Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

Мсціслаў зноў задумаўся ад гэтай песні. Пойдзе ў бунт, магчыма, галаву складзе, або схопяць ды расстраляюць, ці інвалідам зробяць. Што тады рабіць дзеўцы? Ах, божа ты, божа. Як бы добра, каб усё ўжо мінулася, каб перамога. А тут ворагаў – гурт. Брэшуць на сумленных людзей. Ды не дадуць так адразу цераз кроў пераскочыць...Ён папраставаў па задворках да курганнай магільні за Азярышчам.Янька была ўжо там. Мсціслаў саскочыў з каня.– Вечар добры!– Стафану кепска, – свежы тварык Янькі зморшчыўся, задрыжалі гаротна бровы.Стафану сапраўды не памагалі ні лекары, ні лекі. I зразумела рабілася, што тут хіба ўжо натура возьме сваё, і ўсё ж усе спадзяваліся, рабілі для яго ўсё, назнарок пакідалі з ім кагосьці з братоў ці Марту з Рагнедай, каб не быў самотны.– Пасядзім трохі, дый я пайду да яго, – сказаў Мсціслаў.– Сядзець не трэба. Паходзім.Яны ішлі берагам. Яня ішла побач, апусціўшы вочы, абшморгвала маладую галінку вярбы.– Мне маладой лістоты шкада. Глядзі, якая зялёная.– I праўда. Я не буду больш.Падышла да ўрвішча, кінула галінку ў плынь.– Ты не думай, – Яньчыны вочы глядзелі трохі нават спалохана. – Яна ў вадзе аджыве, выплыве недзе ў бераг ды ўкараніцца. Вярба жывучая.– Вядома, укараніцца. I раптам Янька хліпнула.– Вярбе можна. Чалавеку вось нельга. Як зрэжуць яго – гэта ўжо ўсё. Мсціслаў разгубіўся.– Нічога. Абыдзецца ўсё.– Не... Не ўжо, відаць... Не скардзіцца Стафан, не... Памятаеш, як на вяселлі ягоным добра было?– Заспявай тую, што тады для Марты спявала, – папрасіў ён. – Заспявай. Вось убачыш, я веру, адразу яму лягчэй стане.– Праўда?Янька з даверам зірнула на яго, глыбока ўздыхнула і завяла ціхенькім дрыготкім галаском:Прыданачкі1 – няўданачкіШапчыце,Вы яе паціхенечкуНаўчыце.Мсціслаў ішоў і ўспамінаў радасць тых дзён: і як ездзілі па рыбу перад вяселлем, і як жартавалі з Галінкай Кахно, і як было весела. Не, нічога не магло здарыцца са Стафанам.Няхай яна ранюсенька ўстаець, Няхай яна хатку, сенькі падмяцець, Няхай яна на вулку шумку не нясець,Няхай яна на шуметнічку пасыпе, Няхай яна і ножкамі прытопча, Няхай яна і слёзкамі прымоча.Яны ішлі насустрач барвянаму вялізнаму сонцу, што напалову села ў затоку Дняпра. Мякка ступаў за імі стомлены конь.Нашы курачкі трапятлівыя разграбуць, Нашы жоначкі лепятлівыя разнясуць.– Няхай вашых курэй каршун дзярэ,Няхай вашых жонак смерць пабярэ.Янька раптоўна ўсхліпнула і села ў траву, нібыта ў яе падсекліся ногі. Ён сеў ля яе, нясмела пагладзіў па залатых валасах.– Ну што ты, што?Ён узяў яе за плечы і сілком адвёў далоні ад вачэй. У вачах былі слёзы. Мсціслаў адчуў – апусцілася некуды сэрца.– Як жа гэта нехта мог, – праз слёзы сказала яна. – Як узнялася рука на такога. Ціхі ж, рахманы. Дзіця астанецца. Ну, нічога. “Сіроцкія слёзы дарма не мінаюць. Пападуць на белы камень – камень прабіваюць”.Мсціслаў паставіў яе на ногі. Павагаўся хвіліну і раптам асцярожна пацалаваў у распухлы, салёны ад слёз раток.– Не трэба, – глуха сказаў ён. – Калі нават нешта і здарыцца – я цябе не кіну. Бацькам буду. Братам буду. Мужам, калі хочаш, буду. “Не”, – моўчкі кіўнула яна галавой. “Так”, – моўчкі схіліў ён галаву. Стафан сядзеў на прызбе, зябка хутаўся ў чугу і праваленымі вачыма глядзеў на заліты барваю сад і на сонца, што сядала за ім. Падышоў Кандрат, але старэйшы яго нібы не заўважыў. Твар жоўты і ў плямах, позірк адсутны.