Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

Мсціслаў за год змяніўмя. Самастойнае жыццё наклала адбітак. Узмужнеў, вочы сталі суровыя і светлыя. Перавёў мужыкоў на аброк і падрыхтоўваў вызваленне. Патроху гаварыў з вернымі хлопцамі . А сам бавіў час амаль толькі за паляваннем. Гойсаў на кані з сабакам і стрэльбай па навакольных пушчах і паплавах, часта чамусьці заязджаючы ў Азярышча.Нічога, здаецца, не змянілася ў загорскім наваколлі. Толькі змяніўся – і ў трывожны бок – пан Юры. Невядома, што здарылася, але хутчэй за ўсё – глыбокае нездавальненне жыццём і сабою. І яно так мяняла яго, што, каб гэта было са старым Вежам, людзі маглі б падумаць пра дрэннае.Але бацьку споўнілася толькі сорак восем, і яшчэ два гады назад яму давалі дзесяткам менш. У ім заўсёды было шмат хлапечага. Бацька любіў жартаваць, быў здатны на самыя нечаканыя выбрыкі. Гэта ён, у маладыя гады, ледзь толькі зляцеў з магілёўскага губернатарства Міхаіл Мураўёў, прыехаў да яго наступніка, маладога Ягора Бажанава, у накладных вусах, барадзе і кучме валасоў – пад выглядам віцебскага архірэя і, не даўшы нікому падставы ўсумніцца ў сваёй прыналежнасці да царквы, спрачаўся па багаслоўскіх пытаннях. Потым яны з Бажанавым сталі сябрамі.І гэта пан Юры зрабіў аднойчы так, што адзіны заяц, забіты на паляванні выдомым хвальком і хлусам Вірскім, трымаў у лапках запіску з надпісам: “За што?!”У наваколлі Копыся вадзіліся надзвычай рэдкія чорныя зайцы. І гэта бацька ў змове з кушняром Вежы, славутым майстрам, запэўніў аднаго з Вітахмовічаў, Сымона, што бываюць і зайцы паласатыя, і ў доказ гэтага паказаў шкурку і сказаў, што за другі экземпляр не пашкадуе і тысячы рублёў. Сымон цэлы год днямі і начамі цягаўся па вапняковых пустках ля Рамінавічаў, спаў у халупах пастухоў або проста пад чыстым небам, піў казінае малако, і вядома ж, нічога не забіў. Затое вылечыўся ад сухотаў.Цяпер на пана Юрыя балюча было глядзець.У вачах часта з’яўлялася абыякавасць і пустата.Ажываў ён толькі на паляванні. Але і там аднойчы, калі начавалі ля вогнішча, каб раніцай ісці “сцяжыць” ваўкоў, не вытрымаў. Слухаў-слухаў сына, а потым ціха сказаў:– Скончана, брат, жыццё. Не так пражылі. Яшчэ год дваццаць сумоты, а там і да пані Пясэцкай у ложак.– Бацька, ты што?– Непатрэбна ўсё гэта нікому. Ні гэтыя рэформы, калі ўся гэтая механіка патрабуе молата, ні мая гэтая мітусяніна. Ніч-чога! ...Настрой гэты пачаў мінацца ў пана Юрыя з першымі адзнакамі “вясны вады”, з прадчуваннем клічу паплавоў і балот, з першым жывым ўяўленнем таго, як хутка ўжо стане “капаць” і “скрогаць” у пушчы глушэц.Нібы кожная сіняя кропля з ледзюка падбаўляла сіні ў бацькавы вочы. Затое цяпер, прадчуваючы страляніну, пачала загадзя пакутаваць маці.Паўтаралася звыклая гісторыя кожнай вясны.Бацька ўжо крадком рыхтаваўся. Лілі шрот, выбівалі прабойнікамі з лямцу клакі, выпрабоўвалі порах. Як ціскі для катавання, ляскаў у руках Карпа барклай.– Што, брат, зробіш? Страсць! Прашліхтуе нам з табою маці вантробы.Як чорт, блішчаў сінімі вачыма:Уцымбаліў дождж па вяршыначках,Па ядлоўнічку, па бярэзнічку...Шэрым конікам сухенька стаяць,Нам, стралкам-малайцам, мокранька сядзець.Шэры конікі пад світкамі ўграваюцца, Мы ўкрываемся, стралочкі, босаю спіной...Спяваў патаемна і так, што аж страшнавата рабілася.І раптам пляваў:– Чорт ведае што... Разбойніцкая!.. Во паслухалі б людзі. Ды яшчэ каб раптам кісцень на руку: ведаеш, такі шар з шыпамі ды рамень вакол запясця. Ды ў людскую, ды ў тры пальцы – свісь! “А-дзі, каму шкура дарагая!” Або лепей да Фельдбаўха.