Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

Стафан не крычаў. Рахманы твар, калі ўдарам перакідвалі з боку на спіну, глядзеў праз струмені крыві непаразумелымі, але годнымі вачыма.Моцныя сківіцы Юлляна хадзілі. Ён спачатку думаў, што абыдзецца двума-трыма штурхялямі, але хвіліны ішлі, і ён раптам зразумеў, што Стафана забіваюць.– Давай, хлопцы, давай, – крычаў шалёны. – Яшчэ пакуль “гуп”. Канчай, калі “чвяк” будзе!Юлляна трымалі два чалавекі. Ён пачаў круціцца на возе.– Як б’яце? – крычаў шалёны. –Ану на аглабіцу яго, ды па нырках яго... Па нырках.Два завешаныя ўскінулі Стафана на аглабіцу воза.Шалёныя вочы паўзверх павязкі глядзелі весела. Шалёны ўскінуў шаблю разам з похвамі і – плазам –ударыў... Юллян вырваўся. Навярнуў аднаму пад ніжнюю сківіцу, і той як юкнуў з воза. Спалоханыя коні рванулі, і задняе кола з храбусценнем пераехала скінутаму руку. Той заскавытаў, заенчыў. Шалёная радасць заліла сэрца Лапаты. Ён ударыў нагою другога. У пахвіну. Ляснуўся на дарогу і той.На крык сіні ўскінуў медзведзяватыя вочы. Юллян рыўцом напалову аддзёр з лёстак аглабіцу.Вочы Юлляна і сіняга сустрэліся. І ў гэты момант ветрык адхіліў з аблічча сіняга муслінавае пакрывала. Юллян на нейкае імгненне ўбачыў жорсткія вусны Тодара Таркайлы і зразумеў: гэта канец.Тодар дастаў з-за пояса пісталеты.– Тарка... – сказаў Юллян.Два стрэлы амаль зліліся ў адзін. Юллян Лапата, стоячы на возе, пахіснуўся і, дзіўна заграбаючы паветра рукамі, нібы ішоў купацца па няроўным дне, упаў на Стафана.– ...ла, – дакончыў ён.Ён быў забіты напавал.Коні памчаліся дарогай. Шалёны наўздагон стрэліў у Стафана... Потым коннікі паскакалі полем у бок ляснога вострава.Апошняя куля трапіла ў бутлю, прызначаную для людзей, якія заўтра павінны былі пачаць біць студню на Кагутовай сядзібе.Коні ляцелі як на злом галавы. Потым, стаміўшыся, пайшлі ступою. Крыві нідзе, акрамя саломы, не было відаць, і кожнаму, хто сустракаўся з возам, здавалася, што гэта едуць з кірмаша смяротна п’яныя.Пад колы капала гарэлка з прабітай пляшкі....Алесь прывёз лекара, калі Стафан быў яшчэ непрытомны (апрытомнеў ён толькі на трэці дзень), і толькі раз, на імгненне расплюшчыўшы асавелыя вочы, сказаў не сваім голасам:– “Ку-га”.Лекар аглядаў збітага. Алесь сядзеў у двары, на бярвеннях, і слухаў галошанне Марты.– Закурыць у цябе няма? – сказаў ён.Марту трэба было неяк адарваць ад гэтага страшнага ляманту, і ён, некурашчы, не знайшоў нічога лепшага. Пакуль Марта пайшла па тытунь, пакуль нацерла яго, пакуль прынесла і пачысціла забытую, на другі дзень пасля вяселля кінутую бацькам Кагутом люльку, яна сапраўды супакоілася.Сплёўваючы абрыдлівую сліну, Алесь слухаў, як яна, Марта, убачыла коней, што самі спыніліся ля брамы, як падумала была, што муж і Юллян напіліся, як з месца кінулася лаяць і як толькі потым убачыла кроў.– Поршнікі ж купіў, – пабівалася Марта. – А што гожанькія, што ладненькія!Малая Рагнеда, на якую ніхто не звяртаў увагі, самавольна абула іх і цяпер тупала перад Алесем, чакаючы, відаць, што заўважыць і пахваліць.– Кроў, – сказаў Алесь.– Ав-вой, што той крывішчы было! Вой-вой!– Кроў, – сказаў Алесь. – Кроў яны прынеслі сюды. Ніколі ў нас так, завешаныя, не забівалі... Ну што ж, будуць мець кроў.Калі выйшаў лекар, Алесь адвёў яго ўбок.– Баюся, ён не жылец, княжа. Зламалі тры рабрыны, прабілі галаву. Лёгкае зрушэнне мазгоў. Некалькі кровазліццяў унутр. Але не гэта самае галоўнае... Баюся, што яму адбілі адну нырку. Так што гэта пытанне часу.