Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

Кандрат асцярожна паклаў яму на тую руку, што ляжала на каленях (другая сціскала на грудзях адвароты чугі), двух забітых дупеляў.Стафан памацаў рукою ржавае мяккае пер’е і скрывіў вусны ўсмешкаю.– Шкада-а.– Табе сёння зварым. Нічога. Ежа, браце, панская.– Усё адно шкада.Кандрат прысеў да старэйшага.– Дай стрэльбу, – сказаў Стафан.Узяў дубальтоўку сухімі, як курыныя лапы, пальцамі.– Цяжка. Пры жыцці і страляць не любіў. Вось і сам дзічынаю зрабіўся.I зноў Кандрата, другі ўжо раз, уразіў гнеўны выраз у вачах Стафана. Сонца ўжо ледзь круцілася, пералівалася сваім краёчкам над вадой.– Кандратка, – сказаў Стафан, – я сёння памру. Брат зрабіў рух пратэсту.– Не, – сказаў Стафан. – Я ведаю. Ты не забыў?– Не.– Споўні. I Кроера таксама. Мне праява была – ён.– А калі не?– Калі нават не, то гэткую дрэнь сцерці трэба з зямлі.– Споўню.– Забі за сорак дзён, пакуль душа тут... Таркайлу... Каб супакоілася. А з тым не спяшайся. Усё добра зрабі. А можа, і я з таго свету прыйду, скажу, ён ці не. Каб жывую душу ўратаваць ад дарэмшчыны – адпусцяць.– Споўню.– Правядзі мяне, братка, да ракі. Бачыш, чырвоная...Гнеў знік з вачэй хворага. I нават усмешка была ранейшая, як да хваробы. Успершыся на плячо Кандрату, ён устаў.– Ну вось, блаславі вас усіх. Мне... Нібы страціў думку.– Ну вось... Каб вышэй... Трошачкі вышэй.Пацягнуўся, нібы хацеў яшчэ раз убачыць раку. А потым стаў падаць так раптоўна, што Кандрат ледзь паспеў падтрымаць яго.Везлі яго на могілкі па вадзе. Яшчэ стаяла спозненая палавень, і да царквы на востраве іначай дабрацца было нельга.Ішлі чатыры чаўны. На пярэднім стаяла корста з нябожчыкам. Стырнаваў Алесь: выпраўляў нябожчыка брата ў апошнюю дарогу. Змрочны Кандрат Кагут пеніў ваду вяслом. На астатніх трох чаўнах сядзелі Кагуты, Кахновы і сваякі Марты.Зялёнымі хмарамі стаялі ў вадзе гаі. Звінеў над невялічкім лапікам сушы жаўрук. Вельмі цёпла, зусім па-летняму прыпякала сонца.Не ўзляталі з астраўкоў кулікі-турухтаны. Як ведалі, што людзі на чаўнах страляць не будуць. А можа, – і гэта хутчэй за ўсё – адураныя повенню вясенняй крыві ў жылах, нікога не баяліся. Такавалі, натапырыўшы пер’е, хадзілі адзін перад адным, яркія ў шлюбных уборах.Самачкі, прымайстраваўшыся на крайніх канцах выспачкі, глядзелі на самцоў.Ні ў кога з мясцовых людзей не ўзнялася б рука страляць па іх у такі час. I турухтаны ведалі аб гэтым. Неба, вада і астравец – усё было для іх.Марта на другім чаўне пабівалася. Быў гэта яе абавязак. Але астатнія ўжо трохі перацерпелі гора. Мінуў год, і ўвесь гэты час яны чакалі немінучага, а калі яно прыйшло, мала асталося слёз.Хіба толькі ў маці.Стары Кагут Даніла думаў аб тым, што і яго хутка павязуць той самай дарогай, і не шкадаваў аб гэтым, а шкадаваў хіба толькі аб тым, што гэта не яго вязуць зараз замест Стафана. Добра было б адпачываць у такі дзень, пад жаўруком, між небам і вадою. I каб ля чаўна такавалі турухтаны.Янька выплакалася яшчэ ля курганоў, а потым у хаце. Алесь думаў, як цяпер адшукаць вінаватага ва ўсім гэтым. Мсціслаў паглядаў зрэдку на Яньку і налягаў на вясло.Толькі адзін Кандрат глядзеў на свет змрочна, праз прыпухлыя павекі. I чым больш Алесь глядзеў на яго, тым больш здагадваўся: гэты ўсё ведае.Над вадою між зялёных хмурынак затопленых дрэў ляцела галошанне:А я ж за табою на край свету хадзіла,А я ж за табою ў вагонь лётала,Сакол ты мой міленькі, каханенькі!