Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

І зноў крычалі совы. І зноў радасна ляцеў сіні зімародак да далёкай ракі. Купаўся ў сонцы. І ўсё гэта было не даўжэй за хвіліну: чаргаванне начных жахаў і цёплага дня, зор і блакітнага неба. Усяго, з чым ён быў сам-насам.А калі ён уставаў – бачыў злева Дняпро і парк, у якім як не было будынкаў, а справа – дзікі парк і яр, дзе тады Гелена... Не, ён не думаў пра яе і наогул пра людзей. Людзей не было зусім. Былі там проста вытокі Жараліцы, выйсце вод, выйсце крыніц.Так ішлі дні. Уначы падалі зоркі. Дзве з іх яны калісьці назвалі сваімі імёнамі. Якія? Ці не ўсё адно?Не трэба было думаць пра гэта, калі кожны дзень ён уздымаўся пад лятучыя аблокі, прасякнутыя блакітам і гарачым святлом.Так мінула два тыдні. Ява адступала. Яна з’яўлялася ўсё радзей. Таму што былі неба, аблокі і сонца. І яшчэ вецер і, адзін раз, уначы, навальніца з маланкамі. Свет расколваўся навокал, і Алесь ляжаў нібы ў шатры са сляпучых бліскавіц, схаладнелы ад незразумелага захаплення.Потым пачало часам прыходзіць узбуджэнне. І яшчэ, нібы праявы, думкі аб жыцці. Спачатку яны былі непрыемныя, а потым сталі нават саграваць. Бо вакол былі зоры і аблокі.І, галоўнае, неба.Ён ужо еў. Ён ляжаў і думаў пра ўсё на свеце.Прыйшла раптам у адзін з дзён пяшчотная туга па кімсьці. І з вострым пранікненнем у праўду ён зразумеў, што няма шчасця ў тым, калі толькі цябе кахаюць.Кахаць – вось што было шчасце.І гэта не толькі з жанчынамі. Гэта і ў любові да людзей. Шчасце было – аддаваць. Усё аддаваць жанчыне-сонцу і ўсім незлічоным чалавечым сусветам, якія жылі і рухаліся вакол.Праявы жыцця наплывалі аднекуль усё часцей. Чырвоная ад промняў захаду дзічка... Туман, што збягае з зямлі, і паўсюль белыя... белыя коні... Бацька прыкладае да вуснаў рог... Сіняе павуцінне ў паветры... Тромб на сляпучым пяску арэны... Вочы маці, што ўсміхаюцца яму... Кастусь і ён на кані над стромай... Каласы пад сярпом на камені... Кроер, што ўзносіць карбач... Чорныя вішні на падвоканні мансарды... Крынічка варушыць пясок... Твары Кагутоў... Аблічча Стафана... Галіна дуба, працягнутая між зор... Салаўіны пошчак... І зноў Кастусь... І Майчына рука, што паказвае на зоры...Зямля... Зямля... Зямля...Аднойчы ў начы ўсё гэта лінула на яго з такой сілай, што ён закалаціўся ад жалю па страчаным часе і ад прагі дзейнасці.Ён не мог больш ляжаць вось так. Досыць! Мінула тры тыдні. Тры тыдні нібы выкінуты з жыцця.Была ноч. Ён паспрабаваў устаць, але не здолеў – праваліўся ў кароткі і моцны сон.... Была ўсё тая самая ноч. Але з цёмнай зямлі – вакол узнесенай у неба альтанкі і наколькі магло ахапіць вока – цягнуліся ўздзетыя ў маленні рукі. Яны цягнуліся бліжэй і бліжэй. І вышэй, нібы на кожную расціснутую далонь павінна была легчы свая, толькі ёй адной прызначаная зорка.Глухі гул далятаў адусюль, нібы нябачныя людзі наракалі і задыхаліся пад зямлёй.Рукі цягнуліся вышэй і вышэй. Крычала зямля.... Ён прачнуўся і ўбачыў край узыходзячага сонца. Сонца пералівалася і гуляла над шатамі дрэў.Але голас бязмежнага гора яшчэ ляцеў ад зямлі.І тады ён зрабіў намаганне і ўстаў. Устаў насустрач сонцу і, захінуўшыся ў прасціну, пайшоў з альтанкі.Спявалі птушкі. Ён ішоў, і крокі рабіліся мацнейшыя і мацнейшыя....Ля алеі насустрач Алесю бег Кірдун.– Паніч Алеська! Паніч Алеська!І кінуўся яму на грудзі.– Бож-жа ж мой! А як жа я чакаў! Кожную раніцу. Калі гэта, думаю, тая хвароба адпусціць? Не пускалі мяне. Нікога не пускалі. Нават ад Міхалінкі чапавека не пусцілі.