Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

– Алесь! Алесь! Хлопчык!Ён ляжаў, нічога не разумеючы, акрамя жывых сноў. Не ў змозе паварушыць рукою ці нагою, не ў змозе не аддавацца гэтым снам, дзе, як жывыя, хадзілі крыжакі і вялізныя мядзведзі з кордамі-зубамі, дзе людзі жылі ў сырых васьмігранных пакоях з вялікімі равучымі камінамі і ржавымі пожагамі, дзе на частаколах, як на лазні ў кагосьці, каго ён непрыемна сасніў, стырчалі конскія чарапы, – ён ляжаў і сніў і хацеў толькі аднаго: заснуць так, каб не бачыць гэтых акон і заслоны і старэчага аблічча, што схілялася часам над ім. Праз два месяцы ў гэтым сне павінна было здарыцца нешта нясцерпна цяжкае. Алесь хацеў заснуць да таго часу так, каб ужо ніколі не ведаць, не даведацца, што гэта будзе.У дзікай зале, дзе на сценах бязгучна шалахцелі крылы і рукі ўздымаліся ў жэстах бласлаўлення і пагрозы, сядзела за вялізным дубовым сталом групка людзей. У галаве стала сядзеў, паклаўшы перад сабою шастапёр, стары Вежа. Насупраць драмаў сівы Вінцук Рамінскі, старэйшы брат таго Рамінскага, што пры Напалеоне кіраваў народнай вартай.Ля яго змрочна маўчалі стогадовыя Стах Барысевіч-Кальчуга і Лук’ян Сіпайла. Пахмура піпчыў люльку Янка Камар, брат павятовага маршалка ў тым самым дванаццатым годзе і сябра Вежы па славутаму “сядзенню ў камяніцы над порахам”, адзін з тых нямногіх, што асталіся. Далей крэсліў нешта на паперы, трос белай галавою прадзед маладога Яноўскага з-пад Радугі, які, на пасяджэнні ў Раўбічах, хацеў памерці, баронячы скрыжаванне шляхоў на Гуту, Чарнігаў і Рэчыцу. Думаў, ашчаперыўшы галаву пальцамі, стары Вітахмовіч, самы стары з усіх прысутных, стодваццацігадовы чалавек тысяча семсот трыццаць дзевятага года нараджэння.І, урэшце, між ім і Вежам сядзеў самы малады член зборні, супраць усіх правіл і па намаганню Вежы ўзяты ў гэта кола сакратаром і архівістам Юллян Раткевіч. Вежа патрабаваў і дабіўся свайго. Патрэбен быў малодшы, бо ў большасці не хапала ўжо фізічных сіл, а Раткевіч быў бадай што адзін з найлепшых знаўцаў традыцый. Ішло пасяджэнне падспуднай рады старэйшых, славутай “сівой рады” Прыдняпроўя. Тых, што хавалі патрэбныя веды, таямніцы, зберагалі ў памяці звычаі і сачылі за генеалогіяй мясцовых людзей. Вежа здаўна быў галавою “сівой рады”, хоць і строіў з яе кепікі.– Шчаўкунчыкі замшэлыя... Своеасаблівы “гоцкі альманах” Дэбрэ з Дзебраў. Рыцары маннай кашы і таркаванай морквы.Гэта былі яшчэ самыя мяккія з ягоных эпітэтаў. Але сёння Вежа, страшэнна схуднелы, глядзеў на “рыцараў маннай кашы” з трывогай.Маўчанне рабілася цяжкім.– Мроя , – глуха сказаў Янка Камар.Маўчанне.– Ява, – сказаў сівы аж да прозелені стары Вітахмовіч. – Памяць продкаў. Ён памрэ.Жоўчнае аблічча Юлляна Раткевіча было непарушнае.– Бадай, сапраўды, усё, – сказаў Раткевіч Юллян. – Ён не хоча жыць... Колькі часу яе ў нас не было?Вінцук Рамінскі думаў:– Нешта не памятаю. Ці не ў польскі раздзел, пане Вітахмовіч?– Тады, – сказаў той. – Я чаму памятаю, мне тады было трыццаць чатыры, і я збіраўся другі раз ажаніцца. Розных нявест прапанавалі. Адна была сястра пана Юрася Жукоўскага. Пан Юрась захварэў у семдзесят трэцім. Пры Кацярыне. Пачаў сніць нанава жыццё. Але не кавалкамі з розных часоў, а нібы... адной... плынню. Сніў, як рабілі запасы ў пушчы, як білі аленяў і зуброў, як салілі. Як потым ішла раць на Крутыя горы біць татар. Дасніў да сярэдзіны бою – і памёр... Нічога нельга было зрабіць...