Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

І ўрэшце Камар загаварыў. Нават не загаварыў, а нібы заспяваў журліва-тонкім рэчытатывам.– Глядзі, глядзі на свет. Глядзі, любы хлопча, на свет. Глядзі. Глядзі. Неба над табою. Шмат. Шмат неба. Сіняга-сіняга неба. Аблокі плывуць, як караблі. Нясуць, нясуць душу над зямлёю. Нясуць. Зямля ўнізе вялікая. Зямля ўнізе цёплая. Зямля ўнізе добрая. І неба над зямлёй вялікае. І неба над зямлёй цёплае. І неба над зямлёй добрае. І аблокі між небам і зямлёй. Ты – у аблоках, аблокі – у табе. Сіняе-сіняе неба, белыя-белыя аблокі, чыстая-чыстая зямля. Нельга не быць шчаслівым. Нельга. Нельга. Паглядзі, пераканайся, што ты шчаслівы.Алесь нібы праз песню адчуваў дотыкі ўпэўненых моцных і клапатліва-асцярожных рук да свайго цела. Двое слуг займаліся нагамі. Два вучні – грудной клеткай, рукамі і плячыма. Яны перабіралі кожны мускул цела.– Ты здаровы. Ты свабодны. Вецер абвейвае ўсё цела. Неба глядзіць у вокны. Неба. Неба.Голас спяваў так з гадзіну. Упэўненыя рукі за гэты час перабралі не толькі кожны мускул, а, здавалася, кожную сувязку, кожны сасуд і нерв, кожную жылку. І разам з гэтымі рухамі наліваліся аднекуль у цела дзіўнае заспакаенне, раўнавага і мірная сіла.Яго зноў аблілі вадою. І зноў рукі. І зноў рэчытатыў Камара і вочы, якія бачаць цябе да дна.Заспявалі над ім галасы. Ён не разумеў слоў, але мелодыя, простая, прывабная і чаруючая, з перападамі ад высокіх гукаў да нізкіх, нібы ўладна адрывала яго ад звыклага і звычайнага, ад свету, дзе ўладарыла салдатня, дзе чужыя людзі, так не падобныя да людзей, рабілі з людзьмі, што хацелі, дзе на гасцінцах гучаў крык “ку-га”, дзе чужынцы духу шматавалі ўсё маладое, здаровае, чыстае.– Ляжы. Ляжы. Ляжы нагі пад нагім небам. Халодна – укрыйся. Горача – расхініся. Не ўставай. Не ўставай. Над табою неба, неба, неба. Ачысціся. Засяродзься на простым... простым... простым. Яны не падмануць... не падмануць... не падмануць.Ён страціў на хвіліну прытомнасць, а калі ачуняў ад ачышчальнага сну – адчуў, што яго нясуць, відаць, на насілках і над галавою, бо ён не бачыў тых, што неслі. Ён проста нібы плыў між небам і зямлёй, твар і твар з сонцам і небам. І недзе за ім срэбна і звонка, нібы з жарала крыніцы, нібы з жураўлінага горла, спявала труба.Ён ляжаў. Мяккая посцілка была пад ім. Халодная прасціна ляжала ў нагах. Ложа стаяла пасярэдзіне альтанкі. Людзі прынеслі яго сюды і пакінулі аднаго, нагога, сам-насам з небам.Вакол былі ружова-аранжавыя калоны, узнесеныя ў неба. Ён нічога не бачыў, акрамя іх і неба.Так ён і ляжаў.Ён толькі піў ваду і часам браў лёд і прыкладаў да галавы і вадзіў ім па грудзях і руках.Ва ўсім гэтым, што вакол, была вялікая чысціня і адлучанасць. І ён нібы плыў на сваім ложы насустрач аблокам. Між небам і зямлёй, як на паветраным караблі.Сядала макавая кветка сонца. Халаднела. Срэбныя трубы пачыналі звінець. Ціха-ціха, нібы ў іх лілася крыштальная і звонкая вада. І сумна-сумна, нібы сама зямля развітвалася з сонцам.Ён амаль не ўставаў. Толькі ў гарачыню абліваўся вадой. Ніхто не прыходізў да яго. Людзей не было. Ён не ўспамінаў і не думаў.Уначы, прыемна халаднеючы пад прасціной, ён чуў праз дрымаоту крыкі соў. Глядзеў у неба, бачыў, як каціліся з яго зоры.Прыходзіў дзень. Трубы пачыналі награвацца і звінець радасна. І яму, які саграваўся разам з імі, пачало прааз некалькі дзён здавацца, што гэта ў ім самім звініць цеплыня і вецер, і тое, што вярталася аднекуль, поўнячы свежае цела.