Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

– Ясна, – сказаў. – Ясна, чаму вы там вучыліся.Алесь паспрабаваў быў заступіцца.– Я не з табой гавару, – сказаў дзед. – Ну, Халімон, а мэта... мэта вашага з панічом навучання якая?– Народ, – сказаў Кірдун. – “Спявайце гімн народу...”, “Гэй, не сумуй, плынь шчасця цячэ. Народ твой ніць залатую тчэ...”, “Звівайце вяроўку, гора-бяда. Для ворагаў пятлі нам не шкада”.– Ого, – сказаў з іранічнай павагаю дзед. – Ты, Кірдун, чэшскае, чэшскае нешта яшчэ нам такое. Надта ўжо добра ў цябе атрымліваецца. Паліглот! Кірдун дзёрзка і смела глядзеў у вочы пану Данілу:– Не глытаў я ніяках палёў. Я чалавек бедны.– Пачытай, Кірдун, – з раптоўнай злосцю сказаў Алесь. – Па-чэшску. Давай “Прароцтва”.Кірдун выпрастаўся:– “Бачу я зарыва, цені сражэнняў, востры клінок скрывавіць твой рот. Спазнаеш ты беды і змрок запусценняў, але не тужы, мой вялікі народ”.– До, – сказаў Алесь. – Дзеду, вы ніколі не пакрыўдзілі простага чалавека. Але тое, што вы робіце, гэта панства.І тут Халімон нечакана напаў на Алеся.– Маўчалі б, паніч. Лаянку не ў торбе насіць... Дый якое тут панства? Каб гэта пан-дзед на мяне аднаго. А ён што, з вамі іначай размаўляе? З губернатарам? Дзеду восем дзесяткаў ды сем гадкоў, вам – дваццаць...Алесь развёў рукамі.Вежа схаваў рот у далонь.– Кінь спяваць, – усё яшчэ іранічна сказаў ён. – Ведаем мы, што гэта такое.Адступіць ён не мог. Але і Халімон і Алесь разумелі, што гэтае бурчанне ёсць адступленне.– На-род, – сказаў Вежа. – Восенню ля разарыя заворваў зямлю дзед Тхор. Паварочваў рала, ды і ўваліўся з разоры проста ў ружы. Глебавічна на яго: “Што ж ты робіш, перачніца старая, гэта ж кветкі”. А ён: “Кветкі развялі. Кве-еткі! Г... гэта, а не кветкі”. Усю с... пакалоў!” Вось табе і твой народ. Вось табе і тэма для чарговага дыфірамба: “Ружы і Тхор”.Ніхто не ведаў, што Вежа патаемна выпісваў усе тыя кнігі, якія чытаў унук у Пецярбургу. Маладых дражнілі фалангістамі – дзед чытаў Фур’е. Маладых дражнілі гегельянцамі – дзед чытаў Гегеля, хоць яго і нудзіла ад падступнай папоўшчыны. Шмат чаго ён па распанеласці не падбаў зразумець, але адно яму спадабалася. Немец адказвае на тое, што было натуральным перакананнем дзеда, нормай ягонай думкі ледзь не з таго часу, як Вежа сябе памятаў, а асабліва з дня смерці жонкі.Прыродна здаровым, зямным сваім розумам пан Даніла быў цвёрда перакананы, што свет не стаіць на месцы, што ёсць у ім і стаячая вада і плынь. Першае гніе і робіцца балотам, другая – з крыніцы робіцца ручаінай, ракою, морам, аблокамі.І ён ведаў, што свет ідзе наперад, пакутліва спасцігаючы нешта вялікае. Назіраючы за людзьмі, ён разумеў, што тое, да чаго яны ідуць, – лепшае.Новае пакаленне аніяк не магло быць горшае за папярэдняе. Дзеці зберагалі вопыт бацькоў, аналізавалі іх памылкі, і трэба было быць самаўлюбёнай свіннёй, каб не заўважаць гэтага.Два радкі паэта балюча ўдарылі па нервах Вежы поўным супадзеннем думак з ягонымі.И наши внуки, в добрый час, Из жизни вытеснят и нас.Трэба было не ганарыцца. Трэба было проста растлумачыць ім, што не мінуць гэтай апошняй чашы і яны, што такі закон жыцця – “дыялектыка”. І трэба было зразумець, што адзіны спосаб не стаць непатрэбным – змяняцца да смерці і да смерці разумець новае, а калі не разумееш, няздольны зразумець – ставіцца да яго з любоўнай верай.І ўсё ж дзеду было сумна. Нелітасцівы і жорсткі быў – у вышэйшай сваёй справядлівасці – закон жыцця.