Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

Алесь абняў гэтага першага чалавека са зноў здабытага свету.– Ну кінь, Халімоне. Бачыш, усё добра. Жывы.Прагна спытаў:– Што там новага?Кірдун зразумеў па гэтым пытанні, што з хваробай усё скончана.– Трэба, трэба было, каб устаў. Прыбягаў хлапец ад Міхаліны. Вяселле скора. Падганяе пан Яраш.Алесь адчуў, як сабралася пад скурай пасвяжэлае цела. Вочы звузіліся жорстка.– Я сказаў, што хворыя. Яе не пушчаюць. Бегчы хацела, – захлынаўся Халява.– Яшчэ што? – сурова спытаў Алесь.– Лухта, паніч. За гэты час некаторыя нават не паслалі спытаць, як з вамі... Стары пан пасмейваецца. Кажа: “Б-бай-кот”, вось як. Увесь заходні попуст наваколля – Таркайлы, ды Браніборскі, ды іншыя... Хаданскі крычаў, стары Мікіта: “Выдыхае старое кубло! Чаго чакаеце, малодшыя?! Хутка і Вежу здыхаць! Ганіце яго, пакуль тая справа, з камітэта ды адусюль. Чырвань з гэтых “чырвоных” пусціць трэба!” Добра, што на зборні большасць малодшых паўсталі на іх. Пана Кастуся Кроера Юллян Раткевіч за дзверы выкінуў. Дуэля была... да першай крыві.– Забілі некага? – спытаў Алесь.– Падрапіны ў абаіх.– Ну, байкот – гэта лухта, – спяшаўся Алесь. – Яшчэ што?– “Ку-га” зрабіла аблаву на Чорнага Войну.– Забілі?– Выслізнуў... А потым прыйшоў ліст з пагрозаю ад “Ку-гі” Юлляну Раткевічу.– За што? – А д’ябал яго ведае, – Кірдун раптам стаў. – Панічыку, сакрэт.Нешта такое было ў ягоным голасе, што Алесь таксама спыніўся.– Думаю, Кроер са злосці прыслаў... Са злосці на Юлляна... Толькі маўчыце...– Не жартуй, – сурова сказаў Алесь. – Чаму думаеш?– А каму Юллян калі зашкодзіў... І потым... Памятаеце, Таркайла казаў, што людзі “Ку-гі” перапынілі лёкая ягонага, Пятра, і далі папярэджане...– Ну?– Пятро нічога не ведае, – шэптам сказаў Кірдун. – Я нібы выпадкова загаварыў з ім. Ніхто яго не перапыняў. Нічога ён, Пятро, не перадаваў.Алесь аслупянеў.– Таркайлы?– Яны, пане Алесь, – проста сказаў Кірдун.Алесь пайшоў, амаль пабег газонам. Белая прасціна лунала ў паветры.– Наконт Кроера – кінь і думаць. Доказу няма, хоць і падобна на яго. А Таркайлы – маеш рацыю.Чырвань кінулася яму ў шчокі, вочы блішчэлі.– Рыхтуйся, Халімон. Мы ім тут зараз дубоў наломім.Стары Вежа яшчэ здалёк пачуў гоман і зразумеў: абышлося.І ўсё ж ён звыкла стрымаўся і не выявіў сваіх пачуццяў. Паглыбіўся ў кнігу, а потым кінуў на Алеся такі позірк, нібы нічога і не здарылася, нібы толькі гадзіну назад яны разышліся.– Чаго гэта крык і шум вялік, і рэчы многія ва ўсіх баярэх?Алесь расказаў.– Ну і што думаеш рабіць?– Украду.– Ты, братачка, раней чым красці, хоць апраніся. Як ты жаніхацца паедзеш такім Хрыстом. Тут табе не Палясціна і не Эмаус. – І ўсміхнуўся: – Дальбог, ачуняў. Бач ты, як адразу да дзейнасці яго павяло. Ідзеш на шлюб як на злом галавы... Ну, гэта ўсюды так. А яшчэ што?– Таркайлу трэба правучыць.– Як? – іранічна спытаў дзед.– Двабой.– З ім? Па-першае, гэта ўжо не двабой, а трыбой. Іх жа двое. А па-другое, не пойдзе ён з табою біцца. Ён гандляр, хоць і дваранін.– Трэба, каб Ісленьеў ведаў.– Нашто? І так яму з намі клопату. Рускія людзі блізка бяруць да сэрца чужыя беды. А яму іх хапала і сваіх, яшчэ з часоў мяцяжу... У справу з Таркайлам старога не цягні. – Падумаў. Затым сказаў: – На Таркайлу нельга глядзець як на роўнага. Загадай, каб запрэглі коней....Упершыню за ўвесь час дзед пераапрануўся ў парадную вопратку. Сядзеў побач з унукам велічны і строгі. Маўчаў усю дарогу да дома Таркайлаў. Калі фурманка спынілася, сказаў Алесю: