Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

Перш чым трапіць адтуль да мосціка, трэба з’ехаць пракапаным з’ездам, дзе калёсы і чалавек хаваюцца з галавою. Значыць, на самы горшы выпадак, хопіць часу для двух стрэлаў. Стрэлы будуць верныя: з чатырох крокаў.Але ён спадзяваўся, што пабочныя людзі не з’явяцца. Яму не хацелася, каб Таркайла адбыў толькі адну хвіліну жаху перад тым, як памрэ. Ён вельмі моцна маліў аб гэтым – бога не бога, а сам не ведаў каго. Таго, хто паможа.Таркайла вылаяўся і злез з таратайкі. Падышоў да правалу, плюнуў, агледзеўся, як пасунуць плахі. Потым у вачах ягоных нешта мільганула: заўважыў.– Не рухайся, – сказаў Кандрат, наводзячы ствалы. – Стань ля воза.– Чаго табе? – збялеў той.– Сёння пахавалі Стафана Кагута. Маё імя – Кандрат Кагут.Таркайла шарануў быў рукою па возе да сакваў.– Ну, – сказаў Кандрат.– То што, я вінен у тым?– Вінен. I вінен, што забілі яшчэ аднаго. Ты сам таго не варты.Таркайла раптам крыкнуў. Спалоханыя коні рванулі наперад, але колы таратайкі з маху ўскочылі ў правал.– Меркаваў, што пераскочаць, а ты на калёсы дый ходу? – вочы Кагута глядзелі спакойна, усмешка крывіла вусны.– Адкажаш, Кагут, адкажаш.– Не, – сказаў Кандрат. – I кінуў: – Маліся. Тодар шныраў вачыма вакол.– Адкажаш, Кагут... Мяса тваё пад пугай паляціць... Павесяць.– Ну! – сказаў Кандрат.

“Пане божа, у рукі твае аддаю дух мой...”– Досыць, – сказаў Кандрат. – Лапату і таго не даў.Стрэл пракаціўся верхавінамі пушчы.Таркайла зрабіў запознены крок убок, толькі цяпер скеміўшы, што можна скочыць з мосціка, хай сабе і ў мелкае месца. Усё адно гэта выйгрыш хвіліны.Але ён ужо не мог гэтага зрабіць. Прыціснуў далонь да грудзей, хістануўся і ўпаў на калені.– Забіў, – сказаў ён. – Забіў ты мяне. Кандратава стрэльба хадзіла перад ягоным тварам.– Нічога, – сказаў ён, хілячыся наперад. – I цябе так... I цябе... I ўсіх вас так.Другі стрэл нібы штурхнуў увесь свет у ягоны лоб....Кандрат прадзьмуў ствалы. Звыкла, як кожны селянін, што беражэ сваю зброю. Сіні дымок двума струменьчыкамі – слабейшым і моцным – вылецеў з іх.Потым Кагут схіліўся над забітым і здзёр з ягоных грудзей запэцканы ў крыві вацок. У ім зазвінела і зашалахцела.– Хадзі, памыйся перад страшным судом.Таркайлава цела перавесілася з насцілу, упала з невялікай вышыні ў мелкую, на каменьчыках, плынь.З хвіліну Кандрат глядзеў, як каламутна-шэра пацьмянела празрыстая вада, як потым сплыла каламуць і на яе месца з’явілася ружовае. Дурныя печкуры кідаліся да гэтага ружовага, нібы дзяўблі, сплывалі разам з ім па плыні.Хутка вада была ўжо зноў празрыстая. Плынь прыўзняла ногі забітага, і яны слаба варушыліся на перападзе.Кандрат павярнуўся да коней.– А вы чаго будзеце торгацца, бедныя? Ану, давай! Ану!Ён падсунуў плячук пад таратайку і падаў яе ўгору. Колы выскачылі. Коні хвіліну стаялі, а потым павольна пайшлі: без гаспадара туды, куды і з ім.Кандрат злез з адхону і пайшоў па вадзе. Не туды, куды сплывала тое і дзе мітусіліся печкуры, а ў другі бок.Прайшоўшы крокаў сто, ён вымыў вацок і рукі ў сцюдзёнай вадзе і зноў рушыў плынню. Потым пайшоў ярам. Пасля натрапіў на лагчынку з чорнымі люстэркамі вады. Размахнуўся і кінуў вацок разам з тым, што звінела і шалахцела, у чорнае “пушчанскае вока”.Зноў рушыў адхонам. Азірнуўся.На паверхні чорнай вады знікалі кругі...За тыдзень паліцыя і нават Мусатаў са сваіл падначаленым, Буланцовым, ператрэслі ўсё наваколле. Аблавы хадзілі па пушчах, людзі з цяжкасцямі, часам рызыкуючы жыццём, забрыдалі нават на некаторыя выспы сярод дрыгвы.