Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

– Ён мне брат, пане лекар.– Я чуў. Але вы памыляецеся, калі лічыце, што я раблю розніцу між князем і мужыком. Я – лекар. – Якія-небудзь добрыя лекі?– Адцягнуць час... А ўрэшце – хто ведае? Можа і ачуняць. Ён здаровы. Другі памёр бы, не даехаўшы і да дому.Алесь прывёз з губерні яшчэ двух лекараў. Зроблена было ўсё, але ніхто не абяцаў вылячэння.Загорскі, калі Стафан апрытомнеў, пытаў у яго, ці не пазнаў ён каго-небудзь з тых, хто напалі.– Што вы, – сказаў Стафан. – Я і зразумець не паспеў, што здарылася...Алесь пакутліва думаў, як жа адшукаць, як адпомсціць. І раптам пачуў дзіўнае:– Ты не турбуйся, браце, – сказаў Стафан. – Што ўжо табе. Кінь. Усе хрысціяне.Гэта было так нечакана, што Алесь зразумеў: Стафан ні на хвіліну не сумняваецца ў тым, што яго чакае.Алесь не ведаў толькі аднаго. Якраз калі ён ездзіў у Магілёў, па лекара, Стафан глядзеў на Рагнеду, якая тупала па падлозе ўсё ў тых самых поршніках. І раптам паклікаў Кандрата.– Зачыні дзверы, – сказаў ён.Стафан ляжаў у чыстым пакоі, на тым ложку, дзе слалі гасцям. Звычайна да госця, які пасля вячэры ўжо засыпаў, прыходзіла спачатку Марта, а потым Яня і прыносілі апошнюю чарку крупніку:– Выпі, госцейка, апошнюю дый спі! Пакрыўдзь сябе, каб дому не крыўдзіць.Госць усміхаўся, выпіваў, цалаваў пані дому ў шчаку і засынаў з думкай, што дом трымаецца звычаю, што гэта харошы дом.Цяпер нехта павінен быў паднесці чарку і яму. Стафан адчуваў набліжэнне гэтай пані. Ці стане сілы ў адказ на яе пацалунак усміхнуцца? Трэба, каб хапіла.– Што ты, браце? – спытаў Кандрат.– Абяцай, што ёй заўсёды будуць і поршні і чаравікі. Што іншым дзецям, тое і ёй.– Крыўдзіш, Стафан, – сказаў Кандрат. – На тым стаім... Ды ты кінь. Ачуняеш.– То ты, Кандратка, слухай. Пабажыся, што ўсё забудзеш, калі ачуняю.– У імя бога, – неахвотна сказаў Кандрат.– Калі ачуняю – я дарую ім, – сказаў Стафан. – Бацька ў яе будзе, а гэта галоўнае. Мы – хрысціяне.Малая тупала па падлозе. Поршні на ножках былі як вясёлка.– Але як памру – няма ім майго даравання.Рахманыя вочы Стафана сталі раптам такія, што Кандрат спалохаўся.– Таму што дзе ж праўда? Я нікога не зачапіў. Я ніколі не шчаміўся ў іхнія справы, трымаўся звычаю, а звычай забараняе забіваць упяцёх аднаго. І атрымалася так, што для мяне адзін звычай, а для іх – другі. І яны забілі мяне, хоць я нікуды не лез і ведаў, што мы людзі маленькія і павінны араць зямлю, і ў нас дзеці... Дык вось, калі памру – забі.– Хто? – спакойна спытаў Кандрат.– Таркайла Тодар, – сказаў Стафан.– Скуль ведаеш?– Голас быў падобны. І Юллян сказаў: “Тарка...ла”. А потым стрэлы.– Добра, – буркнуў Кандрат. – Зраблю. Яшчэ хто?– Мне здалося, што я пазнаў вочы другога. Але гэта проста каб ведаў і сцярогся. Абяцай, што не будзеш забіваць, пакуль не ўпэўнішся.– У імя бога... Хто?– Здаецца, Кроер Канстанцін...– Чаму Алесю не сказаў?– Кінь, браце. І так у яго ворагаў многа.– Я ўсё зраблю, браце, – сказаў Кандрат.– А цяпер забудзь, – Стафан заплюшчыў вочы.Няшчасці пачалі сыпацца як з мяха. За некалькі месяцаў бацька, маці, сварка з Ярашам, ліст ад Кастуся, што ў Віктара рэзка пагоршылася здароўе, дзейнасць “Ку-гі”, смерць Юлляна Лапаты і зверскае збіццё Стафана.І, урэшце, як апошняе – новае здарэнне ў Раўбічах: папрок Іллі Хаданскага, што пан Яраш не трымае слова.Разгневаны Раўбіч паклікаў дачку. Міхаліна сказала, што хоча вярнуць Хаданскаму слова.