Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

– Не будзе гэтага, – сказаў пан Яраш. – Ніколі. Нізашто.– Я кахаю Загорскага, – сказала Майка.– Ён вораг.– Вам – магчыма. Ды і тое не вам, а дурному гонару. Ён сябра вам, каханы – мне, брат – Франсу. Ён ніколі не думаў шкодзіць вам, нягледзячы на незлічоныя абразы. Бо ён чалавек, а вы... вы... вы – дваране, і не больш. Даю слова: ніколі не буду нічыёй жонкай, акрамя як яго. Усё аддам за яго. Ніколі не буду з ім жорсткая. Хай пакора, хай нават рабства, абы пакарацца яму. І ўсё. І на гэтым маё апошняе слова...Кароткая шыя пана Яраша набрыняла крывёю.– Убачым, – ціха сказаў ён. – Сілком пад вянец павяду. Гэта і маё апошняе слова...– Вы можаце, вядома, зрабіць са мною ўсё. Але і я з сабою магу зрабіць усё. Я ведаю, поп згодзіцца вянчаць, нават калі вы прывядзеце мяне ў ланцугах. Ён усім абавязаны вам. Усім, і нават тым, што дваццаць год не служыць па новаму абраду, прыкрываючыся словам “хвароба”. Ён ведае, каму ён павінен дзякаваць за тое, што за ім сто разоў не прыйшлі і ён не здох у Салаўках на саломе. Ён “не зрабіў граху”, а вы “не паддаліся, не паступіліся гонарам”. І таму ён абвянчае. А сведкі, якія будуць бажыцца, што я ішла па сваёй ахвоце, таксама знойдуцца.Голас яе зазвінеў:– Я не буду ганьбіць вас і крычаць у храме. І гэта будзе апошняя падзяка за тое, што вы мяне нарадзіліі з гэтай прычыны цяпер забіваеце... Апошняя. Таму што адразу пасля вяселля я заб’ю гэтага вылюдка. Сына вылюдка і шалёнай сцервы. А потым заб’ю сябе…– Як хочаш, – сказаў пан Яраш.Адразу пасля размовы ён загадаў прыставіць да пакояў Міхаліны верных людзей і сказаў Іллі Хаданскаму, што вяселле будзе праз два месяцы, у канцы кастрычніка, каб асталося тыдні тры да піліпаўкі. Да таго часу ён просіць графа Хаданскага не з’яўляцца. Пан Яраш усё ж шкадаваў дачку, хоць яна сама была вінавата, даўшы слова. Ён спадзяваўся, што за два месяцы яе возьме одум, і разумеў, што прысутнасць Іллі прымусіць Міхаліну ўпарціцца. Дый новы член сям’і раздражняў Раўбіча сваёй самаўпэўненай мордай....Запіску аб усім гэтым перадаў Алесю пляменнік нянькі Тэклі. Яны часам сустракаліся ў тым самым бярозавым гаі.Беды, крыўда і гнеў, несправядлівасць лёсу літаральна шматавалі яго.Вечар быў цёплы. Вогнішчы гарэлі за ракою, а ў рацэ адбівалася вячэрняя заранка, куды больш яркая і барвяная, чым на небе. Ля вогнішчаў – там, відаць, начавалі жнеі – гучаў ціхі смех. Потым даляцела ціхая сумная песня.За рэчанькай за быстраю ў цымбалы б’юць,А там маю каханую за ручкі вядуць,Адзін вядзе за ручачку, другі за рукаў,Трэці стаіць – сэрца баліць: кахаў ды не ўзяў.І гэтая заранка, і безназдейная глыбіня ракі, і, галоўнае, словы песні раптоўна ўразілі яго вострай адпаведнасцю з тым, што рабілася ў ягоным сэрцы.Алесь ведаў цяпер, што яму рабіць. Дарэмна ён дараваў. Заўтра ж ён пойдзе да Хаданскага і дасць яму поўху. Потым у зборні трэба дачакацца, пакуль пан Яраш і Франс будуць паасобку, і зрабіць тое самае з імі. На адзін дзень прызначыць усе тры двабоі. Будзе вельмі добра, калі Ілля загіне, а Франс зваліць яго. Тады Майка атрымае вызваленне, а крыўды ў яе на Алеся не будзе. І, магчыма, Раўбіч пашкадуе.Нашто ж мы кахаліся, нашто сады цвілі,Нашто ж нашы пуціначкі травой зараслі?Другі з табой вянчаецца ў царкве залатой,А мне адно вянчанейка – з сырою зямлёй...Раніцай, аднак, здарылася незразумелае і неверагоднае. Ён толькі на золку заснуў на якую гадзіну цяжкім кашмарным сном. Потым прачнуўся, успомніў учарашнія думкі, хацеў устаць і адчуў, што не можа. Гэта не была баязлівасць. Гэта было горшае: абыякавасць.