглі ў Вітахмо па дапамогу. А пакуль на плантацыю кінуўся Андрэй Пахвіст, аконам Сцюдзёнага Яра, што выпадкова апынуўся ў Вітахмо. Кінуўся адзін: ратаваць.Прыбег і ўбачыў шабаш знішчэння: струмені ропы, цені коннікаў, што лёталі па полі. Выгукі, сакавітае храбусценне гічкі, стрэлы ў паветра.Аконама набілі і прагналі з плантацыі.– Перадай: будзе навіны заводзіць – прырэжам.Праз гадзіну, убачыўшы, як з боку Вітахмо бягуць са стрэльбамі людзі, невядомыя абсеклі пастронкі і, кінуўшы новыя бочкі разам з калёсамі ў разорах, прыпусціліся ў пушчу.Людзі рынулі за імі, але адтуль ірвануў залп, і гнацца далей збаяліся.Поле было – змешанае з гразёю тулкавіска . Алесь ужо назаўтра ўбачыў, што ропа зрабіла сваю справу: гічаны, там, дзе яны ўцалелі, былі як зморшчаны сухі тытунь.Ён загадаў выкапаць найбольш ацалелыя карані, перанесці пад аранжарэю і даглядаць, як ружы, загадаў шчодра паліваць поле вадой – а можа? – але сродку змагацца з гэтым у аграномаў не было: ніхто не сее бурак на саланчаку, з неба не ідуць салоныя дажджы. Уратаваць удалося не больш як дзесяткі тры каранёў.