Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

У канцы красавіка Гарыбальдзі з тысячай адчайных і смелых людзей высадзіўся ў Сіцыліі, бо там зырка шугала паўстанне супраць неапалітанскіх Бурбонаў. Абрастаючы людзьмі, бесперапынна перамагаючы, тысяча рухалася, рабілася многімі тысячамі, выкідала ворагаў з гарадоў і вёсак. У тым жа самым годзе змагар вызваліў каралеўства абедзвюх Сіцылій. Чакаў паход на Рым. Падзеленая яшчэ з Юстыніянавых часоў, расшматаваная на часці, залітая крывёю Італія ўставала адзінай, падымаючыся на ўвесь свой вялізны рост. Напалеон казаў калісьці, што італьянцы любяць балбатаць аб волі радзімы... у ложках у сваіх палюбоўніц. Цяпер ад гэтых аматараў пагаварыць змазвалі пяткі аўстрыйцы і Бурбоны. Таму што аматары гаварылі цяпер моваю зброі і так, як належыць мужчынам.3 шостага стагоддзя, са дня злашчаснай пагібелі Цейі, караля остготаў, была рэстаўрацыя Юстыніянам рабства, пажары, прыгон, тыранія царквы, рабунак кандацьераў, інквізіцыя або ўлада гандляроў. Ласкутная, пашматаваная краіна, вечныя захопнікі – ад візантыйцаў і іспанцаў да аўстрыйцаў.I так на працягу тысячы трохсот год. Досыць моцны зарад аптымізму для ўсіх, хто не хоча і не ўмее чакаць. Досыць вялікая школа вытрымкі. I калі ўсім здавалася, што ўжо ўсё – волат устаў, даводзячы гэтым, што ніколі не позна.Ніколі, калі справа ідзе аб свабодзе, аб святле заўтрашняга дня.У юнакоў гарэлі вочы, калі яны глядзелі на захад. У іх трапяталі ноздры, што лавілі вецер свабоды.– Жыць! Жыць! Ваяваць за волю! Знішчаць прыгон! Ваяваць за права, за шчасце, за бацькаўшчыну!Мсціслаў Маеўскі ехаў верхам у Азярышча. Трэба было ўбачыць Кагутоў, пагаварыць аб сім-тым, а галоўным чынам, сустрэцца з Яняй.Хлопец сам здзіўляўся, чаму яго так цягне да гэтай дзяўчынкі, а калі зразумеў, было позна. Паспрабаваў сам сябе ўгаварыць, што гэта – звычайная рамантычная гісторыя ў духу “здравствуй, добрая дева, не откажи запечатлеть на твоем невинном челе братский поцелуй, ибо и крестьянки любить умеют, под сению дерев пляша”, – нічога не дапамагала.– Ну і чорт з вамі. Ну і злуйцеся. А я ўсё адно буду там бываць. Мне прыемна.Цёплыя вочы хлопца аглядалі з-пад белай чупрыны Дняпро, маладую зеляніну на яго берагах, само Азярышча, якое прыгожа раскінулася над ракой. Не ведаў, што рабіць. Збіраўся быў разам з Кастусём паступаць у нейкую ваенную ўстанову. Скарыстаць ільготы для студэнтаў, што скончылі універсітэт, і дваран. Нешта і ў Кастуся не ладзіцца. Дысертацыі яшчэ не падаў, у кандыдаты, значыцца, залічаны ўмоўна. Са штаба ўстаноў адказу няма. Дый сапраўды. Недавер да мясцовых людзей вялікі, а тут чалавек, які ведае права, фінансы, статыстыку, палітычную эканоміку, гаспадарку вясковую, тэхналогію і іншае, хоча яшчэ набыць і ваенныя веды. Не ўжо, досыць. Чорт ведае што з такіх людзей можа атрымацца пры разбэшчанасці цяперашняй моладзі. Магчыма, якабінскія міністры.Мсціслаў засмяяўся. Кастусю не шанцавала, а яму, Мсціславу, і пагатоў. Генералаў з іх не выйдзе. Што ж, адзін будзе ўладкоўваць агульную сістэму мяцяжу, а другі зробіцца неблагім паручнікам. Паручнікі паўстанню таксама спатрэбяцца. А кім, цікава, будзе Алесь?3 прыдарожнай карчмы, за якую сядала сонца, ляцела жаласная песня:I чарка мала, і гарэлкі няма,Міла, міла не цячэ, каля сэрца пячэ.Сядзіць, відаць, нейкі закаханы бедалага ды плачацца на горкі лёс, ашчаперыўшы рукамі калматую галаву.