Каласы пад сярпом тваім, ч. 5

З Грэблі данеслі, што мядзведзь пасля кожнага разбою вяртаецца ў сваё мярло і робіць спробу заснуць зноў. Відаць, таму, што прачнуўся так рана. І засынае часам. На дзень ці на два.…У дзень палявання Алесь вырашыў быў не ўставаць, каб лішне не псаваць настрою чужымі зборамі, але ў чатыры гадзіны, у цемры, пан Юры заспяваў, ідучы ў збройную, і толькі ля дзвярэй сына змоўк: успомніў, што той не едзе і гэты радасны спеў можа на цэлы дзень засмуціць сына.Алесь са злосцю захутаўся ў коўдру, збіраючыся заснуць, але не мог. Усё адно трэба было ўставаць і ісці на цукроўню. Дый не мог ён прапусціць збораў: відовішча, магчыма, яшчэ больш хвалюючае, чым само паляванне.…На двары, у падмёрзлым снезе, пераступалі капытамі коні. Рыпелі палазы. Асветленыя ліхтарамі і паходнямі, сноўдалі сюды-туды людзі. Біскуповіч і Юллян Раткевіч распараджаліся. У плямах святла вымалёўваліся сухарлявыя сілуэты сабак.Псяры трымалі іх на шворках. Сабак сёння чакала цяжкая работа: хапаць звера ззаду “за нагавіцы”, адцягваць яго ад паляўнічых.Шляхта з малодшых радоў – сем чалавек – раз-пораз ставіла стрэльбы і рацішчы ля ганка і ішла ў пакой паляўнічых, куды яшчэ звечара паставілі сталы: закусваць. Вярталіся адтуль чырвоныя, тугія на раннім марозіку, як памідоры. Пахла ад іх віном, свежым марозам, скурай і конскім потам.Пераступалі з нагі на нагу, рыпелі белымі высокімі вайлакамі, ходнямі і ботамі.Ліхтары згасілі, і снег стаў ліловы, калі ўрэшце з’явіўся бацька. Сінявокі, смуглявы, белазубы. Убачыў Алеся і вінавата пшыкнуў румянымі вуснамі.– Такі ўжо наш лёс, – смяяўся васільковымі вачыма пан Юры. – Салаўя не кормяць байкамі, а жанчын – мудрасцю.Ён быў вельмі засмучаны за сына.– Ну нічога, ну кінь. Слова табе даю, заўсёды цяпер будзеш са мною.Бацька ляпнуў сына па плячы і, пружынячы, страсянуўся, як звер: не, нічога не брынчэла, усё было падагнана як след.Пан Юры быў ва ўсім белым. Белыя кабці, белыя скураныя нагавіцы, белая футра, падбітая гарнастаем, белая, таксама гарнастаевая, шапка з заломленым вастраватым верхам.– А бадай з вас дух, – сказаў ён раптам. – Так вось сам не прасачы… П’яўкі дацкія дзе?– Унь зграя, – сказаў Карп.– Яшчэ адну, – сказаў пан Юры.Зняў шапку. Рассыпаліся бліскучыя белакурыя валасы.– Горача.– Выпіў, ці што? – спытаў Раткевіч.– Што я, такі дурны, як твайго бацькі дзеці? Проста горача. Вось-вось вясна.– Угледзеў, – сказаў Януш.Хлапечая постаць пана Юрыя зноў скаланулася. І не трэба было, бо правяраў ужо, але ён проста не мог стаяць спакойна.– Хлопцы, досыць жэрці! – сказаў пан Юры. – А то як бы потым Андрэева стаянія не было. Давайце збірацца.Павялі на налыгачах сабак. Звонка загігатаў у свежым паветры конь.– Хутчэй, хлопцы, не церпіцца. Ану, як да дзевак, як да іхняга казінага племя… Зміцёр! О, хітрая бестыя, Зміцёр! Но-но, Змей. Давай сапраўднага каня.– Ды я… яно… думаў… каб гэта Змей… Хай бы ён.Сінія хітрыя вочы бацькі смяяліся. Ён удаў Змітра:– Хай бо ж бо ён… гэна…Вакол зарагаталі.– О то ж бо яны табе й е, – паважна скончыў бацька.Ад яго так і патыхала здароўем, сілай і радасцю. Раўнюткія зубы смяяліся. Рухі зрабіліся дакладныя і спрытныя, як раней.Падвялі белага жарабца. Пан Юры лёгка ўскінуўся ў высокае сядло. Пашукаў нагою пятлю і ўставіў у яе дзяржальна рацішча. Цяпер, са стрэльбаю за плячыма, з рацішчам, падобным на старадаўнюю дзіду, загоршчынскі пан вельмі нагадваў сярэдневяковага воіна. Падабраны, спрытны, лёгкі ў сядле – залюбавацца можна было.