Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

Успомніў Раўбіча і падумаў: усё роўна... Франса: усё роўна... Паспрабаваў уявіць гуллівыя, нібы ў кацяняці, вочы і рудаватыя валасы Іллі і адчуў: і гэта – усё роўна.Твар Майкі ўсплыў перад вачыма. Краёчак вуснаў, ясныя, як марская вада, вочы. Зноў не адчуў нічога, акрамя абыякавасці.Добра ведаў, што ён у спальні. Бачыў нават калоны і завесу, што калыхалася ад ветрыку. Але здавалася, што ён зноў бачыць гэта ў сне, дрэмлючы на нагах.... Ён стаяў між узброеных людзей. Хто ў латах, кранутых іржою ад шматдзённай крыві, хто ў кальчугах, ад якіх тапырылася шырокая, тканая кветкамі і лістамі чартапалоху вопратка. Шугаў агонь. Фарбы былі такія яркія, якія яны ніколі не бываюць у жыцці: чырвань плашчоў аж гарыць, жаўцізна шчытоў – як золата і сонца.Алесь і ўсе, хто побач з ім, бачылі вілы, доўбні і баявыя цапы натоўпу, што абкружаў іх. Зблытаныя валасы, магутныя, нецяперашнія сківіцы, жоўтыя, як мёд, і белыя, значна святлейшыя, чым цяпер, валасы, люты агонь у сініх вачах.Замак палаў перад ім зыркім шалёным агнём. Ляцелі іскры.А ён, Алесь, – а можа, і не ён, а нехта іншы, – драмаў, стоячы на нагах, бо чатыры дні ён і ўсе гэтыя людзі не спалі і чатырох хвілін.Яму было бадай што ўсё адно, што з ім і іншымі зробіць натоўп.Ён бачыў чалавека з разбітай галавой. Чалавек ляжаў наперадзе, сажні за чатыры перад імі.– Патрусіце іхнія нівы сваім ячменем! – крычаў нехта.– Смерць-смерць-смерць! – роў натоўп.“Ды гэта ж Юр’ева ноч, – падумаў ён. – Як я там апынуўся? Чаму ўспамінаю нейкую невядомую мне дзяўчыну?Які ён цьмяны, гэты сон, што я сасніў! Нейкая Загоршчына, якой не павінна яшчэ быць, нейкі чалавек супраць мядзведзя, нейкая дзяўчына!І вось яшчэ нехта схіляецца ў сне нада мною, – страшэнна баліць галава! – высокі, стары, з хваляй карункаў на грудзях.– Унуча. Любы, што з табою?Які яшчэ ўнуча, калі ён мой прапраўнук?! Якое права мае на мяне гэты стары?!”Зноў яркія колеры. Больш жыццёвыя, чым жыццё. Невялікі строй людзей, сярод якіх ён. Клінам стаяць перад імі людзі ў беласнежных плашчах з крыжамі. Іх многа. Трохі меней, чым людзей на ягоным баку, але на самай справе куды болей. Адзін з крыжастых варты пяці на ягоным баку. Так было і так будзе. Таму што на ягоных людзях раменныя шаломы, а на тых – сталь, за якую нельга нават учапіцца. Воіны з ягонага боку спяваюць, і ён заўважае, як святлеюць іхнія вочы і дрыжаць ноздры. – Га-ай! – крычыць нехта, нібы спявае, і яго падтрымлівае хор.І вось ён, невядомы сабе, але больш блізкі, чым ён сам, ляціць на кані насустрач кліну. А за ім са згэлкам, лямантам, рыканнем ляціць конная лава.Чырвоны туман у вачах. Галава працуе ясна і разлічана. Удар знізу, злева, справа. Зваліць канём таго... Стралу ў бабку беламу каню – хай падае. Гаспадар не ўстане.Удзерліся ў строй. Сэрца захлынаецца ад халоднай ярасці. Сячы. Нават прыемна, калі кроў свішча са шматлікіх ран на целе: робіцца прыемна і прахалодна, як у дождж. Гэтаму, і таму, і яшчэ вунь таму. Але чаму ў варожых вачах пад забралам – жах?– Пaна! Пaна! – лямантуе клін.Яны варочаюць коней. Яны ўцякаюць.– Алесь, хлопчык! Ну што? Што?– Мроя, – кажа нехта. – Ява.Невядомая жанчына, якую ён ніколі не бачыў, але якую кахае, белая, з залацістымі валасамі, кажа:– Пакуль яны ходзяць па гэтай зямлі – я сплю з адным каханым. У той дзень, калі разаб’еш ты – з табою. У той дзень, калі яны – з крыгай лёду.І ўначы над шчапянымі стрэхамі вісіць ірваная камета. На хвіліну ён успамінае сябе, а потым наплывае змрок, млоснасць і адчай... Бацька, маці, Віктар, Стафан, людзі “Ку-гі”. “Які подлы свет! Я не хачу рабіць на яго. Я не хачу нават жыць для яго. Не хачу. Не хачу”.